Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 кастрычнiка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Кіраўніцтва беларускай міліцыі ўзнагародзіла значкамі міліцыянтаў, якія былі параненыя падчас падзеяў 17 кастрычніка. Між тым, паводле незалежных крыніцаў, ня меншая колькасьць людзей пацярпела і ад дзеяньняў самой міліцыі.

Пяцёра міліцыянтаў, што былі параненыя падчас разгону дэманстрантаў 17-га кастрычніка, атрымалі за свае подзьвігі нагрудныя значкі "За самаадданую службу". Некалькі дзесяткаў узнагароджаныя памятнымі гадзіньнікамі. Усе пацярпелыя міліцыянты атрымаюць грашовую дапамогу ў якасці кампэнсацыі за шкоду здароўю.

Гэтую інфармацыю пацьвердзіла прэсавая служба Міністэрства унутраных справаў, аднак яе супрацоўнік ня здолеў назваць суму кампэнсацыі, заявіўшы, што ня ведае.

Паводле прэсавай службы МУС, параненыя міліцыянты адчуваюць сябе значна лепш, іх хутка выпішуць са шпіталю. Усяго, як сцвярджаюць афіцыйныя крыніцы, пацярпелі 58 міліцыянтаў і салдатаў унутраных войскаў.

А вось дадзеныя аб колькасьці пацярпелых з боку дэманстрантаў і проста мінакоў яшчэ зьбіраюцца, ў асноўным, праваабарончымі арганізацыямі.

Гэтак, у праваабарончай арганізацыі "Вясна-96" ужо сабрана звыш 20 заяваў. Пра 12 скаргаў кажуць у Цэнтры прававой дапамогі насельніцтву – гэтыя заявы цэнтар дапамог накіраваць у пракуратуру Менску. У Беларускі Гэльсынскі камітэт на сёньняшні дзень пададзена 9 заяваў, і яшчэ некалькі пацярпелых зьвярнуліся па кансультацыі.

Прааналізаваўшы паказанні гэтых сведкаў, актывісты БГК зрабілі свае высновы пра тое, хто вінаваты у гвалце 17-га кастрычніка.

Ля мікрафону выканаўчы дэрэктар Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.

(Гулак: ) "Зараз ужо даволі ясная карціна, як гэта ўсё адбывалася і можна зрабіць выснову, што дзеяньні міліцыі не былі накіраваныя на прадухіленьне канфлікту. Міліцыя першая пачала актыўныя дзеяньні і справакавала дэманстрантаў на парушэньне грамадзкага парадку…

Жудасная карціна складаецца, як міліцыянты абыходзіліся з арыштаванымі. У нас ужо дастаткова інфармацыі, каб гаварыць аб тым, што арыштаваныя зазналі на сабе неапраўданую жорсткасьць, іх зьбівалі ў пастарунках, зьбівалі і жанчын…"

Дадзеныя БГК сьведчаць пра тое, што дзеяньні міліцыі 17 кастрычніка вартыя пільнага разьбіральніцтва з пакараньнем тых, хто незаконна ужыў сілу супраць грамадзянаў.

XS
SM
MD
LG