Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску былі затрыманыя два непаўналетнія распаўсюджвальнікі спэцвыпуску газэты "Навіны". Міліцыянты абвінавацілі 17-гадовых Алеся Юрына і Алеся Семянюка ў тым, што яны нібыта незаконна гандлявалі незарэгістраванай газэтай, і тры з паловай гадзіны пратрымалі іх ў пастарунку. Супрацоўнікі Маскоўскага РАУСу спрабавалі затрымаць і галоўнага рэдактара "Навінаў" Паўла Жука.

Участковы інспэктар разам з двума міліцыянтамі прыйшлі сёньня днём на кватэру галоўнага рэдактара "Навінаў" Паўла Жука, каб затрымаць яго і даставіць у суд. Улады шукаюць Паўла, як аднаго з арганізатараў "Маршу Свабоды" 17 кастрычніка. Аднак, да сябе ў кватэру няпрошаных гасьцей Жук не пусьціў, і міліцыянты, склалі пратакол стоячы пад дзьвярыма і сыйшлі зь нічым. Цяпер галоўны рэдактар "Навінаў" вымушаны хавацца ад перасьледу ў невядомым месцы.

Пра тое, што адбывалася каля кватэры Паўла Жука, распавядае ягоны сын Дзьмітры.

(Дзьмітры Жук: ) "Было заданьне, каб праверыць, ёсьць ён дома, ці не. Пад'ехала машына, мне здаецца, што нехта тэлефанаваў і таму яны зайшлі. Я проста выйшаў да іх і сказаў, што не адчынім дзьверы. Яны хацелі зайсьці ў хату паглядзець, ці ёсьць Жук, ці няма. Яны склалі пратакол і сышлі".

(Карэспандэнт:) "Ці ня зьвязваеце вы актывізацыю пошукаў вашага бацькі з выхадам сёньняшняга спэцвыпуску газэты "Навіны?"

(Дзьмітры Жук: ) "Не, ня зьвязваю. Пасьля 17 кастрычніка разоў сем прыходзілі".

А падлеткаў затрымалі а 9-ай гадзіне раніцы каля станцыі мэтро "Фрунзенская". Юрын і Семянюк раздавалі мінаком спэцвыпуск "Навінаў", аддрукаваны напярэдадні 100-тысячным накладам у падмаскоўным горадзе Падольску.
Нагадаю, што гэты нумар "Навінаў" цалкам прысьвечаны падзеям вакол "Маршу Свабоды" 17-га кастрычніка.

Падлеткі ўжо пасьпелі раздаць больш за тысячу асобнікаў газэты, калі да іх падышлі двое супрацоўнікаў у цывільным і затрымалі. Міліцыянты канфіскавалі ў падлеткаў тысячу нумароў "Навінаў" і на грамадзкім транспарце даставілі затрыманых у інспэкцыю ў справах непаўналетніх Фрунзенскага РАУСу.

Паводле словаў аднога з затрыманых, Алеся Юрына, міліцыянты спачатку спрабавалі даведацца, дзе падлеткі ўзялі столькі газэтаў, і хто даручыў ім распаўсюджваць "Навіны". Аднак хлопцы ня ў чым прызнавацца не зьбіраліся, і тады супрацоўнік інспэкцыі, лейтэнант Кур'ян, абраў іншую тактыку.

Ён прыгразіў скласьці на Юрына і Семянюка пратаколы пра быццам бы незаконны гандаль і пакараць іхных бацькоў вялікімі грашовымі штафамі. Падлеткі, аднак, заявілі, што абвінаваціць іх у незаконнай камэрцыйнай дзейнасьці ня ўдасца, бо газэту яны раздавалі бясплатна. Тады лейтэнант аформіў пратакол канфіскацыі і паведаміў, што накіруе газэты ў пракуратуру, каб пракуроры далі сваю ацэнку адносна законнасьці выпуску гэтага нумару "Навінаў".

Пракурорскіх супрацоўнікаў чакае нялёгкая задача, бо газэта "Навіны" юрыдычна не спыняла свайго існаваньня і па-ранейшым застаецца зарэгістраванай у Дзяржкамдруку пад нумарам 996.

Хлопцаў выпусьцілі з пастарунку толькі праз тры з паловай гадзіны, калі туды прыехала маці аднаго з затрыманых.

Тым часам, як паведаміла кіраўнік групы прыватных распаўсюджвальнікаў Галіна Юрына, сёньня ў першай палове дню было раздадзена больш за палову 100-тысячнага накладу спэцвыпуску "Навінаў". На думку сп. Юрынай, увесь наклад будзе распаўсюджаны да заўтрашняй раніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG