Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 кастрычнiка 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 21 кастрычніка)
Беларусь стала першай на постсавецкай прасторы краінай, у якой дэнамінацыя праводзіцца ўжо другі раз. Дэнамінацыя зьяўляецца чыста тэхнічнай працэдурай толькі на першы погляд. На самай справе гэта нясе значныя складанасьці для насельніцтва. Дэнамінацыя таксама зьяўляецца спробай урада вырашыць некаторыя эканамічныя праблемы, у якіх ен заблытаўся.

Нацыянальны банк абвесьціў, што дзеля зручнасьці насельніцтва новыя купюры будуць падобнымі на тыя, што ходзяць у Беларусі цяпер.

Аднак, абмен старых грошай на новыя пачнецца толькі праз год. Наогул, працэс дэнамінацыі і паступовы абмен грошай зойме тры гады. Але ж, здаецца, ніхто ня думае пра тое, як людзям прыйдзецца разьлічвацца ў крамах і колькі пры гэтым будзе былтаніны. Паніка ў беларускіх крамах яшчэ не пачалася, аднак курс беларускага рубля адносна даляра значна зьнізіўся – амаль да 700 тысячаў рублеў за даляр.

Відавочна, што пра насельніцтва беларускае кіраўніцтва згодна з традыцыяй не клапацілася. Навошта ж было тэрмінова рабіць дэнамінацыю? Сакрэт хутчэй за ўсе ў тым, што зараз у Беларусі працуе місія Міжнароднага Валютнага Фонду. Адной з умоваў Фонду зьяўляецца значнае памяншэньне эмісіі.

І сапраўды ў бюджэце на наступны год закладзеная вельмі малая эмісія. Аднак, беларускі ўрад ня можа не друкаваць грошы. Дэнамінацыя дазволіць яму зрабіць эмісію, фактычна, бескантрольнаю. У такіх выпадках вельмі складана прасачыць, колькі менавіта грошай было дадрукавана. У свой час Расея зрабіла дэнамінацыю па аналягічных прычынах. Такая хітрасьць стала адной з прычынаў грашовага крызісу мінулага году.

Застаецца яшчэ адно пытанне – навошта Беларусі зараз патрэбна выконваць умовы МВФ? Раней кіраўніцтва краіны гэтага не рабіла і ў дадатак абвяшчала, што добра сябе пры гэтым адчувае.

Аднак 2000 год будзе асаблівым: прыйдзецца вяртаць МВФ асноўную частку запазычанасьці. Дагэтуль Беларусь плаціла толькі адсоткі. Калі кіраўніцтва краіны ня зможа разьлічыцца па запазычанасьці, краіна можа быць абвешчаная банкрутам. Таму патрэбныя і грошы, і добрыя стасункі з МВФ.

Дарэчы, правядзенне дэнамінацыі таксама зьяўляецца адной з рэкамэндацыяў фонду, аднак, яе плянавалася зрабіць толькі пасля перамогі над інфляцыяй.

XS
SM
MD
LG