Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 кастрычнiка 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 18 кастрычніка)
Акрамя дэпутаткі расейскай Дзяржаўнай Думы Вольгі Беклямішчавай, у менскім "Маршы Свабоды" ўзяла ўдзел і парлямэнтарка ад нямецкай зямлі Шлюзвіг-Гольштэйн Габрыэля Пётчаў. У адрозьненьні ад Вольгі Беклямішчавай ёй пашанцавала больш: яна засталася на волі.

Напачатку нашай гутаркі я папрасіў спадарыню Пётчаў падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад "Маршу свабоды".

(Пётчаў: ) "Я назірала маніфэстацыю ад самага пачатку. Ейныя ўдзельнікі паводзілі сябе мірна і культурна. Тое ж самае магу сказаць і пра міліцыянтаў. Падзеі ля маста разгортваліся вельмі хутка. Я ня бачыла і ня ведаю зараз хто пачаў першы. Але я ўпэўненая, што мела месца правакацыя. Я не разумею дзеяньняў уладаў, бо з такой колькасьцю войска яны лёгка маглі кантраляваць сытуацыю. Учора можна было пачуць як удзельнікі маршу крычалі на адрас міліцыянтаў і жаўнераў унутраных войскаў: "Фашысты!"

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, спадарыня Пётчаў, на колькі справядлівае параўнаньне кіруючага рэжыму Беларусі з фашыстоўскім парадкам?"

(Пётчаў: ) "Такія параўнаньні праводзіць вельмі цяжка. Фашызм – вельмі спэцыфічная зьява. Так. На Беларусі існуюць праблемы з выкананьнем правоў чалавека і разьвіцьцём дэмакратыі. Але пры фашыстоўскіх парадках да згаданага дадаецца жорсткая дыктатура і расізм".

(Карэспандэнт:) "Ці можа, на вашую думку, шматтысячны "Марш Свабоды" зьмяніць хаду беларуска-расейскай інтэграцыі і паспрыяць маючым адбыцца перамовам паміж апазыцыяй і ўладай?"

(Пётчаў: ) "Адзінае, што можа мець вялікі розгалас, гэта арышт дэпутата Дзяржаўнай Думы. Я думаю, што дэманстрацыя паўплывае на інтэграцыйны працэс. Зьбліжэньне краінаў павінна адбывацца, калі гэта неабходна народам. Учорашняя дэманстрацыя засьведчыла, што вялікая частка беларусаў ня хоча стаць 80-ым суб'ектам Расейскае Фэдэрацыі. Улады Беларусі мусяць зважаць на пазыцыю гэтых людзей. Што да перамоваў, дык на дыялёг можа паўплываць не шматтысячная маніфэстацыя, а ейны жахлівы фінал".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG