Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 кастрычнiка 1999 г.


Казімір Яноўскі

(эфір 21 кастрычніка)
Пасьля амаль чатырох месяцаў зьняволеньня былы дырэктар Жлобінскага мэталургічнага заводу Юры Фэактыстаў вызвалены з-пад варты да суду. Мерай стрыманьня яму абраная падпіска пра нявыезд. А іншы вядомы вязень Гомельскае вобласьці, прафэсар Бандажэўскі застаецца пад вартай..

Калі адбудзецца суд у справе Фэакцістава і ці адбудзецца наагул – пакуль невядома. Галоўнага мэталурга Беларусі сьледства, з удзелам службы бясьпекі, абвінавачвае ў злоўжываньні службовым становішчам, якое, нібыта, мела цяжкія наступствы.

Але, як пісала незалежная прэса, арышт Фэактыства трэба разглядаць, хутчэй за ўсё, у сувязі з падзелам сфэраў эканамічнага ўплыву, бо Беларускі мэталургічны завод быў даволі прынадным кавалкам. Цяпер жа, паводле меркаваньня праваахоўчых ворганаў, Феактыстаў ня зможа паўплываць на хаду сьледства і справы прадпрыемства.

На пачатку кастрычніка, са згоды Аляксандра Лукашэнкі, прызначаны новы гэнэральны дырэктар БМЗ – 51-гадовы Вадзім Філіпаў, расеец, які апошнім часам ўзначальваў мэтызную вытворчасьць, а раней (як і Феакцістаў) працаваў на Арлоўскім сталепракатным заводзе.

Паводле дзе-якіх зьвестак апальны Феактыстаў у хуткім часе можа ўзначаліць на БМЗ кордавую вытворчасьць у рангу шараговага дырэктара. Гэткім чынам, лёс Феактыстава, як вязьня, крыху акрэсьліўся.

А вось лёс іншага арыштанта – рэктара Гомельскага мэдычнага інстытуту прафэсара Бандажэўскага выглядае няпэўным.

З ранейшых перадачаў слухачы Радыё Свабода ведаюць, што доктар мэдыцыны, сябра міжнародных акадэміяў навук Юры Бандажэўскі знаходзіўся ў турэмнай лякарні ў Менску з прычыны хваробы страўніку, гіпэртаніі і моцных галаўных боляў.

У адрозьненьне ад Феакцістава яму пакуль так і не зьмянілі меру стрыманьня. Амаль тры з паловай месяцы прафэсар знаходзіцца пад вартай. Цяпер Бандажэўскага перавялі ў ізалятар на Валадарцы.

Як паведаміла жонка арыштаванага прафэсара Галіна Бандажэўская, стан здароўя ейнага мужа не палепшыўся. Да таго ж, яго надзвычай моцна мучыць бяссоньніца. Тым ня менш, на Валадарцы прафэсару не пагадзіліся перадаць некалькі кніжак з сэрыі "Жыцьцё выдатных людзей".

Паводле расповяду жонкі, у камэры прафэсар Бандажэўскі напісаў тры навуковыя артыкулы аб наступствах Чарнобыльскай катастрфы. Аднак, новы сьледчы Гэнэральнай пракуратуры ў так званай справе аб хабарніцтве Вячаслаў Цераховіч і турэмнае начальства пакуль не выпускаюць артыкулы Бандажэўскага на волю.

Занепакоенасьць здароўем і лёсам арыштаванага прафэсара Бандажэўскага праяўляюць розныя сусьветныя арганізацыі. Прэзыдэнт Міжнароднай Мэдычнай акадэміі імя Альбэрта Швэйцара Казімір Імялінскі накіраваў з Варшавы Гэнэральнаму пракурору Беларусі ліст у якім піша наступнае:

"Прафэсара Юрыя Бандажэўскага, сябра нашае Акадэміі, ведаю і высока цаню як маладога, годнага ў навуцы і мэдыцыне чалавека. Перад ім адкрываліся вялікія пэрспэктывы дасягненьняў у навуцы і мэдыцыне. Ці ёсьць магчымасьць, калі ўлічыць цяжкі стан здароўя Бандажэўскага, зьмяніць яму меру ўтрыманьня і вызваліць яго з-пад варты. Навуковая грамадзкасьць будзе Вам удзячная".

На ймя Гэнэральнага пракурора Бажэлкі, Міністра ўнутраных справаў Сівакова, а таксама пэрсанальна Аляксандару Лукашэнку даслала лісты і Ню-Ёркская Акадэмія навукаў, сябрам якой таксама зьяўляецца прафэсар Бандажэўскі.

Старшыня камітэту правоў чалавека згаданай Акадэміі спадар Джозэф Бірман выказаў боязь за стан здароўя Юрыя Бандажэўскага. Спадар Бірман заклікае беларускае кіраўніцтва да гуманных адносінаў у дачыненьні да прафэсара Бандажэўскага.

XS
SM
MD
LG