Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 20 кастрычніка)
Пасьля заканчэньня "Маршу Свабоды" міліцыянты затрымалі шмат падлеткаў. Цяпер ім пагражае пастаноўка на ўлік у міліцыю разам з п'яніцамі, хуліганамі і зладзеямі, а таксама адлічэньне з прэстыжных гімназыяў, каледжаў і ВНУ..

Паводле інфармацыі сталічнага ўпраўленьня ўнутраных справаў, пасьля сутычкі дэманстрантаў зь міліцыяй каля Сьвіслачы было затрымана 25 непаўналетніх удзельнікаў шэсьця. Супрацоўніца прэсавай службы паведаміла мне, што ў пастарунках іх пратрымалі ня больш за 2-3 гадзіны, пасьля чаго перадалі бацькам. Цяпер паводзіны гэтых дзяцей будуць разглядаць камісыі па справах непаўналетніх, і прымаць адпаведныя захады.

Паводле словаў супрацоўніцы ГУУС, бацькам падлеткаў выпішуць штрафы, а саміх дзяцей паставяць на ўлік у міліцыю і паведамяць пра іхныя паводзіны па месцы вучобы. Ці адлічаць іх са школаў і каледжаў – гэта, як паведамілі ў міліцыі, справа адміністрацыяў гэтых навучальных установаў.

Паводле інфармацыі зь незалежных крыніцаў, 17-га кастрычніка было затрымана больш за 60 непаўналетніх. Гэты факт пацьвярджае і супрацоўнік менскай праваабарончай арганізацыі "Вясна-96" Валянцін Стэфановіч. Паводле словаў сп. Стэфановіча, толькі ў Савецкім райаддзеле міліцыі ўвечары 17-га утрымлівалася 12 падлеткаў.

Прычым, намесьнік начальніка гэтага пастарунку заявіў бацькам затрыманых, якія стаялі на ганку РАУСу, што іхных дзяцей ніхто на волю не адпусьціць. Валянцін Стэфановіч гаворыць, што частку гэтых падлеткаў, якія прыехалі для ўдзелу ў акцыі зь іншых гарадоў Беларусі, зьмясьцілі ў дзіцячы прыймальнік-разьмеркавальнік. Супрацоўнік "Вясны-96" таксама не выключае, што ў адносінах да некаторых падлеткаў, пасьля прагляду відэаматэрыялаў, сьледчыя могуць узбудзіць крымінальныя справы.

А тым часам ўлады шырока выкарыстоўваюць удзел непаўналетніх у сутычцы зь міліцыяй, каб дыскрэдытаваць апазыцыйных лідэраў. Маўляў, Статкевіч ды іншыя выкарысталі дзіцячую несьвядомасьць, сутыкнулі іх ілбамі з аднагодкамі ў міліцэйскай форме.

Дзеяньні дэманстрантаў ужо асудзіў прэзыдэнцкі Патрыятычны саюз моладзі і 1800 вучняў Мсьціслаўскага раёну. На школьных сходах мсьціслаўскія дзеці пад наглядам настаўнікаў асуджалі дзяцей менскіх, а таксама накіравалі ліст пратэсту дэпутату расейскай Дзярждумы Вользе Беклямішчавай, якая абараняла падлеткаў-дэманстрантаў.

Але ці сапраўды непаўнагадовыя ўдзельнікі маршу былі бяздумным інструмэнтам у руках палітыкаў. Вось меркаваньне на гэты конт супрацоўніка "Вясны-96" Валянціна Стэфановіча:

(Стэфановіч: ) "Ніхто нікога не падбіваў. Проста расьце новая гэнэрацыя людзей. Яна вельмі розьніцца, скажам, ад майго пакаленьня 25-30-гадовых. Гэтыя людзі больш разьняволеныя. Яны атрымліваюць больш інфармацыі. Яны больш сучасныя. І, зразумела, яны раней сталеюць і пачынаюць разумець што да чаго.

І хоць гэтыя людзі яшчэ непаўнагадовыя, але яны таксама маюць нейкую сваю пазыцыю. Я лічу, яны сьвядома выходзілі на гэтую дэманстрацыю".

У офіс "Вясны-96" ужо зьвярнуліся некалькі студэнтаў менскіх ВНУ, якія сьцьвярджаюць, што адміністрацыі ўнівэрсытэтаў зьбіраюцца адлічаць іх адразу ж пасьля таго , як у дэканаты на іх прыйдуць пратаколы зь міліцыі.

Каб хоць нейкім чынам абараніць гэтых дзяцей ад магчымых рэпрэсыяў, прадстаўнікі "Вясны-96" зьвярнуліся па дапамогу да кіраўніка кансультацыйна-наглядальнай групы АБСЭ ў Менску Ганса Гэорга Віка.

XS
SM
MD
LG