Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Два дні перад тым, як Народная Кансультацыйная Асамблея Інданэзіі ўпершыню з 1955 году будзе абіраць кіраўніка дзяржавы, ў краіне захоўваецца палітычная няпэўнасьць, і цяжка прадказаць, хто будзе пераймальнікам цяперашняга прэзыдэнта Габібе..

Пасьля таго, як ў выніку бурлівых пратэстаў, ад ўлады быў адхілены прэзыдэнт Сухарто, што кіраваў краінай 32 гады, Інданэзія ахопленая вулічнымі бяспарадкамі, эканамічным крызісам і гвалтам ва Ўсходнім Тыморы.

Найбольшыя шанцы зьмяніць на пасадзе цяперашняга кіраўніка дзяржавы Габібе мае дачка першага прэзыдэнта Інданэзіі Сукарна, Сукарнапутры Мэгаваці. Ейная Дэмакратычная Партыя ўвайшла ў кааліцыю з іслямскай арганізацыяй "Надлатул Улама", якая налічвае агулам 30 мільёнаў членаў. На чэрвеньскіх выбарах у Выбарчую Асамблею партыя Мэгаваці разам з кааліцыйным партнэрам атрымала 34 % галасоў.

Аднак тады зь ліку 700 дэпутатаў былі абраныя толькі 462 чалавекі. 38 сваіх прадстаўнікоў прызначыла армія, а астатніх – іншыя ўплывовыя сілы, што адкрыла шлях для розных закулісных гульняў. Ў выніку ў грамадзтве ўзрасла напружанасьць, пачаліся масавыя мітынгі й гвалты. На мінулым тыдні паліцыя зьбіла 200 чалавек і арыштавала 75 прыхільнікаў Мэгаваці.

Хаця прадстаўнік арміі запэўніў, што выбары пройдуць спакойна, дзеля прадухіленьня магчымых гвалтаў ў Джакарту прыбылі дадаткова 40 тысяч паліцыянтаў. Сёньня на вуліцы сталіцы ізноў выйшлі праціўнікі Габібе, ў тым ліку каля тысячы супрацоўнікаў біржы. Ў інтэрвю адной з газэтаў Мэгаваці заявіла, што ў выпадку нэгатыўнага для яе выніку галасавньня, ейныя прыхільнікі будуць праводзіць масавыя пратэсты. Мы пачнем сапраўдную рэвалюцыю, – прыгразіў адзін са студэнцкіх лідэраў.

На думку газэты "New York Times", значныя шанцы мае музульманскі лідэр, дагэтуль саюзьнік Сукарнапутры ў парлямэнце Адбдурахман Вахід. Пра Мэгаваці ён сказаў, што "як чалавека, ён паважае яе, але як палітык – яна нуль".

Вахіда падтрымалі меншыя іслямскія партыі. Сур'ёзным кандыдатам лічыцца таксама іслямскі вучоны Нурчоліс Маджыд.

Учора вечарам галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі генерал Віранто заявіў, што ня будзе кандыдаваць на пасаду прэзыдэнта ці віцэ-прэзыдэнта.

За апошнія дні сам Габібе двойчы выступіў перад Асамблеяй спрабуючы прадставіць свае дасягненьні і заручыцца падтрымкай. Я буду змагацца да канца й яшчэ не кажу "да пабачэньня", – сказаў ён. Аднак ягоныя шанцы невялікія. Габібе лічыцца стаўленікам былога прэзыдэнта, які дагэтуль яшчэ не разьлічыўся за 70 мільёнаў даляраў, прысвоеных ім і ягонай сям'ёй.

Паводле амэрыканскай газэты "Boston Glob", палітычная сцэна ў Інданэзіі моцна падзеленая, альянсы разваліліся, партыйную лаяльнасьць можна купіць. Да таго ж, у апошнюю хвіліну зьявіліся дагэтуль малавядомыя кандыдаты. Зьявіліся чуткі, што адзін голас дэпутата Асамблеі будзе каштаваць ад 250-ці да 500 тысяч даляраў. Незалежны палітычны каментатар Вімар Вітолар ацэньнвае, што
30-50 % усіх галасоў могуць быць купленыя.

Два дні перад галасаваньнем яшчэ неясныя, нават, правілы галасаваньня. Парлямэнцкія камітэты прапануюць, каб дзеля перамогі хапала простай большасьці галасоў, што, аднак, будзе патрабаваць некалькіх раўндаў галасаваньня. Яшчэ адзін камітэт прапануе, каб Асамблея ўхваліла вынікі рэфэрэндуму ва Ўсходнім Тыморы, у якім насельніцтва правінцыі пасьля 24 гадоў акупацыі выказалася за незалежнасьць ад Джакарты.

Паводле "Los Angeles Nimes", не зважаючы на ўсё перадвыбарчае замяшаньне, нельга сказаць, што інданэзыйскі экспэрымэнт з дэмакратыяй асуджаны на правал. Мы толькі на шляху да дэмакратыі, і многія людзі яшчэ ня ведаюць, што гэта такое на самай справе, – заявіў адзін з ўдзельнікаў дэманстрацыі. – Аднак, людзі адчуваюць, што маюць права і могуць выказаць сваю думку, і я лічу, што гэта ўжо некаторае акрэсьленьне дэмакратыі.

XS
SM
MD
LG