Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Замежная прэса працягвае шукаць разгадкі беларускае таямніцы. Чаму ў цэнтры Еўропы стала магчыма вяртаньне часу назад і аднаўленьне паліцэйскай дзяржавы? Каментар пра сытуацыю ў Беларусі зьявіўся ў сёняшнім нумары "International Нerald Тribune".

Заўсёды цікава паглядзець на сябе збоку. Тым больш, калі ўражаньнямі пра Беларусь дзеліцца журналіст, які прабыў у краіне ўсяго некалькі дзён. Ён можа ўбачыць тое, да чаго жыхары краіны даўно прызвычаіліся і не зьвяртаюць увагі. Вось як пачынае свой артыкул журналіст "International Нerald Тribune".

"Калі я спусьціўся за сьняданкам ў гатэлі, швайцар прывітаў мяне і на добрай ангельскай мове спытаў: "How are you?" Цудоўна, адказаў я, хаця ўначы я спаў у адзеньні, паколькі ў маім пакоі было халодна, і ацяпленьне дасюль не ўключылася.

"А вы як?" "Ня вельмі добра" – адказаў ён, аглядаючыся навокал, каб пераканацца, што ніхто ня чуе нашую размову. "Справы йдуць вельмі дрэнна ў гэтай краіне. Вельмі дрэнна".

І, мог ён дадаць, усё стала толькі горш у часе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, сталінісцкага бузуна, які аднаўляе таталітарную паліцэйскую дзяржаву ў геаграфічным цэнтры Эўропы.

За больш як 30 гадоў у журналістыцы, – піша амэрыканскі журналіст, – я быў па ўсім сьвеце, наведаў шмат краінаў з непараўнальна ніжэйшым узроўнем жыцьця, рэпрэсыўнымі ўрадамі й адсутнасьцю надзеі. Але я ніколі ня быў так уражаны як у Беларусі, краіне, дзесяцімільёны народ якой, спадзяваўся, што нарэшце атрымаў волю пасьля 70 гадоў панаваньня Масквы, перарванага толькі сьмертаносным кіраваньнем нацыстаў падчас Другой Сусьветнай вайны.

У Беларусі ня вельмі шмат прыватных кампаніяў і Лукашэнка навязвае стратную эканоміку савецкага стылю. "Лукашэнка хоча зьнішчыць усе інстытуты грамадзянскай супольнасьці", – кажа рэдактар адной з газэтаў.

Візыт ў Беларусь – як паездка ў машыне часу ў савецкія часы. Дзяржава ўсюдыісная і кантралюючая. У лепшых гатэлях, паліцыянт стаіць каля ліфту, назіраючы, хто ўваходзіць і выходзіць адтуль.

Карэспандэнт "International Нerald Тribune" піша і пра падзеньне курсу беларускага рубля, і пра наяўнасьць чорнага рынку, дзе курс у два разы вышэй за афіцыйны. Сярэдні заробак упаў да 30 даляраў у мясяц, недахоп прадуктаў у крамах стаў агульнай зьявай, але Лукашэнка сказаў людзям, што гэта ад таго, што яны занадта шмат ядуць.

Тым часам, людзі ў Беларусі з зайдрасьцю і адчаем глядзяць на сваіх суседзяў, якія прынялі лібэральную дэмакратыю і рынкавую эканоміку. Вільня, сталіца Літвы, якая знаходзіцца ўсяго ў 160 кілямэтрхў ад Менску, квітнеючы, трапяткі горад у яркім кантрасьце з шэрым і стомленым Менскам.

Менск быў амаль цалкам разбураны падчас Другой Сусьветнай вайны і быў потым пабудаваны ў велічным савецкім стыле з шырокімі праспэктамі ды масыўнымі, няўклюднымі й нязграбнымі дамамі.

Усё становіцца горш. Людзі пачынаюць зьнікаць. Газэты зачыняюцца. Эканоміка ў беспарадку. Прэзыдэнт нелегітымны, – гэтымі словамі аднаго беларускага журналіста заканчваецца артыкул у "International Нerald Тribune".

XS
SM
MD
LG