Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 14 кастрычніка)
Сёньня кіраўнік беларускае рабочае групы па ўрэгуляваньні двухбаковых беларуска-амэрыканскіх адносінаў, намесьнік міністра замежных справаў Уладзімер Герасімовіч перадаў амэрыканскаму амбасадару ў Менску Дэніэлу Спэкхарду выніковую ноту ў кампэнсацыйным пытаньні. Праблема кампэнсацыі беларускімі ўладамі панесеных ЗША матэрыяльных стратаў у выніку дыпляматычнага скандалу вакол Драздоў канчаткова вырашаная.

На пачатку гэтага году паміж кіраўніком зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Уралам Латыпавым і кіраўніцтвам Эўразьвязу было дасягнутае пагадненьне аб нармалізацыі адносінаў. Згодна зь ім, парадак і памеры кампэнсацыі павінны быць узгодненыя паміж Беларусьсю і эўрапейскімі краінамі на двухбаковай аснове.

Эўрапейскія амбасадары вярнуліся ў Менск, а вось амэрыканцы тады запатрабавалі ад беларускага боку падпісаньня асобнага пратаколу. Афіцыйны Менск спачатку прымаць умовы амэрыканскага Дзярждэпартамэнту адмаўляўся, але пазьней усё ж пагадзіўся стварыць пагадняльную камісію на чале з Герасімовічам.

Паводле словаў шэфа прэс-службы беларускага МЗС Мікалая Барысэвіча, перамовы з амэрыканцамі цягнуліся складана і марудна, але галоўнае тое, што вынік дасягнуты. Дэніэлу Спэкхарду ўлады прадаставілі новую рэзыдэнцыю ў Раўбічах, а таксама пагадзіліся выплаціць ЗША матэрыяльную кампэнсацыю. Сп. Барысэвіч гаворыць, што паводле дасягнутай беларуска-амэрыканскай дамоўленасьці, парадак і памер кампэнсацыі названы ня будзе.

Але яшчэ два тыдні таму агэнцтва БелаПАН паведаміла, што Саўмін даў распараджэньне міністэрству фінансаў выплаціць амбасадзе Злучаных Штатаў сто дзевятнадцаць з паловай тысячаў даляраў "у сувязі з вымушаным спыненьнем арэнды будынку ў комплексе "Дразды". А паводле распаўсюджанай днямі ангельскім часопісам "Economist" інфармацыі, сума кампэнсацыі складае 800 тысячаў даляраў.

Знайсьці пацьвярджэньне гэтай інфармацыі з незалежных крыніцаў на жаль ня ўдалася, бо супрацоўнікі інфармцэнтру амбасады ЗША ў Менску адмовіліся даваць якія-кольвек камэнтары на гэты конт. Аднак падобна на тое, што пытаньне выплаты грошай за Дразды для афіцыйнага Менску не абмяжуецца толькі разьлікам з амэрыканцамі.

Паводле словаў Мікалая Барысэвіча, нядаўна выплаціць кампэнсацыю за нанесеную матэрыяльную шкоду запатрабавалі і французкія дыпляматы. Цяпер гэтае пытаньне разглядаюць беларускія і французкія экспэрты.

XS
SM
MD
LG