Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Нягледзячы на тое, што візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву пераносіцца, дэпутаты Вярхоўнага Савета трынаццатага скліканьня шукаюць магчымасьць давесьці свае погляды на становішча ў Беларусі да расейскіх парлямэнтароў.

Працоўны дзень намесьніка Старшыні Вярхоўнага Савета Генадзя Цярэнi, якi пасля зьнiкненьня Вiктара Ганчара фактычна кiруе вышэйшым заканадаўчым ворганам краiны, у чацьвер пачаўся з тэлефанаваньняў у Дзяржаўную Думу Расеі.

Як ужо ўчора паведамляла нашае Радыё, дэпутаты Вярхоўнага Савета хочуць выехаць да сваiх калегаў. Але, паколькi левая частка Дзярждумы прагаласавала супраць запрашэньня беларускай апазыцыi, трэба шукаць абхадны шлях – праз запрашэньне ад фракцыяў. Менавiта яго прапанавала сацыял-дэмакратычная фракцыя Вярхоўнага Савета.

Паводле Генадзя Цярэнi, маючая адбыцца паездка беларускiх дэпутатаў у Маскву ня выклiкала ў iхных калегаў вялiкага iмпэту. Праўда, фракцыi "Яблоко" i "Наш дом – Расея" ужо далi згоду на запрашэньне. Вядуцца яшчэ перамовы з камунiстамi, аграрыямi.

Але ў спадара Цярэнi складаецца ўражаньне, што беларускiя справы ня вельмi цiкавяць расейцаў. Некаторыя ягоныя суразмоўцы проста казалi, што галоўнае для iх зараз –разгляд праекта бюджэта на 2000-ны год, а беларускае пытаньне як бы не выглядае сваечасовым.

Як бы там ня было, але Вярхоўны Савет працягвае перамовы з думскiмi фракцыямi. Адначасова рыхтуецца i зварот ад Вярхоўнага Савета да Дзярждумы. Падобна, што прадугледжваюцца два варыянты: першы, калi беларускiя дэпутаты паедуць у Маскву, i другi, калi прыйдзецца абмяжавацца зваротам.

У любым выпадку беларускiя дэпутаты хочуць зьвярнуць асаблiвую увагу на тое, што Лукашэнка фактычна падманвае мiжнародную супольнасьць, якой ён паабяцаў правесьцi перамовы з палiтычнай апазыцыяй.

Дарэчы, увечары 20 кастрычнiка на паседжанньнi Кансультацыйнай Рады апазыцыйных палiтычных партыяў асаблiва падкрэсьлiвалася, што сутыкненьнi, справакаваныя ўладамi падчас «Маршу Свабоды», не павiнны спынiць перамоўны працэс. Разам з тым, перамовы ня могуць пачацца, пакуль iснуючы рэжым ня зробiць рэальных крокаў у стварэньнi адпаведнай атмасфэры для такiх перамоваў.

Удзельнiкi паседжаньня аднагалосна прынялi заяву, якую адразу перадалi кiраўнiку групы АБСЭ у Менску Гансу Георгу Вiку. У ёй адзначаецца, што найперш павiнны быць вызваленыя з турмаў усе палітычныя вязьнi і ўсе затрыманыя падчас акцыi 17 кастрычнiка. Таксама патрабуецца забясьпечыць рэальны доступ апазыцыi да дзяржаўных сродкаў масавай iнфармацыi, прыпыніць перасьлед незалежных мас-медыя, спыніць спробы знiшчэць сувэрэнную беларускую дзяржаўнасьць.

XS
SM
MD
LG