Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

На апошнія падзеі ў Беларусі сёння сваёй заявай адрэагаваў Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі. Ён сам зачытаў яе нашаму Радыё па тэлефоне зь Вільні.

Тэкст заявы падаецца ў скароце.

(Шарэцкі: ) "На парозе трэйцяга тысячагодзьдзя новай эры ў самым цэнтры Эўропы былі папраны элемэнтарныя правы і свабоды людзей, якія выйшлі на мітынг і дэманстрацыю "Марш Свабоды" ў падтрымку перамоўнага працэсу паміж прадстаўнікамі працягваючых утрымліваць уладу структур і апазыцыйных ім дэмакратычных сіл за сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі. У час правядзеньня самога мерапрыемства, замест дыялёгу з мнагатысячнай калёнай дэманстрантаў, якіх выгнаў на вуліцу голад і надыходзячы холад, бяспраўе і пастаянная зьнявага дзяржаўных чыноўнікаў, была зноў прыменена грубая сіла".

Сямён Шарэцкі лічыць, што фінал "Марша Свабоды" быў сьвядома справакаваны ўладамі, якія не дазволілі мірнае шэсьце і тым самым парушылі канстытуцыйныя правы грамадзянаў . Сп. Шарэцкі таксама зьвяртае ўвагу, што такая жортская форма размовы з апанэнтамі была ўжытая пасьля шматлікіх захадаў да пачатку перамоўнага працэсу, у тым ліку і абавязальніцтваў, прынятых перад эўрапейскімі структурамі.

У сувязі з гэтым сямён Шарэцкі адзначае:

(Шарэцкі: ) "Тыя падзеі, якія адбыліся 17-га кастрычніка, і дзеяньні пасьля іх выканаўчых і судовых уладаў яшчэ раз паказалі беларускаму народу і міжнароднай дэмакратычнай грамадзкасьці, што правячы ў Беларусі рэжым у чарговы раз груба папраў усе абавязальніцтвы, якія ён даваў 54 дзяржавам – членам АБСЭ. І ніякія перамовы ня могуць праводзіцца ва ўмовах узмацненьня рэпрэсій у адносінах да кіраўнікоў і актывістаў палітычных партый, прафсаюзных і грамадзкіх арганізацый, ізаляцыі апазыцыі ад дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, утрыманьня ў турмах і зьнікненьня апанэнтаў".

Заявіў нашаму радыё Сямён Шарэцкі.

Ён падкрэсліў, што і на гэты раз проціпраўныя дзеяньні афіцыйнага Менску не заўважыла Масква. Такім чынам інтэграцыйны працэс працягвае праводзіцца насуперак абвешчанай мэце – умацаваньню дэмакратыі і правоў чалавека ў абедзьвюх краінах. Сямён Шарэцкі , як Старшыня легітымнага заканадаўчага органу ўлады ў Беларусі пацьвердзіў нязменнасьць яго курсу на захаваньне незалежнасьці Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG