Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 19 кастрычнiка 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня рэпрэсіі супраць дэманстрантаў, якія бралі ўдзел у "Маршы Свабоды" працягваліся..

Да людзей уначы ўрываліся ў кватэры, хапалі іх, кідалі ў "варанкі" і адвозілі ў РАУСы. Дакладная колькасьць тых, хто зараз знаходзіцца ў міліцыі, невядомая.

На кватэру дачкі дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна ўначы прыйшлі міліцыянты й перадалі ёй позву на імя Шчукіна зьявіцца ў Фрунзенскі РАУС. Такую ж позву яны аднесьлі і ў рэдакцыю "Народнае Волі". Валеры Шчукін патэлефанаваў у РАУС і паведаміў, што сам добраахвотна прыйдзе.

З Фрунзенскага РАУС Шчукіна пад аховай адвезьлі ў Савецкі РАУС, дзе ўтрымліваюць і дагэтуль. Ёсьць зьвесткі, што супраць Валерыя Шчукіна ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу 186 часткі трэйцяй – арганізацыя ды актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі за сабой масавыя беспарадкі.

Маладафронтавец Яўген Афнагель цяпер знаходзіцца ў Савецкім судзе. Да яго на кватэру ўначы прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і адвезьлі яго ў РАУС. Там на яго быў складзены пратакол, як на арганізатара "Маршу Свабоды". Але вядома, што Афнагель даслаў пісьмовую заяву ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, дзе адмовіўся ад свайго подпісу ў заяўцы на правядзеньне маршу. Паводле апошніх зьвестак, ён атрымаў 15 сутак арышту.

Цяпер у Савецкі суд дастаўлены й Анатоль Лябедзька.

Цікава, што да сёньняшняга дню ў Савецкім РАУС утрымліваўся яшчэ адзін своеасаблівы "вязень" – казёл, якога ініцыятары акцыі спрабавалі выкарыстаць у якасьці сымбалю рэжыму. Жывёліну захапілі напачатку "Маршу Свабоды". Міліцыянты афіцыйна паведаміць пра лёс няшчаснага казла адмовіліся. Паводле неафіцыйных зьвестак,няшчасную жывёліну забілі.

XS
SM
MD
LG