Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Каля дваццаці заяваў накіравана на імя гарадзкога пракурора Менску ў сувязі з фактамі жорсткага зьбіцьця і катаваньняў, якія ўжываліся супрацоўнікамі АМОНу ў дачыненьні затрыманых пасьля "Маршу Свабоды". Пра гэта было заяўлена на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, якую наладзілі прадстаўнікі беларускіх парваабарончых арганізацыяў.

Пакуль толькі 20 зьбітых удзельнікаў маніфэстацыі 17 кастрычніка зьвярнуліся да гарадзкога пракурора Купрыянава з просьбай узбудзіць крымінальныя справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў АМОНу, якія пасьля акцыі ўжывалі да затрыманых мэтады катаваньня. Гэтая лічба можа быць значна большай, бо пакуль людзі яшчэ адбываюць пакараньне ў спэцразьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Некаторыя зьбітыя проста баяцца засьведчыць пабоі. Пра гэта на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі заявіў старшыня праваабарончай арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак. Копіі скаргаў зьбітых накіраваныя ў камісыю ААН ў пытаньнях катаваньняў, а таксама кіраўніку менскае міліцыі Тарлецкаму.

Паводле словаў старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Алеся Бяляцкага, які быў адным із заяўнікаў "Маршу Свабоды", зараз стаў відавочным той факт, што менавіта сілавыя структуры справакавалі падзеі 17 кастрычніка.

(Бяляцкі: ) "Акцыя сутыкненьня дэманстрантаў зь міліцыяй была сплянаваная міліцыяй. Проста быў загад: для таго, каб паказаць апазыцыю ў адпаведным сьвятле – спляжыць апазыцыю, быў загад справакаваць гэтыя бойкі – гэта першае. Другое: неадэкватнае абыходжаньне супрацоўнікаў міліцыі із затрыманымі падчас затрыманьня, што зьяўляецца крымінальнай справай, зьяўляецца парушэньнем іхніх унутраных інструкцыяў".

Факты зьдзекаў, якія былі агучаныя на прэсавай канфэрэнцыі, называліся адным словам – катаваньні. Натальля Маковік – сябра "Малодога Фронту", якой учора прысудзілі штраф у 35 мільёнаў рублёў, распавяла наступнае.

(Маковік: ) "А першай гадзіне начы мяне павялі на разгляд да намесьніка старшыні Савецкага РАЎСу спадара Гусінскага. Перада мной туды якраз трапіла маскоўская журналістка Анастасея Казахава (яна працуе ў маладзёжнай маскоўскай газэце), і тады там гэты спадар Гусінскі прапанаваў ёй распрануцца, паказаць ейную фігуру, яна адмовілася, і ён пачаў біць яе па галаве. Разьбіў ёй лоб. Яна пачала крычаць: "Дапамажыце!" Ён быў абсалютна нецьвярозы: перагар быў у пакоі, ён бясконца піў каву, паліў…

Партыямі АМАПаўцы пачалі нас перавозіць на Акрэсьціна. Я сама была сьведкай таго, як хлапцоў, у тым ліку спадара… Калі іх адвозілі, іх ставілі на расьцяжку яшчэ ў РАЎСе. АМАПаўцы падыходзілі, апрацоўвалі па бакох дубінкамі і нагамі. Пасьля гэтага па адным чалавеку канвой вёў іх у аўтобус, і далей я ня ведаю што там адбывалася… Аднак, я чула крыкі".

Пра тое, што із затрыманымі рабілі супрацоўнікі АМОНу ў аўтобусе ў часе перавозкі на Акрэсьціна, на прэсавай канфэрэнцыі распавёў Уладзімір Чарноў, які толькі выйшаў пасьля трох суткаў арышту.

(Чарноў: ) "А шостай гадзіне раніцы ў памяшканьні партызанскага РАЎС, дзе мы знаходзіліся, як затрыманыя ў парку імя Горкага, да суду. Уварвалася спэцпадразьдзяленьне АМОН і з крыкамі "Рукі за галаву! У аўтобус!" пачалі зьбіваць кулакамі й дубінкамі – прапускаць праз шэраг. Сярод нас былі дзьве дзяўчыны. Адна зь іх тут якраз распавядала. Але і зь імі абыходзіліся…

Напаўсонных людзей (гэта шостая гадзіна раніцы) зьбівалі па адным. Прычым білі ўсе амонаўцы адразу. Пасьля гэтага ў праходзе аўтобусу ўсіх звалілі аднаго на другога і наверх закінулі дзьвюх жанчынаў. У той самы час працягвалі біць па галовах. Плювалі. Спрабавалі мачыцца. Пагражалі мужчынаў "апусьціць" сваімі дубінкамі, а жанчынаў згвалціць. Калі ўнізе пачалі задыхацца, яны пачалі крычаць, што зараз вывезуць усіх у лес і закапаюць як усіх апазыцыянэраў – усіх, хто супраць Лукашэнкі.

Пакуль аўтобус ішоў, яны прымушалі жанчын, якія плакалі, гучна сьпяваць песьні, у тым ліку: "В траве сидел кузнечик". Зьбітых мужчынаў, якія ляжалі ў самых нязручных позах адзін на адным, прымушалі падпяваць. Але немагчыма было нават дыхаць.

Яны пачалі скакаць на тых, што ляжалі ў праходзе аўтобусу (ПАЗ – маленькі такі аўтобус). Тых, што не маглі сьпяваць – білі дубінкамі. Пасьля ўдару па галаве я на час страціў прытомнасьць. Тады мяне выцягнулі і двое ламалі рукі, а трэйці піхаў і пракручваў у глотцы гумовую дубінку. Адпусьцілі мяне – думалі, што задушылі – калі ўжо пачаў хрыпець. Пасьля гэтага пасадзілі ўсіх на кукішкі і пачалі крычаць ізноў, што ўсіх нас закапаюць. Ад жанчынаў патрабавалі паказваць стрыптыз. На самым блатным жаргоне абражалі нас і ўсіх апазыцыйных палітыкаў.

Калі я сказаў, што ведаю сяго таго зь іхнага начальства, яны крычалі, што і Сівакоў для іх – ніхто. Прызнаюць толькі Лукашэнку. Толькі тады я зразумеў, што гэта фашысты".

Зьбіты Уладзімір Чарноў напісаў адкрыты ліст міністру ўнутраных справаў Юрыю Сівакову. Пад лістом паставілі подпісы 60 зьбітых.

На прэсавай канфэрэнцыі было паведамлена, што 6-ы дзень трымае галадоўку пратэсту ў камэры сьледчага ізалятару лідэр "Народнай Грамады" Мікола Статкевіч, супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа і якому пагражае да 3-х гадоў зьняволеньня.

Адміністрацыя сьледчага ізалятару абяцае прымяніць гвалтоўнае кармленьне ў выпадку, калі Статкевіч не пачне есьці самастойна. Жонцы Статкевіча Валянціне дазволена быць грамадзкім абаронцам. Пра гэта паведаміла намесьніца старшыні "Народнай Грамады" Ніна Стужынская.

Учора быў вызвалены пад падпіску аб нявыязьдзе Андрэй Валабуеў, на якога ўзбуджаная крымінальная справа.

Нагадаю, што ўсяго ўзбуджана 5 крымінальных справаў. 20-гадоваму Глебу Догілю і 19-гадоваму Герману Сушкевічу пагражае выключэньне з ВНУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG