Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 кастрычнiка 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

(эфір 13 кастрычніка)
Нядаўна беларускі ўрад прыняў пастанову ў разьвіцьцё дэкрэту Лукашэнкі аб працоўнай дысцыпліне. Паказальна, што ўрадавая пастанова ўступае ў дзеяньне на два месяцы раней, чым дэкрэт.

Пастанова аб працоўнай дысцыпліне і палажэньне аб кантракце былі падпісаныя Сяргеем Лінгам напрыканцы верасьня, але зарэгістраваныя як дзяржаўныя дакумэнты толькі на мінулым тыдні. У дзеяньне палажэньне і пастанова ўступілі з 27 верасьня, ня гледзячы на тое, што дэкрэт аб працоўнай дысцыпліне ўвойдзе ў сілу толькі ў канцы лістапада.

Ні ва ўрадавай пастанове, ні ў палажэньні аб кантракце не рэглямэнтуецца вельмі значная рэч. А менавіта – што рабіць работніку, каб абараніць сваё права працаваць згодна з кваліфікацыяй. У тэксьце ўрадавых дакумэнтаў наймальніку фактычна не забараняецца пагаршэньне ўмоваў працы работніка пры заключэньні кантракту. Згодна з Кодэксам законаў аб працы, пагаршэньне ўмоваў магчымае, але ж кодэкс абараняе работніка ад зьніжэньня кваліфікацыі. Урадавая пастанова не прадугледжвае, што пры пераходзе на кантракт кваліфікацыя супрацоўнікаў павінна быць захаваная. Паводле кодэксу, працоўная дамова можа быць скасаваная толькі ў тым выпадку, калі ўмовы працы аб'ектыўна ня могуць быць захаваныя, а работнік ня згодны працаваць у новых умовах.

Ва ўрадавых дакумэнтах гэтыя палажэньні кодэксу проста не знайшлі адлюстраваньня. А значыць , наймальніку цяпер фактычна не забараняецца пагаршаць умовы працы работнікаў і, нават, пераводзіць іх на пасаду, якая патрабуе ніжэйшай кваліфікацыі. Калі работнік не пагодзіцца з гэтым, кантракт можа быць скасаваны.

Незалежныя спэцыялісты ня ведаюць дакладна, ці гэта проста юрыдычная недарэчнасць, ці Савет Міністраў спецыяльна праігнараваў патрабаваньні заканадаўства.

Відавочна іншае – асабліва клапаціцца аб правах працаўнікоў кіраўніцтва краіны не зьбіраецца.

XS
SM
MD
LG