Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 14 кастрычнiка 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Эўрапейская камісія – выканаўчы ворган Эўрапейскага Зьвязу – падвяла папярэднія вынікі праверкі краінаў-кандыдатак на ўступленьне ў ЭўраЗьвяз. Камісія рэкамэндавала на саміце ЭўраЗьвязу ў сьнежні заявіць пра гатовасьць пачаць ад 2002 году прыём краінаў, якія да таго часу будуць адпавядаць эўрапейскім крытэрыям у палітычнай, эканамічнай і прававой галінах. Камісія рэкамэндавала таксама разгледзець пытаньне аб пачатку перамоваў адносна прыёму з Баўгарыяй, Латвіяй, Летувою, Мальтаю, Румыніяй і Славаччынаю.

Ад мінулага году перамовы наконт далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу йдуць з першай шасьцёркаю кандыдатаў: Польшчаю, Чэхіяй, Вугоршчынаю, Славеніяй, Эстоніяй і Кіпрам. 13-м кандыдатам лічыцца Турцыя, зь якой пакуль не плянуюцца перамовы з-за праблемаў у галіне правоў чалавека, хаця яна застаецца з фармальным статусам кандыдата.

У дакладзе, які ўчора прадставіў Эўрапейскаму парляманту старшыня Эўракамісіі Рамана Продзі, зазначана, у якіх галінах кандыдаты ўсё яшчэ маюць праблемы. Праблемаю, агульнай для ўсіх краінаў, застаецца пытаньне аховы навакольнага асяродзьдзя – у дакладзе зазначана, што ніводная з краінаў-кандыдатак не дасягнула прагрэсу ў прыняццьці пунктаў эўрапейскага закону аб ахове навакольля – ён завецца "аквіз". ЭўраЗьвяз, як вядома, мае самыя жорсткія ў сьвеце нормы ў ахове навакольля, і дзеля таго, каб адпавядаць гэтым крытэрыям, кандыдатам трэба ўкласьці ў гэтую галіну мільярды даляраў.

Галоўныя прэтэнзіі, датычныя ядравай бясьпекі, былі выказаныя да Баўгарыі: перамовы зь ёй пачнуцца толькі ў тым выпадку, калі яна да сьнежня дасьць пэўныя абяцаньні наконт тэрмінаў закрыцьця чатырох рэактараў Казладуйскай АЭС. Гэтая станцыя – "чарнобыльскага" тыпу, і толькі ў мінулым месяцы Баўгарыя пачала паддавацца эўрапейскаму ціску, і парлямэнт гэтае краіны прыняў стратэгію разьвіцьця энэргетыкі.

Не задавальняе Эўропу з пункту погляду ядравай бясьпекі і станцыя ў славацкім месьце Богуніцэ – і хаця краіна паабяцала зачыніць рэактары да 2008 году – Аўстрыя заклікала зрабіць гэта яшчэ хутчэй. У цэлым камісія станоўча ацаніла намеры і Славаччыны, і Летувы зачыніць старэйшыя рэактары на іхных станцыях.

У зацьверджаньні прынцыпаў рынкавай эканомікі справы йдуць някепска ва ўсіх кандыдатаў, за выклычэньнем Славеніі, Летувы, Баўгарыі і Румыніі. Прычым стан румынскай эканомікі выклікае занепакоенасьць экспэртаў ЭўраЗьвязу.

У далучэньні свайго заканадаўства да эўрапейскіх нормаў хутчэй за ўсё працуюць Вугоршчына, Латвія і Баўгарыя. Да іх, аднак, таксама йснуюць прэтэнзіі. Так, выказаная заклапочанасьць узроўнем карупцыі, становішчам цыганскае мяншыні ды сытуацыяй са свабодаю прэсы ў Вугоршчыне. На працягу 1988 году вугорская пракуратура зарэгістравала 455 справаў, датычных карупцыі – на 4 адсоткі вышэй у параўнаньні з 97-м годам. Цыганы складаюць 600 тысячаў – каля 6 адсоткаў насельніцтва, аднак, пасьля амаль двух гадоў дыскусіяў Вугоршчына так і не прыняла закону аб прадстаўніцтве нацыянальных мяншыняў у парлямэнце. Хаця, у той жа час, стаў больш лібэральным і набліжаным да эўрапейскіх нормаў закон аб уцекачох.

Між іншага, закіды адносна правоў нацыянальных мяншыняў былі зробленыя і ў бок Латвіі з Эстоніяй – на думку Рамана Продзі, яны мусяць надаць больш увагі забесьпячэньню правоў некарэннага насельніцтва.

Вугорская экноміка, пры ўсіх адзначаных станоўчых зрухах, таксама патрабуе некаторай карэктоўкі. Так, адзначана, што Вугоршчына мае адзін з вышэйшых у Эўропе рост валавага нутранага прадукту, зьнізіла інфляцыю, павялічыла экспарт з краінаў ЭўраЗьвязу і, адпаведна, імпарт у Эўропу. Аднак, камісія адзначыла, што патрабуецца больш увагі разьвіцьцю сельскае гаспадаркі й выказала заклапочанасьць тым, што Вугоршчына прадстаўляе асаблівыя – выгаднейшыя – умовы для гандлю з Ізраілем, аддаючы яму перавагу перад краінамі-ўдзельніцамі ЭўраЗьвязу. Перад краінаю пастаўленая задача выпраўленьня гэтае сытуацыі.

Што тычыцца выкананьня так званых "капэнгагенсікіх крытэрыяў" – вылучаных летась для краінаў-кандыдатак на саміце ў Капэнгагене – то на думку камісіі, найбольшага прагрэсу ў палітычнай сфэры дасягнула Славаччына. Яшчэ два гады таму гэтая краіна, разам з Беларусяй, была занесеная ў шэраг несвабодных – сёньня сытуацыя адрозьніваецца кардынальна. У чым прычына такога фантастычнага рыўку? Гаворыць рэдактар Славацкае службы "Радыё Свабодная Эўропа" Дэніэл Росс:

(Росс: ) "Пасьля таго, як у Славаччыне зьмянілася ўлада – сыйшоў урад Уладзімера Мечыяра – які вёў краіну хутчэй на Ўсход, чым на Захад, надыйшла ўлада прэм'ера Дзурынды, які кардынальна зьмяніў палітыку краіны, вядзе Славаччыну адназначна на Захад і кажа пра інтэграцыю дзе толькі магчыма. Новы ўрад зрабіў усё магчымае дзеля таго, каб выправіць памылкі, зробленыя папярэднікамі, і прывесьці Славаччыну ў Эўропу. Гэта стала магчымым дзякуючы палітычнае волі. Урад робіць рэформы, намагаецца зьмяніць імідж Славаччыны, прыцягнуць інвэстыцыі, навязаць добрыя стасункі з іншымі краінамі. Карацей, гэта абсалютная зьмена палітыкі як такой".

(Карэспандэнтка: ) "Яшчэ нядаўна Чэхія абганяла Славаччыну паводле ўсіх паказьнікаў, і здаваўся такім вялікім разрыў паміж дзьвюма краінамі, якія некалі былі адной. Цяпер сытуацыя павярнулася наадварот. З чым вы гэта зьвязваеце?"

(Росс: ) "У Чэскай Рэспубліцы іншая сытуацыя. Чэхія заўсёды была, так бы мовіць, добрым вучнем, лічылася, што яна – першы кандыдат, самі чэхі думалі, што яны самыя хуткія ў рэформах, найбольш падрыхтаваная. І спачатку, сапраўды, рэформы там праходзілі хутчэй, а ў іншых постсавецкіх краінах – у тым ліку, у Славаччыне – памалу. Аднак, сказалася расчараваньне, што краіна ня так хутка ідзе да рэформаў, як абяцаў Клаўс, жахлівая стома – у выніку людзі абралі левых. А гэты ўрад вельмі неспрыяльны з пункту погляду руху ў Эўропу. Аднак, Славаччына не адчувае злараднасьці – што вось мы, маўляў, апярэдзілі чэхаў. Для абедзьвюх краінаў вельмі важна было б разам уступіць у Эўропу. Гэта адзін геапалітычны рэгіён – і вельмі шкада, што так ня стала ў выпадку з NATO".

(Карэспандэнтка: ) "Як вы думаеце: новая аб'яднаная Эўропа будзе аднароднай? Ці сатруцца калі-небудзь у нутры яе межаў адрозьненьні паміж краінамі Заходняй Эўропы, Усходняй Эўропы і былымі рэспублікамі СССР?"

(Росс: ) "Да пэўнай ступені бачым гэта на прыкладзе Ўсходняй Нямеччыны, якая інтэгравалася на самой справе, аднак, там існуюць два мэнталітэты, два жыцьцёвыя ўзроўні, два віды праблемаў. Так што розьніца паміж Заходняй і Ўсходняй Нямеччынаю – нягледзячы на тое, што гэта адзіная краіна – з адной юрыдычнай, палітычнай, эканамічнай сыстэмаю – застаецца. 40 гадоў камунізму – гэта доўгі тэрмін. Камунізм прынес праблемы, якія так хутка не вырашаюцца, напрыклад, аб'яднаньнем краіны або інтэграцыяй яе да большай сыстэмы. Вядома, добра інтэграваць посткамуністычныя краіны да Заходняй Эўропы, аднак асноўных праблемаў гэта ня вырашыць. Тут наадварот: спачатку вырашаюцца асноўныя праблемы, а потым зьдзяйсьняецца інтэграцыя да Заходняй Эўропы".

Cуседка Славаччыны, зь якой яны разам яшчэ нядаўна складалі адную дзяржаву – Чэхія, як мы ўжо казалі – была рэзка скрытыкаваная ў дакладзе Эўракамісіі. Ня толькі Чэхія, але й такі бясспрэчны кандыдат, як Польшча, збавілі тэмпы рэформаў.

Аднак, Чэхіі гэта тычыцца найбольш. Летась гэтую краіну таксама крытыкавалі – разам са Славеніяй – за недастатковае прывядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць з Эўрапейскімі крытэрыямі. Сёлета быў адзначаны прыкметны прагрэс Славеніі, што да Чэхіі – то ёй значна перашкаджае немагчымасьць дасягнуць узаемаразуменьня паміж урадам і парлямэнтам.

У зьвязку з гэтым у дакладзе камісіі адзначана, што падрыхтоўка да ўступленьня ў ЭўраЗьвяз – гэта справа ўсіх палітычных сілаў грамадзтва, і посьпех можа быць дасягнуты толькі тады, калі змогуць дамовіцца ўрад і парлямэнт. Чэхія прасунулася крыху наперад з гарманізацыяй заканадаўства ў галіне сэртыфікацыі і стандартызацыі, лібэралізацыі рынку каштоўных папераў, страхаваньня, аднак, гэтага яўна недастаткова.

У кожным разе, рашэньне аб тэрмінах пачатку перамоваў і прыёме будуць прымацца Эўразьвязам, і гэтыя рашэньні будуць улічваць усе фактары. Аднак, ужо зразумела, што Эўропа мяняецца незваротна: на пачатку наступнага тысячагодзьдзя да шэрагу разьвітых дэмакратычных краінаў далучацца яшчэ 13.

Усходняя палітычная мяжа Эўропы робіцца ня толькі мяжою паміж дзяржавамі, а прорваю паміж сыстэмамі. На мяжы гэтай прорвы балянсуе цяпер Беларусь. Прыклад некаторых краінаў – такіх, як Славаччына, паказвае, што пры наяўнасьці палітычнае волі прорву можна пераскочыць. Аднак, гэта магчыма да часу, пакуль яна ня стала непераадольнай.

XS
SM
MD
LG