Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня пачаўся візіт у Беларусь місіі Міжнароднага валютнага фонду. Гэта – першы візіт прадстаўнікоў МВФ пасля таго, як Фонд адмовіў афіцыйнаму Менску ў 100-мільёньным кампэнсацыйным крэдыце.

Як паведамілі нашаму радыё ў беларускім прадстаўніцтве МВФ, сёньня ў Менск прыбыла першая частка місіі ў складзе трох экспэртаў Фонду. У бліжэйшую нядзелю чакаецца прыбыцьцё кіраўніка місіі – дырэктара-памочніка другога Эўрапэйскага ўпраўленьня гэтай фінансавай арганізацыі Томаса Вульфа.

Афіцыйнае тлумачэньне мэтаў іхняга прыезду ў Беларусь – знаёмства з бягучым станам эканомікі і пэрспэктыўнымі плянамі ўладаў: у прыватнасці, у сфэры грашова-крэдытных адносінаў. Апроч таго, спадар Вульф напярэдадні візыту публічна заакцэнтаваў увагу на тым, што перамоваў пра канкрэтную крэдытную дапамогу Беларусі зараз ня будзе.

Сапраўды, мінула ўсяго пяць месяцаў, як Міжнародны валютны фонд адмовіў беларускім уладам у прадастаўленьні так званага кампэнсацыйнага крэдыту. Нагадаю, гэты крэдыт памерам у 100 мільёнаў даляраў каманда Аляксандра Лукашэнкі папрасіла ў МВФ у сувязі з валютнымі цяжкасьцямі краіны, якія нібыта былі выкліканыя расейскім фінансавым крызысам і дрэньнымі ўмовамі надвор'я.

Экспэрты Фонду, аднак, устанавілі іншыя прычыны эканамічных няўдачаў Беларусі. На думку замежных спэцыялістаў, пакуты нацыянальнай эканомікі найперш ёсьць вынік камандных формаў кіраваньня. Таму МВФ у якасьці ўмоваў прадастаўленьня кампэнсацыйнага крыдыту вылучыў патрабаваньні рынкавага характару: лібэралізаваць у краіне валютную палітыку й мэханізм цэнаўтварэньня.

Але так сталася, што беларускі бок паставіўся да гэтых патрабаваньняў як да неабавязковых. Ім фактычна былі праігнараваныя ўмовы Фонду. У адказ МВФ без асаблівых ваганьняў паставіў крыж на просьбах Менску.

Напрыканцы верасня, у часе штогадовага форуму Фонду й Сусьветнага банку ў Вашынгтоне, беларуская ўрадавая дэлегацыя зрабіла новую спробу пераканаць МВФ. Як вынікае з тлумачэньня ўдзельніка паездкі ў Вашынгтон Пятра Пракаповіча, у плянах каманды Лукашэнкі – атрымаць ад Фонду адразу два крэдыты.

Што дзіўна, дык гэта тое, што паводле вэрсіі Пракаповіча, для ініцыятываў афіцыйнага Менску і зараз ёсць важкія падставы. У прыватнасьці, сёлетні няўрод, які, маўляў, стаўся наступствам нечуванае засухі. Беларускі бок заявіў, што на гэты раз ягоная пэрспэктыўная эканамічная палітыка будзе адпавядаць патрабаваньням МВФ.

У прыватнасьці, мяркуецца правядзеньне ў краіне жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі на падставе зьменнай фіксацыі курсу беларускага рубля. Гэтая палітыка, паводле тлумачэньня беларускіх уладаў, ня прадугледжвае так званай пустой рублёвай эмісіі і будзе мець сваім вынікам ліквідацыю множнасьці валютных курсаў нацыянальных грошай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG