Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Вайсковы пераварот ў Пакістане, краіне якая валодае ядзернай зброяй і мае неўрэгуляваны канфлікт із суседняй Індыяй, занепакоіў міжнародную грамадзкасьць. Аднак вайсковы рэжым ў Іслямабадзе спрабуе пераканаць навакольны сьвет, што нічога дрэннага ня здарылася і што новае кіраўніцтва адновіць ў краіне парадак.

Такія запэўненьні прагучэлі ва ўчорашнім выступе гэнэрала Пэрвэза Мушарафа. Аб тым, што прамова ў першую чаргу накіроўвалася да міжнароднай грамадзкасьці, сьведчыць той факт, што гэнэрал прамовіў перш па ангельску і затым на роднай мове "урду".

Выступ гэнэрала супаў з пагрозамі ўвядзеньня санкцыяў з боку Злучаных Штатў і Эўрасаюзу, калі новае кіраўніцтва Пакістану
неадкладна не адновіць дэмакратыю ў краіне.

Мушараф, які пяць дзён таму адхіліў ад ўлады непапулярнага ў краіне прэм'ера Шарыфа, найперш абяцаў шырокія рэформы ў краіне, ўтаймаваньне карупцыі і выратаваньне эканомікі. Паводле ягоных словаў, ўрад будзе працаваць дзеля міру ў рэгіёне, паважаць свабоду прэсы і захоўваць добрыя адносіны з суседзямі ды заходнімі краінамі, найперш са Злучанымі Штатамі.

(Мушараф: ) "Дзееньне Канстытуцыі толькі часова прыпыненае. Гэта не ваеннае становішча, але іншы шлях да дэмакратыі. Ўзброеныя сілы ня маюць намеру заставацца пры ўладзе даўжэй, чым гэта абсалютна неабходна".

Аднак, ён нічога не сказаў аб будучых выбарах. Я не дазволю, каб народ вярнуўся да фальшывай дэмакратыі, нам патрэбная сапраўдная дэмакратыя, – сказаў ён.

Гэнэрал відавочна спрабаваў супакоіць міжнародную грамадзкасьць і выйграць час дзеля кансалідацыі сваёй ўлады. Ён абвінаваціў адхіленага ад ўлады прэм'ера Шарыфа ў развале эканомікі і разбурэньні грамадзкіх інстытутаў.

Спрабуючы аднавіць давер з боку Індыі, якая насьцярожана паставілася да вайсковага перавароту, Мушараф абяцаў зьменшыць колькасьць войскаў на мяжы з Індыяй і аднавіць мірныя перамовы з Нью Дэлі. Індыйскія ўлады бяз энтузіязму ўспрынялі гэтую інфармацыю і заявілі, што гэта мала істотнае, паколькі прычынай напружанасьці ў адносінах паміж дзьвюма краінамі была сытуацыя на мяжы ў Кашміры, а не на паўднёвым адрэзку мяжы, прызнанай міжнароднай грамадкасьцю.

Разумеючы занепакоенасьць з боку Злучаных Штатў ды іншых заходніх краінаў, гэнэрал Мушараф абяцаў стрыманасьць ў галіне ядзернае зброі.

Ўрад прэм'ера Шарыфа займаў ў гэтым пытаньні крыху іншую пазыцыю і пагражаў, што будзе павялічваць ядзерны арсэнал і праводзіць выпрабаваньні, калі тое самае будзе рабіць Індыя. Гэнэрал таксама даў зразумець, што гатовы падпісаць міжнародны дагавор аб забароне ядзерных выпрабаваньняў.

Нашая Краіна заўсёды са зразуменьнем ставілася да гэтага дагаору, –сказаў Мушараф.

Ён таксама намякнуў на тое, што Іслямабад перастане падтрымоўваць афганскі рух "Талібан", палітыка якога, накіраваная на іслямізацйыю краіны, выклікае крытыку з боку міжнароднай грамадзкасьці. Мы хочам бачыць ў Кабуле сапраўды прадстаўнічы ўрад, – сказаў Мушараф і выказаўся за тое, каб талібы падзяліліся ўладай з апазыцыяй.

Ён таксама зьвярнуўся да іслямскіх фундамэнталістаў, якія, як лічаць многія аглядальнікі, падтрымалі вайсковы пераварот.

Канфлікты паміж варагуючымі іслямскімі групоўкамі ў краіне прывялі да гвалтаў і кровапраліцьця ў мячэцях і рэлігійных школах. Гэнэрал заклікаў іслямскае духавенства "утаймаваць тыя сілы, якія скарыстоўваюць рэлігію ў сваіх мэтах і гэткім чынам ганьбяць добрае імя ісляму". Іслям вучыць талеранцыі, а не варажнечы, прагрэсу, а не прадузятасьці, – сказаў ён. Гэнэрал запэўніў, што храсьціяне ды індыйская меншасьць ў краіне будуць карыстацца "поўнымі правамі і апекай" з боку дзяржавы.

Злучаныя Штаты з асаблівай цікаўнасьцю прынялі заяву гэнэрала аб тым, што ягоны ўрад мае намер зьменшыць напружанасьць ў адносінах з Індыяй і вярнуцца да дэмакратыі, хоць адносна гэтага ён
не паведаміў ніякіх падрабязнасьцяў. Міністр замежных справаў Вялікабрытаніі Кук быў расчараваны выступам Мушарафа і выказаў думку, што праўдападобна Іслямабад будзе выключаны з брытанскай Садружнасьці, да якой належыць 54 былыя брытанскія калёніі.

Рэакцыя на ўчорашні выступ гэнэрала Мушарафа ў самім Пакістане была мешаная. Некаторыя аглядальнікі лічаць прамову новага кіраўніка дзяржавы "шчырай і сур'ёзнай", аднак іншыя занепакоеныя тым, што ён нічога канкрэтнага не сказаў пра аднаўленьне дэмакратыі.

На працягу апошніх 50 гадоў я чацьверты раз чую падобныя прамовы, – заявіў лідэр пакістанскай Народнай Партыі Ігбал Гайдэр.

Мой бацька на працягу 8 гадоў рыхтаваў краіну да выбараў ў 85-м годзе, – заявіў сын былога дыктатара Іяз уль Гак.

Дэпутат парляманту Мірза лічыць, што Мушараф сказаў проста тое, што народ хацеў пачуць, але выканаць свае абяцаньні будзе яму вельмі цяжка.

XS
SM
MD
LG