Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 кастрычнiка 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньняшняя акцыя "Марш Свабоды" вызначылася найбольшай за апошнія тры гады актыўнасьцю маніфэстантаў. Надзвычай жлрстка паводзіла сябе міліцыя. Так званая зачыстка тэрыторыі ідзе да гэтага часу.

Калі калёна дэманстрантаў дайшла да вуліцы Пуліхава, ёй дарогу перагарадзіў кардон амонаўцаў. Яны, закрываючыся шчытамі, пачалі разганяць дэманстрантаў, але сутыкнуліся з моцным супраціўленьнем. У выніку бойкі амонаўцы зьбеглі, а двух іх зьбітых калегаў дэманстранты пашкадавалі і, нават, далі аднаму зь іх валідол. Потым дэманстранты паклікалі амонаўцаў, каб тыя забралі сваіх байцоў.

Потым калёна здолела прайсьці толькі 100 мэтраў, бо дарогу ім перагародзілі вайскоўцы з розных частак. Ваенныя кінуліся на дэманстрантаў і тут на іх паляцелі спачатку тронкі ад сьцягоў, а пасьля камяні. Вайскоўцы спачатку хаваліся за шчытамі, а некаторыя зь іх пачалі адказваць дэманстрантам тым жа – яны падымалі камяні ды кідалі іх у дэманстрантаў.

Дзеля ўзмацненьня сілаў улады ззаду падцягнулі яшчэ некалькі ланцугоў вайскоўцаў. Камандваньне сачыла, каб ваенным не было куды адыходзіць. Праз неклалькі хвілінаў уся вуліца была запоўненая людзьмі ў шлемах ды са шчытамі. Яны пачалі апэрацыю так званай зачысткі тэрыторыі.

Людзей спэцназаўцы адсоўвалі да ракі ў выніку некалькі чалавек апынуліся ў ледзяной вадзе. Жорстка былі зьбітыя дзеці, якія прыбеглі паглядзець і стаялі ля плоту.

Асабліва агрэсыўна амонаўцы ставіліся да журналістаў, кідаліся на камэры і дыктафоны. У мяне двое спэцназаўцаў намагаліся выбіць дубінкамі магнітафон з рукі ды выцягнуць зь яго дыск. Фотакарэспандэнт "Белорусской Деловой Газеты" Максім Маліноўскі быў зьбіты і адвезены ў РАУС. Журналіст газэты "Навінкі" Мікола Салавей таксама быў жорстка зьбіты і затрыманы да гэтага часу. Спэцназаўцы ўварваліся ў краму, зьбівалі там людзей, прапускалі праз свой ланцуг і кідалі іх з ганку. У пакупнікоў і прадаўцоў гэта выклікала сапраўдны шок.

Адзьдзелы амонаўцаў разам із супрацоўнікамі Партызанскага РАУС атачалі людзей у дварох, хапалі ды кідалі іх у варанкі. На гэты момант вядома, што ў Савецкім РАУС знаходзіцца больш за тры дзясяткі чалавек, у Парызанскім РАУС – больш за шэсьцьдзесят. Усяго затрымана больш за 100 чалавек.

Вядома, што людзей хапаюць і дагэтуль. Зараз аточаны офіс Народнай Грамады. Колькі яшчэ будзе працягвацца паляваньне – невядома. Заўтра лічба затрыманых будзе больш дакладнаю, бо пачнуцца судовыя працэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG