Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У Беларусі афіцыйная прэса надае шмат увагі дамове пра стварэньне беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы. Як жа адбываецца абмеркаваньне праекту ў Расейскай Фэдэрацыі, і ці ідзе яно навогул?

Два ці тры гады таму праекты падобных дамоваў актыўна абмяркоўваліся на старонках маскоўскай прэсы, і цэлыя палосы прысьвячаліся інтэграцыі ў гэткіх папулярных выданьнях, як "Независимая газета" альбо "Известия". Сёньня рэакцыя ў расейскай прэсе на чарговую інтэграцыйную ініцыятыву – надзіва спакойная. Прайшоў больш як тыдзень пасьля апублікаваньня праекту, і, нават, маскоўскія газэты, якія маглі б запрасіць самых тытулаваных аналітыкаў і палітолягаў, абмяжоўваюцца кароткімі пераказамі сутнасьці чарговага праекту.

Праўда, са старонак расейскай прэсы фігура Аляксандра Лукашэнкі не сыходзіць.

Учора газэта "Вечерняя Москва" падрабязна распавяла пра побытавыя ўмовы і звычкі беларускага кіраўніка. Чытачы даведаліся, што дзеля таго, каб завітаць да маці Лукашэнкі, патрэбны адмысловы дазвол Рады Бясьпекі. Альбо, што пасьля рэканструкцыі "Драздоў" усе жыхары гэтага "комплексу" могуць дэмкратычна, нароўні з прэзыдэнтам, карыстацца новым 25-ці мэтровым басэйнам. Ці што кіраўнік Беларусі штоначы мяняе пакоі ў мэтах бясьпекі, а ў ежы аддае перавагу, як піша "Вечерняя Москва", "традыцыйнай" страве беларускае кухні – ёгурту, а з небеларускай, паводле зьвестак – асятровай, чорнай ікры. Ну і гэтак далей.

Перагледзіўшы на Інтэрнэце каля двух дзясяткаў рэгіянальных расейскіх газэтаў, я не знайшоў у іх нічога, што нагадвала б пра "усенароднае абмеркаваньне" праекта дамовы аб стварэньні хаўруснай дзяржавы. Выглядае, расейскае грамадзтва больш цікавяць новая каўказская вайна, тэрарызм ды пэрманэнтныя маскоўскія палітычныя скандалы. Я вырашыў патэлефанаваць да калегаў – журналістаў, але на гэты раз не сталічных, маскоўскіх, але правінцыйных.

Чувашыя – такі ж суб'ект Расейскай Фэдэрацыі, як Смаленская вобласьць ці Краснаярскі край, хаця і зьяўляецца нацыянальнай рэспублікай, як Татарстан ці Калмыкія. Тут няма міжнацыянальных канфліктаў, як у некаторых каўказскіх рэспубліках, але гэтак жа затрымоўваюць зарплаты ды пэнсіі, як на якім-небудзь Сахаліне. На кіруючых пасадах у Чувашыі – былая кампартыйная наменклятура, але прэзыдэнт рэспублікі, саракагадовы Мікалай Фёдараў, у свой час быў самым маладым міністрам юстыцыі у гісторыі Расеі, а цяпер зьяўляецца дэпутатам Эўрапарляменту і, нават, быў прапанаваны на пасаду намесьніка старшыні гэтага форуму. Словам, шмат у чым Чувашыя – тыповая тэрытарыяльная адзінка Расейскай Фэдэрацыі.

Вядома, мне хацелася ня проста даведацца, як тут ставяцца да беларуска-расейскага аб'яднаньня, але пачуць журналісцкую ацэнку і праекту дамовы, і грамадзскіх настрояў. Адразу скажу, што толькі з чацьвертай спробы мне ўдалося абмеркаваць тэму інтэграцыі. У трох папярэдніх газэтах, куды я тэлефанаваў, намесьнік рэдактара, загадчык аддзела навінаў і карэспандэнт заявілі, што яны не валодаюць сытуацыяй.

Рэдактар газэты "Чебоксарские новости" Леў Васільеў праект дамовы таксама не чытаў, але перакананы, што за тры гады інтэграцыйнага працэсу настроі людзей не зьмяніліся.

(Васільеў: ) "Я думаю настрой у насельніцтва не зьмяніўся. За хаўрусную дзяржаву, вось у тым выглядзе, як прапануецца, я думаю, напэўна… народ "за".

Гэта быў Леў Васільеў, рэдактар газэты "Чебоксарские новости". Я паспрабаваў высьветліць, чым жа вытлумачыць жаданьне чувашоў аб'яднацца з краінай, якая знаходзіцца ад іх на адлегласьці больш як тысяча кілямэтраў?

(Васільеў: ) "Таму што, як кажуць, дзьве славянскія дзяржавы, ішлі, як кажуць, пад адным сьцягам, да адзінае мэты у рашэньні цяжкіх пытаньняў, міждзяржаўных праблемаў. Вось вакол гэтага ўсё і ідзе".

Гэта быў Леў Васільеў, рэдактар газэты "Чебоксарские новости". Нагадаю таксама, што чувашы належаць да групы цюркамоўных народаў.

Дарэчы, ня ўвесь чуваскі народ адзіны ў інтыграцыйным памкненьні. Днямі газэта "Советская Чувашия" зьмясьціла інтэрвію з лідэрам Зьвязу чуваскае моладзі "Сувар" Алегам Цыплянковым пад назовам "Чувашы не павінны зрабіцца нагэтульскі дрэннымі, як рускія". Маладзёвы лідэр занепакоены, цытую, "адраджэньнем імпэрыі" і, больш за тое – "русыфікацыяй Расеі". Ён абураецца тым, што калі чуваская спартоўка Валянціна Ягорава перамагла на міжнародным спаборніцтвах, камэнтатар маскоўскай тэлевізіі пахваліў яе за "сапраўдны рускі характар". Лідар саюзу чувашскай моладзі негатыўна ставіцца да ідэі пабудовы "агульнаславянскай дзяржавы". Як можна меркаваць з публікацыі, гэтыя падыходы падзяляе як мінімум тая даволі не малая група маладых чувашоў, якая навучаецца цяпер у эўрапейскіх унівэрсытэтах і, трэба меркаваць, рана ці позна зойме месца кіруючай ды інтэлектуальнай эліты гэтай рэспублікі.

XS
SM
MD
LG