Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

(эфір 14 кастрычніка)
Мейсца правядзеньня апазыцыйнага Маршу Свабоды 17 кастрычніка, дазволенае ўладамі, не задавальняе арганізатараў маніфэстацыі. Адзін з заяўнікаў "Маршу" – лідэр "Народнае Грамады" Мікола Стакевіч – ня выключыў, што акцыя пройдзе паводле незаплянаванага ўладамі сцэнару.

Арганізатары "Маршу Свабоды" пакуль поўняцца аптымізмам адносна заяўленай колькасці ўдзельнікаў – 100 тысячаў чалавек. Менск абклеены ўлёткамі, а спадзевы арганізатараў ня здолеў зруйнаваць нават Менгарвыканкам, які перанёс мейсца правядзеньня акцыі з цэнтру Менска на ўскраіну, забараніўшы шэсьце.

У якасьці заяўнікаў "Маршу" фігуруюць 22 чалавекі, прыналежныя да буйнейшых апазыцыйных партыяў і рухаў, свабодных прафсаюзаў, грамадзкіх арганізацыяў. Гэткім чынам, пералік ініцыятараў "Маршу" – напачатку гэта былі сямёра палітыкаў «новай хвалі» (як яны сябе называюць), пакрысе пашыраецца.

Адзін з ініцыятараў – лідэр Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі «Народная Грамада» Мікола Стакевіч лічыць, што гэта натуральна, бо мерапрыемства мусіць аб'яднаць усё, як ён гаворыць, «жывое, што яшчэ рухаецца ў гэтым грамадзтве». Дзеля гэтага арганізатары нават гатовыя не пагадзіцца з санкцыяй Менгарвыканкаму, які прыняў рашэньне дазволіць толькі мітынг на пляцы Бангалёр:

(Статкевіч: ) «Мы лічым гэтае рашэньне абразьлівым і незаконным – яно парушае нашае права на свабоду дэманстрацыяў, якое запісана ва ўсіх міжнародных дэклярацыях.

Дэманстранты будуць зьбірацца а 12-й гадзіне на пляцы Якуба Коласа. Магчыма, яны пройдуць і да пляцу Бангалёр. Ну і там, калі гэта здарыцца, на пляцы Бангалёр таксама будзе вызначана – людзі самі вызначаць – што ім рабіць далей.

І мяне нават зьдзіўляе страх уладаў, таму што такое ўражаньне, што тут сапраўдная паніка – што ўжо тут ня робіцца! Газэты з-за гэтага Маршу ўжо зачыняюць, пачынаюць вуліцы перакопваць: учора я глядзеў – каля Бангалёру ўжо пачынаюць вуліцу Кульман перакопваць, зачыняюць мост на вуліцы Янкі Купалы, абвяшчаюць усялякія ярмаркі й гэтак далей».

(Карэспандэнт: ) «Напярэдадні было абвешчана, што ў Маршы возьмуць удзел блізу 100 тысячаў чалавек – лічба неверагодная для апазыцыйных дэманстрацыяў апошняга часу – на чым грунтуецца Ваш аптымізм?»

(Статкевіч: ) «Гэта наша жаданьне… І акрамя таго ёсьць проста такі досьвед – калі абвяшчаецца 5 тысячаў, то прыходзіць тры. Калі ў гэтай дэманстрацыі возьме ўдзел ня 100 тысячаў, а нават 50 – гэта ўсё роўна будзе вялікая перамога беларускае дэмакратыі».

Першапачаткова акцыя мусіла стаць адным з галоўных інструмэнтаў ціску на афіцыйныя ўлады ў часе перамоўнага працэсу. Пра гэта заяўляў намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка. Перамовы так і не распачаліся. З адпаведным пытаньнем мы зьвярнуліся да сп. Вячоркі:

(Карэспандэнт: ) «Раней меркавалася, што Марш Свабоды будзе разглядацца як чыньнік пад час перамоўнага працэсу паміж уладаю і апазыцыяй. Аднак гэты працэс дагэтуль не распачаўся. У сувязі з гэтым – якую афарбоўку будзе мець Марш Свабоды?»

(Вячорка: ) «Так як і меркавалася – толькі падрыхтоўка да перамоўнага працэсу ў цішыні габінэтаў – гэта ў варунках рэжыму абсалютна недастатковая рэч. Мы паўтараем, што мы выступаем за мірны, дэмакратычны шлях трансфармацыі палітычнае сыстэмы Беларусі ад дыктатуры да дэмакратыі. І мы за тое, каб адбываліся перамовы, але пры ўмове зьмены палітычнага клімату. Гэта будзе марш «за» – за незалежнасьць, за вяртаньне ў сям'ю цывілізаваных народаў, за дабрабыт, за дэмакратыю і за справядлівасьць».

Паводле словаў Вінцука Вячоркі, у часе «Маршу Свабоды» будуць наладжаныя гэпэнінгі і пэрфомансы – відовішчы, здольныя зьмяніць уяўленьні апазыцыйнае публікі пра масавыя акцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG