Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Кiраўнiк кансультацыйна-манiторынгавай групы АБСЭ ў Менску Ганс Георг Вiк выступiў із прапановаю ўключыць так званае беларускае пытаньне ў парадак дня блiжэйшага паседжаньня Пастаяннай Рады АБСЭ..

Падчас апошняга паседжаньня Кансультацыйнай Рады апазыцыйных палiтычных партыяў, якое праходзiла ўвечары 20 кастрычнiка ў Менску, кiраўнiк кансультацыйна-назiральнай групы АБСЭ у Беларусi Ганс Георг Вiк паведамiў, што выступiў із iнiцыятываю ўключыць у парадак дня блiжэйшага паседжанньня Пастаяннай Рады Арганiзацыi Бяспекі i Супрацоўнiцтва ў Эўропе разгляд так званага беларускага пытаньня. Больш таго, паводле зьвестак, якiя я атрымаў у КНГ АБСЭ, 21 кастрычнiка спадар Вiк выляцеў у Вэну.

Менавiта ў сталiцы Аўстрыi знаходзiцца Штаб-кватэра Арганiзацыi Бяспекі i Супрацоўнiцтва ў Эўропе. I менавiта ў гэтыя днi Сакратарыят рыхтуе чарговае паседжаньне Пастаяннае Рады АБСЭ, у парадак дня якога, як чакаецца, будзе ўключана i гэтак званае "беларускае пытанне".

Зь Вэны ўжо прыйшло паведамленьне, што гэта пасяджэньне абавязкова будзе папярэднiчаць самiту кiраўнiкоў дзяржаваў, якiя ўваходзяць у АБСЭ. Нагадаем, што гэты самiт, заплянаваны на 24 лiстападу, пройдзе ў Стамбуле.

Паводле спадара Вiка, неабходнасьць разгледзець беларускае пытаньне ўзнiкла пасля правядзеньня "Маршу Свабоды". Кіраўнік групы АБСЭ паведаміў, што яшчэ да падзеяў 17 кастрычнiка ў Менску, ён зьвяртаўся зь лiстом да старшынi Менскага гарвыканкаму Уладзiмера Ярмошына з просьбай дазволiць правядзеньне маршу ў тым выглядзе, у якiм прасiлi ягоныя арганiзатары. Аднак гарадзкiя ўлады не прыслухаліся да гэтае просьбы.

Пра ўсё гэта пасол Вiк мае намер паведамiць сябрам Пастаяннай Рады АБСЭ. Ён таксама паведамiў, што "група АБСЕ пастаянна адсочвае сытуацыю ў Беларусi, каб пра ўсё iнфармаваць Вэну".

Вельмi важнай зьяўляецца i наступная акалiчнасьць. Спадар Вiк паведамiў, што ня мае намеру настойваць на тым, каб паседжаньне Пастаяннай Рады АБСЭ адбылося як мага хутчэй. Такую пазыцыю ён патлумачыў тым, што "вельмi пажадана, каб пастанова па беларускім пытаньні была прынятая аднагалосна, а для гэтага патрэбны пэўны час".

Калi нехта з сяброў Кансультацыйнае Рады апазiцыйных палiтычных партыяў заўважыў, што ня верыць у тое, што Расея падтрымае такую рэзалюцыю, Вiк пракамэнтаваў яе наступным чынам: «Даўгоў абяцаў, што Расея падтрымае яе» (Даўгоў – гэта амбасадар Расеi ў Беларусi).

Але пры гэтым расейскi амбасадар прасiў не сьпяшацца, паколькi хацеў бы атрымаць пэўныя гарантыi падтрымкi ад мiнiстра замежных справаў Расеi Iгара Iванова, якi зараз надзвычай заняты вiзытам ў Фiнляндыю расейскага прэм'ера Уладзiмера Пуцiна.

Тут самы раз дадаць, што менавiта Фiнляндыя зараз старшынюе ў iншай мiжнароднай арганiзацыi – Эўразьвязе. Свайго прадстаўнiцтва ў Менску краiна Суомi ня мае, i таму ейныя iнтарэсы ў Беларусi прадстаўляе амбасада Францыi. 22 кастрычнiка кiраўнiк дыпляматычнай мiсii Францыi ў Беларусi спадар Фасье паведамiў, што краiны Эўразьвязу прынялi адпаведную заяву пра становiшча ў Беларусi. Яны незадаволеныя аднабаковым тлумачэньнем афiцыйнымі уладамі падзеяў, што адбылiся ў Менску 17-га кастрычнiка. Эўразьвяз прапануе усталяваць атмасфэру даверу у беларускiм грамадстве, безь якой перамоўны працэс ня мае шанцаў на поспех.

Адначасова спадар Фасье паведамiў i пра тое, што вiзыт так званай тройкi Эўразьвязу ў Беларусь, якi ужо двойчы пераносiўся, магчыма, адбудзецца 1 i 2 лiстападу. Верагоднасьць таго, што вiзыт адбудзецца менавiта ў гэты тэрмiн, узрасьце ў тым выпадку, калi беларускiя ўлады зробяць крокi у накiрунку стварэньня атмасфэры ўзаемнага даверу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG