Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Чым далей працягваецца ваенная кампанія, якую вядзе ўрад Расеі ў Чачні, тым больш агрэсыўнымі ў адносінах да чачэнскага народу робіцца тон і зьмест большасьці расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Наступствы падобнай варожасьці могуць самым адмоўным чынам адбіцца на будучыні Расейскай Федэрацыі. Прынамсі, так лічаць некаторыя аналітыкі на Захадзе.

Злучаныя Штаты Амэрыкі ў аўторак выказалі занепакоенасьць у сувязі з тым, што было названа "эскаляцыяй варожасьці" ў Чачні, і зноў заклікалі да перамоваў дзеля вырашэньня канфлікту.

Прэсавы сакратар Рады Нацыянальнай бясьпекі ЗША Майк Гамер заявіў, што ЗША вельмі занепакоеныя паведамленьнямі пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва і ростам колькасьці ўцекачоў.

Такой была афіцыйная рэакцыя Вашынгтону на допіс расейскага прэзыдэнта Ельцына на адрас прэзыдэнта ЗША Клінтана, у якім апісваецца расейскі погляд на канфлікт. Майк Гамер заявіў, у прыватнасьці, што ўрад ЗША прызнае права Расеі на тэрытарыяльную цэласнасьць, але ён падкрэсьліў таксама, што эскаляцыя варожасьці пагражае стабільнасьці ўсяго рэгіёну Паўночнага Каўказу.

Тым часам расейскія сродкі масавай інфармацыі зусім мала паведамляюць пра разбурэньні ды ахвяры ў Чачні і вельмі шмат гавораць пра злачынныя групоўкі чачэнцаў і практыку выкраданьня людзей. Тым самым расейскія мэдыі фактычна ўключыліся ў прапагандысцкую кампанію, разьвязаную Масквой.

Аналітык радыё Свабода Пол Гобл піша сёньня пра магчымыя наступствы гэтай кампаніі. Масква, – лічыць ён, – прыкладае намаганьні, каб паказаць чачэнцаў як крымінальнікаў і тэрарыстаў і тым самым забясьпечыць падтрымку ўнутры краіны, а таксама папярэдзіць крытыку расейскага ўраду з боку Захаду ў сувязі з баявымі дзеяньнямі на Паўночным Каўказе.

Аднак, гэткая дэманізацыя суцэльнага народу прызначаная ня толькі для ўзьдзеяньня на грамадзкую думку як у Расеі, так і на Захадзе. Часткова гэта скіраванае на тое, каб абмежаваць магчымасьць выбару Масквы ў будучым, зьменшыць шанец на ўрэгуляваньне шляхам перамоваў, зрабіць, каб доўгі крывавы канфлікт працягваўся далей.

І паколькі клясыфікацыя цэлай нацыі як крымінальнай парушае падмурковыя прынцыпы, на якіх грунтуюцца правы чалавека, яна вымушае ўсё больш краінаў Захаду пераглядаць іхныя ацэнкі прагрэсу ў Расеі ў пераадоленьні таталітарызму, і ў выніку – пераглядаць свае адносіны з Масквой.

Расейскі прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін у аўторак заклікаў да міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе, як ён выказаўся, з чачэнскімі тэрарыстамі.
Цягам свайго выступу на сэмінары прадстаўнікоў праваахоўных ведамстваў краінаў вялікай сямёркі ў Маскве ён заявіў, што ягоны ўрад вядзе баявую кампанію супраць Чачні на законных падставах, бо змагаецца супраць крымінальнікаў і тэрарыстаў. І ён заклікаў усе краіны падтрымаць Маскву, паколькі ейных намаганьняў недасткова, пакуль хоць адна зь іх ня выдаліць тэрырыстычныя групы са сваіх межаў.

Падобнымі выказваньнямі Пуцін дамагаецца трох мэтаў. Па-першае, ён хоча паказаць барацьбу чачэнцаў незаконнай ў вачах расейскага насельніцтва, і тым самым заваяваць ягоную падтрымку. Па-другое, ён дае заразумець, каб прыхільнікі перамоваў з Чачнёй не разьлічвалі на хуткае разьвязаньне і блізкае заканчэньне вайсковай апэрацыі. І па-трэйцяе, Пуцін хоча паказаць, быццам іслямісты кідаюць выклік ня толькі Расеі, але таксама й Захаду.

Аднак, дасягнуўшы падобных мэтаў, Пуцін можа стварыць сытуацыю, у якой ягоны ўрад і, нават, уся краіна страцяць яшчэ больш.

Абвінавачваючы чачэнцаў у тым, што яны крымінальная нацыя, улады дамагліся адваротнага эфэкту, бо гэта паспрыяла яднаньню чачэнцаў.
Больш за тое, падобныя абвінавачаньні спрыяюць таму, што ўсё больш чачэнцаў аддае перавагу не Аслану Масхадаву, які выступае за перамовы, але Шамілю Басаеву, які сьцвярджае, што чачэнскі народ можа дасягнуць сваіх мэтаў толькі шляхам сілы.
Падобныя зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці чачэнцаў могуць прывесьці да вялікіх ахвяраў, калі расейскія войскі працягнуць наступ на Грозны і калі Пуцін будзе працягваць кампанію дэманізацыі чачэнскага народу.

Аднак, найгорш тое, што гэткая дэманізацыя можа надоўга сапсаваць адносіны паміж этнічнымі рускімі і нярускімі групамі ў Расейскай Фэдэрацыі. Гэта можа ўскладніць таксама адносіны паміж Масквой і постсавецкімі рэспублікамі, – лічыць аналітык Радыё Свабода Пол Гобл.

Між тым, як паведамляюць расейскія СМІ, Уладзімер Пуцін па даручэньні Барыса Ельцына займаецца інспэкцыяй вайсковых частак, дыслякаваных каля раёну баявых дзеяньняў у Чачні. У адной з такіх частак ён уручыў узнагароды лётчыкам і пры гэтым выказаў захапленьне, як гаворыцца ў расейскіх газэтах, гераізмам лётчыкаў, на рахунку кожнага зь якіх – больш як сто баявых вылетаў. Пра мірныя ахвяры гэтых вылетаў сярод насельніцтва Чачні пры гэтым не гаворыцца.

XS
SM
MD
LG