Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 кастрычнiка 1999 г.


Расейскія войскі набліжаюцца да чэчэнскае сталіцы. Тым часам,у выніку ракетнага абстрэлу ў Грозным загінулі звыш ста чалавек і каля чатырохсот былі параненыя. Расейскія ўлады заяўляюць аб правядзеньні спэцапэрацыі супраць гандляроў зброяй. Між тым, факты сьведчаць пра мірныя ахвяры сярод насельніцтва.

Як паведамілі міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы, магутныя выбухі скаланулі ў чацьвер Грозны. Пад ракетны залп трапілі цэнтральны рынак ды некалькі кварталаў чачэнскае сталіцы.

Вось як апісвае наступствы гэтых выбухаў карэспандэнт агенцтва "Associated Press" у Грозным Руслан Мусаеў. "Цэнтральны рынак Грознага быў літаральна завалены трупамі забітых ды скрываўленымі кавалкамі разарваных целаў пасьля таго, як шэсьць ракетаў выбухнулі сярод гандлёвых шапікаў, ля якіх тоўпілася шмат людзей.
Прынамсі, яшчэ чатыры ракеты выбухнулі ў іншых частках места. Адна зь іх трапіла ў радзільны дом".

Афіцыйны прадстаўнік ураду Ічкерыі Магамад Магамадаў заявіў, што ў выніку загінулі 118 чалавек, і ад трохсот да чатырохсот чалавек параненыя. Паводле ягоных словаў, многія зь іх знаходзяцца ў крытычным стане.

Пакуль няма пацьверджаньня зь незалежных крыніцаў наконт колькасьці ахвяраў.

"Тады было цёмна і, раптам, там усё асьвятлілася ўспышкамі ў паветры. І тады мы пачулі выбухі," – прыводзіць словы аднаго з пацярпелых Амара Мадаева "Associated Press".Карэспандэнт гэтага агентцва сьведчыць.
Кепска абсталяваныя шпіталі ў Грозным ужо запоўненыя параненымі. Лекары, якіх вельмі мала і якія працуюць амаль без мэдыкамэнтаў, робяць апэрацыі пры сьвятле керасінавых лямпаў, бо няма электрычнасьці.
Цяжка параненыя ляжаць у крыві на бруднай падлозе ў калідорах Цэнтральнага шпіталю, дзе не хапае ложкаў.

Між тым, расейскія панцырныя часткі заўважаныя на адлегласьці ўсяго 12 кілямэтраў ад Грознага. Паводле чачэнскіх уладаў, расейскія вайскоўцы былі заўважаныя, нават, бліжэй.

Расейскія ўлады працягваюць упарта адмаўляць сваю датычнасць да бамбаваньня мірнага насельніцтва Чачні цягам вайсковае кампаніі, якая пачалася ў верасьні і абвяргаюць паведамленьні Грознага пра сотні ахвяраў гэтых бамбаваньняў.

Раней у чацьвер расейскія ўлады паведамілі, што дадатковыя федэральныя сілы перайшлі раку Церак і занялі пазыцыі паблізу Грознага.

З колаў вайсковага кіраўніцтва паступаюць супярэчлівыя сыгналы адносна магчымасьці ўводу войскаў у сталіцу Ічкерыі. Згодна з агенцтвам "Интерфакс", які спасылаецца на словы міністра абароны Ігара Сяргеева, Грозны можа быць атакаваны толькі, калі гэта дапаможа дасягнуць больш шырокай мэты зьнішчэньня чачэнскіх баявых атрадаў. Аднак, паводле ягонага намесьніка Уладзімера Тапарова, рана ці позна расейскія войскі ўвойдуць у Грозны.

У ноч на чацьвер расейскія авіяцыя ды артылерыя бамбавалі аб'екты на поўначы ад чачэнскае сталіцы – у прыватнасьці, паселішчы Петрапаўлаўскае і Гарачаводзкае, Талстой-Юрт Грозьненскага раёну, а таксама аб'екты ў Нажай-Юртаўскім, Гудэрмескім і Вядзенскім раёнах Чачні.

Між тым, расейскі прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін даў прэсавую канфэрэнцыю ў Гэльсынікі, куды ён быў запрошаны на сустрэчу кіраўнікоў дзяржаваў Эўразьвязу. Пуцін, у прыватнасьці заявіў, што рынак, зьнішчаны ў выніку ракетных удараў у Грозным, быў нібыта, "рынкам зброі." Такім чынам ён паўтарыў словы кіраўніка прэсавай службы баявой групоўкі расейскіх федэральных сілаў на Каўказе аб тым, што ў Грозным была праведзеная "спэцапэрацыя".

Дарэчы, гэтымі днямі Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ) апублікаваў вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў кастрычніку, якое паказала рост папулярнасьці Пуціна на пяцьдзесят два адосткі ў параўнаньні зь верасьнем. Амаль палова апытаных лічыць, што Пуцін можа стаць прэзыдэнтам Расеі на выбарах у наступным годзе.
Пры тым, перавагу Пуціну аддаюць дзеля ягонай "рашучасьці" ды "валявых якасьцяў", праяўленых у адносінах да Чачні.

Аднак, гэтае ж апытаньне паказвае, што 30 адсоткаў расейсцаў лічаць, што канфлікт можа зацягнуцца і распаўсюдзіцца на ўвесь Каўказ. А яшчэ 19 адсоткаў упэўеныя, што гэтая кампанія скончыцца гэтак жа, як і ў 96-м годзе – паразай федэральных войскаў.

Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG