Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 кастрычнiка 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 20 кастрычніка)
Сёння у Савецкім судзе Менску дэпутат Вярхоўнага Савету, намесьнік Старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька быў засуджаны да 10 сутак адміністрацыйнага арышту як арганізатар "Маршу Свабоды".

Судзьдзя Руслан Казадаеў учора вымушаны быў перанесьці разгляд справы з-за таго, што Лябедзька заявіў некалькі хадайніцтваў. У прыватнасці, ён патрабаваў прыкласьці да справы відэастужку. Сёньня відэастужка зьявілася у судовай зале.

Пасьля прагляду відэаматэрыялаў высьвятлілася, што Лябедзька і сапраўды ў шэсьці ня ўдзельнічаў. Тады судзьдзя пацікавіўся, якім чынам ён, як арганізатар, намагаўся прадухіліць несанкцыянаванае шэсьце. І, калі высьветлілася, што Лябедзька не рабіў заклікаў разыйсьціся, – гэта і зрабілася асноўным аргумэнтам у доказе віны апазыцыйнага лідэра.

У судовым паседжаньні Анатоль Лябедзька паведаміў, што раніцай напярэдадні шэсьця да яго прыйшоў адзін чалавек і папярэдзіў, каб той не хадзіў на акцыю, бо чакаюцца правакацыі, якія могуць для яго мець самыя непрадказальныя наступствы.

У судовым паседжаньні Анатоль Лябедзька спаслаўся на той факт, што ў краіне зьнікаюць людзі, якія перашкаджаюць прэзыдэнту і таму апазіцыйным лідэрам жыць у гэтай краіне стала небясьпечна.

Сьведка з боку міліцыі, якога дэманстранты прызвычаіліся называць "ціхар", нічога ня змог паведаміць наконт Лябедзькі, бо, відаць, у яго былі іншыя "аб'екты" для назіраньня. Судзьдзя такім чынам трапіў у цяжкае становішча. Ён двойчы абвяшчаў перапынак, што ўвогуле не тыпова для адміністрацыйных паседжаньняў. Потым, амаль поўгадзіны пісаўся прыгавор.

Нарэшце а 18 гадзіне ён быў зачытаны – Анатоль Лябедзька быў прызнаны вінаватым паводле артыкулу 167 часткі 2 Адміністрацыйнага Кодэксу (парушэньні падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў), і пакараны адміністрацыйным арыштам на 10 сутак з адбыцьцём іх у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Прысыд выклікаў выбух абурэньня сярод прысутных у судовай зале.

Анатоль Лябедзька паспеў даць кароткае інтэрвію нашаму Радыё.

(Лябедзька: ) "Я думаю, ганебны працэс, які адбыўся, ён меў абсалютна палітычную падаплёку. І тое, што спрагназаваў я, гэта – была проста марная трата часу для суда. Яны маглі б адразу дастаць падрыхтаванае рашэньне і яго агучыць.

Тое, што адбываецца, гэта не зьяўляецца навіной, гэта – нашая рэчаіснасьць. Для мяне гэта – абсалютна заканамэрна. Іншага я проста не чакаў. Таму я падрыхтаваны, таму ў мяне такая вопратка".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, ці зьбіраюцца арганізатары шэсьця падаваць скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў Белпалку за тое, што яны кідаліся ў дэманстрантаў камянямі?"

(Лябедзька: ) "Я ўжо сёньня накіраваў скаргу у Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, каб прыцягнуць да адказнасьці Ярмошына, Старшыню гарвыканкаму, і Навумава, які ўзначальвае службу бясьпекі былога прэзыдэнта Лукашэнкі.
Менавіта іх дзеяньні альбо бязьдзеяньні справакавалі тое, што адбылося на вуліцах гораду Менску.

Я думаю тое, што вы назвалі, гэта якраз эпізод, калі на самай справе супрацоўнікі міліцыі – маладыя 18-гадовыя хлопцы, – іх проста кінулі, іх проста падставілі, каб яны бралі камяні і перакідваліся зь іншымі маладымі людзьмі, у той час, як спэцпадразьдзяленьні "Алмаз" стаялі побач. Іх, відаць, хавалі, каб яны асабіста абаранялі Лукашэнку".

Суды над іншымі ўдзельнікамі шэсьця будуць разглядацца на працягу гэтага тыдня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG