Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Ўчора, сядзібу нашага Радыё ў Празе наведаў прэзыдэнт Чарнагорыі Міло Дзюканавіч. Улічваючы пазыцыю, якую ў дачыненьні да Бялграду займаюць цяперашнія ўлады Чарнагорыі, прысутных на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі найбольш цікавілі пытаньні магчымага выхаду Чарнагорыі са складу Югаслаўскае Фэдэрацыі.

Многія чарнагорцы задаюцца цяпер пытаньнем – што рабіць, заставацца ў складзе фэдэрацыі, ці выйсьці зь яе?
Ў адрозьненьне ад прэзыдэнта Мілошавіча, кіраўніцтва Чарнагорыі, відавочна, абрала шлях дэмакратыі ды рынкавай эканомікі.

Прэзыдэнт Міло Дзюканавіч настойліва выказваецца за тое, каб Югаславія ператварылася ў вольную канфэдэрацыю двух краінаў. Ў адпаведнасьці зь ягоным плянам, саюзныя рэспублікі былі б самастойнымі ў галіне эканомікі, абароны і зьнешняй палітыкі. Ў выпадку калі б Бялград не пагадзіўся з гэтым плянам, ўлады Чарнагорыі гатовыя пайсьці на поўны выхад са складу Фэдэрацыі.

Ўчора прэм'ер Чарнагорыі Філіп Вуянавіч сказаў, што рашэньне аб тым, ці заставацца у складзе Югаславіі, ці рухацца ў напрамку незалежнасьці, павінен прыняць сам народ.

У мінулыя выхадныя міністар замежных справаў Бранко Пэровіч быў больш канкрэтны і сказаў, што рэфэрэндум ў пытаньні незалежнасьці адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні. Ён адзначыў, што толькі на працягу апошняга месяца югаслаўскі дынар абясцэніўся на 30%, і цярплівасьць чарнагорцаў канчаецца. Дэвальвацыя нацыянальнае валюты часткова была спрычыненая тым, што спрабуючы латаць бюджэтны дэфіцыт, югаслаўскія ўлады пачалі друкаваць пустыя грошы.

Гутаркі пра незалежнасьць Чарнагорыі выклікалі злосную рэакцыю з боку Бялграду. Прэм'ер Мамір Булатавіч перасьцярог, што ў выпадку спробы аддзяленьня саюзнай рэспублікі, супраць Падгорыцы будзе ўжытая армія.

Настроі сярод 600 тысяч жыхароў Чарнагорыі – мяшаныя. Этнічныя сэрбы рашуча супраціўляюцца выхаду са складу фэдэрацыі, а некаторыя аглядальнікі прадказваюць, нават, сутычкі ў часе рэфэрэндуму. На наступным тыдні прадстаўнікі двух бакоў паўторна сустрэнуцца дзеля перагляду узаемадачыненьняў.

На думку прэзыдэнта Дзюканавіча, зараз перад рэспублікай стаіць выбар адной з двух магчымасьцяў.

(Дзюканавіч: ) "Людзі могуць абраць шлях эканамічных і дэмакратычных рэформаў, прапанаваных цяперашнім ўрадам, або шлях, прапанаваны Мілошавічам, які азначае ізаляцыю, асабістую дыктатуру і эканамічны спад, які назіраецца сёлета. Нашая галоўная мэта - ня выхад са складу фэдэрацыі, але разьвіцьцё мірнага суіснаваньня ў рамках Югаславіі".

Дзюканавіч адзначыў, што ягоны ўрад будзе працягваць дэмакратычныя рэформы разам са сваім партнэрам па фэдэрацыі – Сэрбіяй, або безь яе. Адначасова прэзыдэнт Чарнагорыі пакляўся, што зробіць ўсё магчымае, каб пазьбегнуць канфлікту, хаця й цярплівасьць ягонай рэспублікі мае свае межы. Калі Мілошэвіч будзе працягваць сваю палітыку, – сказаў прэзыдэнт, – дзеля яе Чарнагорыя ня будзе ахвяроўваць сваёй будучыняй.

Нямецкая газэта "Die Welt" адзначае, што Злучаныя Штаты і Захад cпрабуюць пераканаць ўлады Чарнагорыі паўстрымацца з рашэньнем наконт сваёй будучыні, каб даць час на перамогу сэрбскай апазыцыі. Аднак, на думку Дзюканавіча, час не працуе на карысьць сэрбскай апазыцыі. Ён, хутчэй за ўсё, ўмацоўвае ўладу прэзыдэнта Мілошэвіча.

(Дзюканавіч: ) "Мілошавіч спрабуе скарыстаць нацыяналістычныя настроі сярод этнічных сэрбаў ў Чарнагорыі гэтак, як раней, у 92-м годзе, ў Харватыі й Босьніі".

Дзюканавіч выказаў перакананьне, што гэтым разам аддзяленьне Чарнагорыі ня выкліча кровапралітнае вайны.

Што праўда, мясцовыя Сэрбы спадзяюцца, што Мілошавіч дапаможа ім, але й дэмакратычнымі сіламі ў Чарнагорыі цяжка маніпуляваць.

Тым болей, – адзначыў Дзюканавіч, –што міжнародная супольнасьць мае на Балканах тысячы сваіх вайскоўцаў, якія ў стане прадухіліць чарговы канфлікт.

XS
SM
MD
LG