Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стальмак

(эфір 21 кастрычніка)
Гэтымі днямі крытычнае становішча ў Беларусі склалася вакол забесьпячэньня насельніцтва звадкаваным газам. У выніку тысячы хатніх гаспадыняў на вёсьцы і, нават, у многіх гарадох ня могуць карыстацца плітамі, каб гатаваць ежу. Дэфіцыт газу вымушае пэўную частку жыхароў вярнуцца да печаў і дроваў, што яшчэ нядаўна юыло атрыбутам старой і нецывілізаванай эпохі.

Сігналы пра зьнікненьне звадкаванага газу зараз паступаюць фактычна з усіх раёнаў Беларусі. Газавыя гаспадаркі ў многіх месьцах спынілі выкананьне заявак грамадзянаў на балёны з бутана-прапанавай сумесьсю, што трывала ўвайшлі ў сёньняшні побыт беларускага жыхарства. Адсутнасьць газавых балёнаў выклікае зразумелае абурэньне насельніцтва, паколькі яго не натхняе альтэрнатыва вяртаньня да печаў. Тым болей, што ў гарадох многія ўжо й ня маюць гэтых печаў.

Што тычыцца вяскоўцаў, дык вялікая частка іх, як вядома, таксама аддала перавагу газавым плітам і тым самым змякчыла для сябе праблему нарыхтоўкі дроваў. Падобна, аднак, на тое, што бяз печаў у бліжэйшы час ім усё ж не абыйсьціся.

У дзяржаўным канцэрне "Белпалівагаз" не хаваюць трывогі з нагоды цяперашніх цяжкасьцяў. У прыватнасьці, намесьнік начальніка ўпраўленьня гэтага канцэрну Уладзімер Паўлюць у гутарцы са мной назваў наступныя прычыны недахопу ў краіне звадкаванага газу.

(Паўлюць: ) "Гэта зьвязана з тым, што ў Беларусі Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод месяц стаяў на капітальным рамонце. Гэта – па першае. А па другое, практычна, ня было паставак звадкаванага газу з Расеі.

З Расеі ж нам пастаўляецца 50 адсоткаў ад рэспубліканскіх патрэбаў. Звадкаваны газ ці бутана-прапанавая сумесь зьяўляюцца прадуктам, што спадарожнічае здабычы ці перапрацоўцы нафты. Беларускія заводы працуюць у асноўным на нафце, якая пастаўляецца з Расеі. Між тым, як вядома, здабыча ў Расеі нафты і яе пастаўкі нам скарачаюцца".

Такім чынам, цяперашні дэфіцыт звадкаванага газу справакаваны нафтавым голадам, спробы пераадолець які пакуль што, варта нагадаць, не прынесьлі плёну.

Між тым, газ у апошнія месяцы падаражэў на ўсясьветным рынку. Адна тона яго каштуе цяпер звыш двухсот даляраў. Амаль па такой жа цане гандлюе ім і Расея.

За год насельніцтва Беларусі, паводле інфармацыі канцэрну "Белпалівагаз", спажывае трыста тысяч тон звадкаванага газу. Валютны кошт іх – дзесяткі мільёнаў даляраў. Вядома, аднак, што на кожны такі мільён у краіне шмат прэтэндэнтаў. І няма ніякай упэўненасьці, што першымі сярод іх будуць спажыўцы газу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG