Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Рашэньне сэнату ЗША адхіліць дамову аб забароне ядзерных выпрабаваньняў займае сёньня адно з першых мейсцаў у паведамленьнях інфармацыйных агенцтваў і на старонках заходняй прэсы. Разам з тым усе сродкі масавай інфармацы прыводзяць ключавое выказваньне дзяржаўнага сакратара ЗША Мадлен Олбрайт аб тым, што мараторы на ядзерныя выпрабаваньні ў краіне захоўваецца.

У падтрымку дамовы выказаліся 48 сэнатараў, супраць – 51. Галасаваньне адлюстравала зацятую барацьбу паміж дзьвума партыямі. Дэмакраты меркавалі выкарыстаць забарону ядзерных выпрабаваньняў у якасьці галоўнага здабытку ў выбарчай кампаніі 2000 году, зважаючы на тое, што большасьць амэрыканскіх выбаршчыкаў выказваюцца за гэта.
Аб тым жа нагадаў у сваім выступе й Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

Аднак, лідэр рэспубліканскае большасьці ў сэнаце Трэнт Лот у сваім выступе назваў дамову "фатальнай памылкай."
Дасюль яе падпісалі 154 дзяржавы, улучна з ЗША й Расеяй. Аднак, дакумэнт можна будзе лічыць прынятым толькі ў выпадку, калі яго ратыфікуюць 44 дзяржавы, якія валодаюць ядзернай зброяй, альбо маюць патэнцыйную магчымасьць яе стварыць. Індыя, Пакістан, Ізраіль, Іран і Паўночная Карэя адмаўляюцца падпісваць гэты дакумэнт.

Галасаваньне ў сэнаце нанесла дадатковы ўдар па дамове.
Дзяржаўны сакратар ЗША Мадлен Олбрайт падкрэсьліла, што Амэрыка захоўвае мараторы на гэтыя выпрабаваньні.
"Злучаныя штаты сёньня не плянуюць і ня маюць неабходнасьці праводзіць выпрабавальныя ядзерныя выбухі", – заявіла Мадлен Олбрайт.

Тым ня менш, пасьля галасаваньня ў сэнаце "сьвет стаў больш небясьпечным", – заявіў сэнатар-дэмакрат Карл Левін. Паводле ягоных словаў, "падзеі апошніх дваццаці чатырох гадзінаў у Пакістане паказалі ўсю непажаданасьць ядзерных выпрабаваньняў, якія правёў сёлета пакістанскі ўрад".

Аднак, апанэнты дамовы сьцвярджаюць, што ейнае выкананьне цяжка праверыць, і што яна наўрад ці здольная спыніць тэрарыстычныя арганізацыі, альбо дыктатараў у стварэньні ядзернае зброі. На думку старшыні сэнацкага камітэту ў замежных справах Джэсі Хэлмса, дамова можа, нават, падарваць нацыянальную бясьпеку ЗША.

Сваім галасаваньнем амэрыканскі сэнат ударыў у самую сэрцавіну палітыкі адмінстрацыі Клінтана ў галіне кантролю над стратэгічнымі ўзбраеньнямі. Многія дыпляматы ды вайсковыя экспэрты папярэдзілі, што гэта можа аказаць яшчэ большы доўгатэрміновы уплыў у маштабах усяго сьвету, – піша ў сёньняшнім нумары "Washington Post". У будучым гэта можа падарваць здольнасьць ЗША, як наймагутнай ядзернай дзяржавы, ўтрымаць пад кантролем колькасьць сябраў так званага ядзернага клюбу, спыніць разьвіцьцё ядзерных тэхналёгіяў у Іране і Паўночнай Карэі ды перашкодзіць Расеі й Кітаю нарошчваць свае ядзерныя арсэналы.

Нават апанэнты дамовы прызнаюць, што адмова ратыфікаваць дамову будзе мець нэгатыўныя наступствы. Як сказаў былы дзяржаўны сакратар ЗША Генры Кісынджэр, які падтрымаў рашэньне сэнату: "калі мы так шмат ставілі на гэтую дамову, дык яна (гэтая забарона) моцна адбілася на нашым лідэрстве. Але з другога боку, я думаю, што гэта дрэнная дамова", – сказаў Кісынджэр.

Аднак у многіх краінах – аліянтах ЗША ў Эўропе, адхіленьне дамовы ўспрынятае як найсур'ёзнае адступленьне амэрыканскага кіраўніцтва ў галіне кантролю за стратэгічнымі ўзбраеньнямі за ўсю пасьляваенную эпоху, – піша "Washington Post".
Між іншым, прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын пакуль не накіраваў дамову аб забароне ядзерных выпрабаваньняў на ратыфікацыю ў парлямэнт, – нагадвае газэта. На думку аднаго з расейскіх вайсковых спэцыялістаў, на якога спасылаецца "Washington Post", цяпер наўрад ці гэта адбудзецца ў блізкім часе.

Вядома, што ў Расеі ёсьць нямала праціўнікаў паляпшэньня адносінаў із ЗША ды НАТА. Дастакова нагадаць, што дума нядаўна адмовілася ратыфікаваць дамову аб скарачэньні стратэгічных узбраеньняў (СНВ-2).

Сярод найбольш актыўных крытыкаў палітыкі ЗША нязьменна прысутнічае Аляксандар Лукашэнка. Напярэдадні свайго візыту ў Калінінградзкую вобласьць ён зноў назваў "памылкай" выввад расейскіх ядзерных ракетаў зь Беларусі і гаварыў аб страчаных магчымасьцях у разьвіцьці ўласных ядзерных тэхналёгіяў. Натуральна, падобныя выказваньні дадаюць ускосныя аргумэнты на карысьць тых, хто сумняецца, што дамова аб забароне ядзерных выпрабаваньняў здымае ўсе пытаньні.

XS
SM
MD
LG