Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 14 кастрычніка)
У сёлетнім навучальным годзе тэндэнцыя зьмяншэньня беларускамоўнага школьніцтва ў сталіцы краіны, на жаль, захавалася. Пра гэта сьведчаць дадзеныя, якія нашаму карэспандэнту Валянціне Аксак пасьля вялікіх намаганьняў, нарэшце, удалося атрымаць у гарадскім упраўленьні адукацыі.

У траўні, калі завяршаўся мінулы навучальны год, ворганы адукацыі ўжо мелі прагнозныя ды плянуемыя дадзеныя па колькасьці навучэнцаў, якія прыйдуць у школы ў верасьні. У гарадзкім упраўленьні адукацыі Менгарвыканкаму тады мне паведамілі, што яны зацікаўленыя ў захаваньні ды нават пашырэньні сеткі школаў ды клясаў, якія працуюць па-беларуску. З гэтаю мэтаю, паводле словаў чыноўнікаў, кіраўніцтву школаў дадзенае даручэньне весьці растлумачальныя гутаркі з бацькамі, дзеці якіх упершыню прыйдуць у школы ў верасьні. У падмацунак сваіх словаў чыноўнікі паказвалі паперы, у якіх значылася, што ў новым навучальным годзе ў Менску першаклясьнікаў будзе на цэлых дзевяць клясаў болей, чым летась. Зразумела, пры захаваньні колькасьці тых, хто ўжо вучыцца на роднай мове.

Аднак, не пасьпеў адзьвінець апошні школьны званок, як са школаў сталіцы пачалі паступаць зьвесткі пра зусім супрацьлеглыя дзеяньні ворганаў адукацыі. Пачаўся масавы перавод беларускамоўнага школьніцтва на расейскую мову навучаньня. Слухачы нашай праграмы памятаюць пра працяглае супроцьстаяньне вучняў многіх менскіх школаў са школьнымі ды раённымі ўладамі, зь якога пераможцамі ў некаторых выпадках выйшлі вучні, адстаяўшы сваё канстытуцыйнае права вучыцца па-беларуску ў пікетах пратэсту, у працяглай бюракратычнай перапісцы, у незгаворлівасьці з тымі, хто настойваў на зьнішчэньні гэтага іхняга права.

Ня ўсім, аднак , хапіла імпэту пратэставаць у часе летніх вакацыяў, заместа таго, каб адпачываць ды набірацца новых сілаў дзеля вучобы, а не дзеля барацьбы. Прыкладам, дзевяціклясьнікі 210-й школы. Яны выходзілі на антырусыфікацыйныя пікеты, наладжаныя Таварыствам беларускае мовы, пісалі лісты пратэсту. Аднак , адміністрацыя школы ціснула са свайго боку. У выніку тых, хто ўсё ж не перапісаў заявы на вучобу па-беларуску, засталося толькі пяць, і кляс не адчынілі. Хаця гэтая пяцёрка разам са сваімі бацькамі бунтавала ўвесь верасень.

Відаць, такія лякальныя войны і сталіся падставаю таго, што атрымаць афіцыйныя зьвесткі пра колькасьць беларускамоўнага школьніцтва ў сталіцы Беларусі аказалася ня так проста. Хаця такая інфармацыя й была ва ўпраўленьні адукацыі Менгарвыканкаму яшчэ напрыканцы верасьня, аднак, выдалі мне яе толькі 14 кастрычніка.

Што адразу зьвяртае на сябе ўвагу ў гэтых дадзеных, дык гэта новае зьмяншэньне набору беларускамоўных першаклясьнікаў. Замест абяцанага павелічэньня на дзевяць беларускамоўных першых клясаў, сёлета ў Менску стала іх яшчэ на адзін меней, чым летась.Усяго 689 хлопчыкаў ды дзяўчынак пачалі спасьцігаць азы навукі на роднай мове.

Лідзіруе тут, як і ў папярэннія гады, Савецкі раён сталіцы, ў якім па-беларуску ня вучыцца ніводзін першаклясьнік, ніводзін другаклясьнік, ніводзін дзесяціклясьнік.
Ніводнага беларускамоўнага старшаклясьніка няма ў Цэнтральным раёне сталіцы, які займае другі радок у гэтым сумнеўным лідэрстве.

Гэткім чынам, сёлета ў сталіцы краіны па-беларуску вучыцца 23797 хлопчыкаў ды дзяўчынак, што ў працэнтных адносінах да агульнае колькасьці менскіх школьнікаў складае дзсяць з паловаю працэнта. У мінулым навучальным годзе беларускамоўных сталічных школьнікаў было адзінацаць працэнтаў, у пазамінулым – трынаццаць і дзевяць дзесятых працэнта.

Як бачым сытуацыя, якая ўзьнікла ў сістэме нацыянальнае асьветы пасьля травеньскага 1995 году рэфэрэндуму, мае тэндэнцыю на выцясьненьне роднае мовы са школаў сталіцы. Няцяжка падлічыць, што пры такіх тэмпах празь некалькі гадоў у Менску не застанецца ніводнага дзіцяці, якое будзе вучыцца на мове тытульнай нацыі. А на сталіцу, як вядома, раўняюцца астатнія рэгіёны.

XS
SM
MD
LG