Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 кастрычнiка 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Чатыром іранскім студэнтам пагражае сьмяротнае пакараньне за абразу іслямскай веры. Публікацыя сатырычнай п'есы ў студэнцкім часопісе стала падставай судовага працэсу . Ён атрымаў шырокі рэзананс у краіне..

Героем сатырычнай п'есы быў абраны дванаццаты Імам – сакральная фігура ў шыіцкай галіне ісляму. І хаця часопіс мае каля паўтары сотні чытачоў, п'еса атрымала шырокі розгалас і стала новым крокам у нацыянальным супрацьстаяньні.

Іслямская краіна падзеленая дылемай – трэба ці не трэба Ірану прыймаць сучасную інтэрпрэтацыю рэлігіі. Наконт гэтага спрачаюцца два лягеры – кансерватыўны і рэфарматарскі. Клерыкалы падвяргаюць вострай крытыцы ў першую чаргу прэзыдэнта Хатамі. Яго падазраюць ў прыхільнасьці да рэфарматаў, якія быццам зьневажаюць іслямскія святыні.

Студэнты ж у сваёй п'есе ўсяго толькі хацелі паказаць, што цьвёрдыя прыхільнікі традыцыйнага ісляму на самой справе не такія шчырыя ў сваёй веры. Аднак, гэты гумар быў расцэнены як блюзьнерства. Студэнты абвінавачаныя ў зьнявазе ісляму, што разглядаецца як крымінальнае злачынства. Ім пагражае сьмяротнае пакараньне.

Адзін з аўтараў п'есы Алі Абас Немаці ў сераду ў перапоўненай зале суду расплакаўся, спрабуючы абараніць сябе ад цяжкіх абвінавачаньняў. Ён сьцвярджаў, што служыў інтарэсам рэлігіі. Толькі ў выпадку, калі адвакатам студэнтаў удасца пераканаць суд, што іх падабаронныя не хацелі зьняважыць прынцыпы ісляму, яны могуць разьлічваць на мягчэйшае пакараньне – ад аднаго да пяці гадоў турмы.

Аднак, як адзначае сёньня газэта "International Herald Tribune", перадузятае стаўленьне судзьдзі было відавочнае. Да таго ж, на судзе не прысутнічалі прысяжныя, хаця гэта і прадугледжана іранскім законам. Газэта таксама адзначае, што незабытая гісторыя з кнігай Салмана Рушдзі таксама не на карысць студэнтаў. Іслямісты-клерыкалы параўноўваюць студэнтаў з Рушдзі і настойваюць на тым, што яны таксама павінны быць пакараныя.

Нагадаю, імя Рушдзі, аўтара "Сатанінскіх вершаў", застаецца вялікім раздражняльнікам для іранцаў. Іранскі ўрад нядаўна абвесьціў, што ён ня мае намеру прыводзіць у выкананьне сьмяротны вырак "фатвы" – які быў вынесены Рушдзі папярэднім аяталой Руголам Хамейні дзесяць гадоў таму.

Рушдзі ўвесь гэты час бясьпечна жыве ў эміграцыі і апошнім часам, нават, адважваецца на правакацыйныя візыты. Так, рушдзі заявіў, што ён збіраецца наведаць Францыю у гэтым месяцы, якраз у часе афіцыйнага візыту ў краіну прэзыдэнта Хатамі. У сакавіку Рушдзі наведаў Італію, таксама адначасова з візітам іранскага прэзідэнта.

Справа студэнтаў, якіх абвесьцілі пасьлядоўнікамі Рушдзі, павінна быць вырашаная на працягу сямі дзён. Паведамляецца, што прадстаўнікі офісу цяперашняга духоўнага лідара краіны аяталы Алі Хамейні прасілі суд памілаваць студэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG