Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 кастрычнiка 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Камісыя Кангрэсу ЗША ў пытаньнях бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе даслала адкрыты зварот да Аляксандара Лукашэнкі.

У звароце, ў прыватнасьці, гаворыцца:

Паважаны спадар прэзыдэнт.

Зьвяртаемся да Вас, каб выказаць рост заклапочанасьці апошнімі падзеямі ў Беларусі. Да нядаўнага часу мы сур'ёзна разьлічвалі на перамоўны працэс паміж урадам Беларусі і апазыцыяй. Падзеі апошняга месяцу, а менавіта парушэньне асноўных
правоў чалавека, дэмакратыі і кантытуцыйнасьці, прымусілі нас усумніцца ў сур'ёзнасьці намераў Вашага ўраду, што да пытаньня выйсьця са становішча, якое склалася. Мы скрайне занепакоеныя нядаўным арыштам лідара беларускай апазыцыі Анатоля Лябедзькі ў сувязі зь ягоным удзелам у «несанкцыянаваным шэсьці». Наш неспакой пакліканы наступнымі фактамі:

- далейшым утрыманьнем у турме былога прэм'ер-міністра Міхаіла Чыгіра, які больш як шэсьць месяцаў знаходзіцца ў папярэднім зьняволеньні і, паводле закону, мусіць быць вызвалены;

- зьнікненьнем былога старшыні Цэнтарвыбаркаму Віктара Ганчара, ягонага спадарожніка Юрыя Красоўскага, былога міністра Міністэрства Ўнутраных Справаў Юрыя Захаранкі, а таксама экс-Старшыні Нацыянальнага Банку краіны Тамары Віньнікавай;

- далейшым узмацненьнем атакі на свабоду слова, якая выявілася ў адкліканьні рэгістрацыйных дакумэнтаў дзевяці пэрыядычных выданьняў; перасьлед газэты "Навіны" паводле абвінавачаньня ў паклёпе з мэтай прымусіць незалежную газэту замаўчаць;

- адмова ў рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў улучна зь Беларускай Незалежнай Асацыяцыяй прафсаюзаў прамысловасьці;

- ператрусы без адпаведнага ордэру ў праваабарончым цэнтры "Вясна-96", якія пацягнулі за сабой канфіскацыю кампутарнага абсталяваньня з наяўнай у ім інфармацыяй;

- крымінальны перасьлед актывіста ад апазыцыі Мікалая Статкевіча, адваката Алега Волчака і няспынныя допыты адваката Веры Страмкоўскай;

- ініцыянаванае міліцыяй сутыкненьне з удзельнікамі мірнага шэсьця "Марш Свабоды", якое адбылося мінулае нядзелі;

- Вашае спрыяньне вырашэньню вышэйпералічаных праблемаў зьменіць да лепшага наяўную атмасфэру страху і недаверу, паспрыяе аднаўленьню перамоўнага працэсу, які, на наш погляд, так патрэбны каб ператварыць Беларусь у дэмакратычную краіну, дзе паважаюцца правы грамадзянаў і законнасьць.

Бэк Найтхорс Кэмпбэлл,
Крыстафэр Сміт,
Фрэнк Лотэнбэрг,
Стэні Хойер.

Камісыя Кангрэсу ЗША ў пытаньнях бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе

XS
SM
MD
LG