Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Як паведамляе агэнцыя "Reuters", сёньня расейскія фэдэральныя сілы працягвалі ўтрымліваць так званую "зону бясьпекі" на поўначы Чачні. Авіяцыя працягвае бамбаваць аб'екты, якія Масква вызначае як зоны скапленьня баевікоў, тым часам як колькасьць уцекачоў з Чачні, паводле Ройтэр, дасягнула 150 тысячаў чалавек.

Аднак, вайна ідзе ня толькі з выкарыстаньнем гарматаў і бамбавікоў. Сапраўды вялікія маштабы набывае інфармацыйнае супрацьстаяньне. "Сёньня расейскі ўрад значна больш сур'ёзна фільтруе інфармацыю, чымсьці пад час папярэдняе вайны з Чачнёй", – прыводзіць агенцыя Франс Прэс меркаваньне намесьніка дырэктара радыёстанцыі "Эхо Москвы" Сяргея Бантмана. Урад зразумеў, што галоўнай памылкай, якую ён зрабіў у мінулай вайне, была параза ў інфармацыйным процістаяньні.

Сёньня гэтая вайна са старонак газэтаў, тэлевізійных экранаў ды радыёхваляў перакінулася і ў вэб-прастору. На некаторыя асаблівасьці гэтай новай зьявы зьвяртае ўвагу вашынгтонскі аналітык "Радыё Свабода" Пол Гобл.

На мінулым тыдні афіцыйныя прадстаўнікі Расеі адвяргалі факт атакі фэдэральнай вайсковай авіяцыі на аўтобус з чачэнскімі ўцекачамі; аднак яшчэ перад тым, як гэта прагучала па цэнтральнай расейскай тэлевізіі, чачэнцы выставілі на адным з вэб-сайтаў фатаздымкі трагедыі.

Гэта прымусіла разважаць аб мэтадах, якія Масква ўжывае пад час цяперашняй кампаніі ў Чачні, а таксама прымусіла расейскага прэмьера Уладзімера Пуціна засяродзіць увагу на ролі Інтэрнэту пад час канфлікту.

Расейская газэта "Известия" крытычна заўважае, што цэнтралізаваная вайсковая цэнзура інфармацыі пра вайну на Паўночным Каўказе – адзіная новая ідэя ў прапанаванай дактрыне нацыянальнай бясьпекі.

Зрэшты, калі вайсковая цэзура ня ёсьць адкрыцьцём – большасьць урадаў ужывае яе пад час войнаў — дык вайна ў віртуальным сьвеце Інтэрнэту ўяўляе нешта новае. І ў гэтым выпадку адзін бок наўрад ці можа можа мець істотную перавагу перад іншым, — нават калі ў рэальнасьці сытуацыя выглядае інакш.

Пачынаючы з моманту распаду Савецкага Саюзу ў 91-ым годзе, чачэнцы трымалі ініцыятыву ў выкарыстаньні Інтэрнэту як спосабу прарыву інфармацыйнай блякады, якую стварылі расейскія ўлады пад час канфлікту.

На мінулых тыднях расейскі урад нанёс удар у адказ. Ён паспрабаваў зачыніць найбольш істотны з чачэнскіх вэб-сайтаў – www.kavkaz.org – і нават шукаў ў гэтай спараве падтрымкі заходніх урадаў. Дарэчы, сёньня, 13 кастрычніка, гэты сайт працаваў ізноў.

Аднак Масква не абмежавалася афіцыйнымі крокамі супраць чачэнцаў у гіперпрасторы. Чачэнскія вэб-сайты зьнішчаліся й хакерамі.

Да таго ж, расейскія афіцыйныя інфармацыйныя агенцыі пашырылі ўласную актыўнасьць у вэб-прасторы ня толькі шляхам павелічэньня колькасьці вэб-старонак, але і праз адаптаваньне інфармацыі да той альбо іншай аўдыторыі карыстальнікаў.

Кантроль за інфармацыяй заўсёды зьяўляўся істотным элемэнтам вайсковае стратэгіі, а часам і вызначаў вынік ваеннае кампаніі. На працягу гісторыі чалавецтва менавіта палкаводцы ды іхныя вярхоўныя палітычныя кіраўнікі вырашалі, паведамляць ці не пра тую ці іншую "баталію".

Аднак, павелічэньне колькасьці газэтаў у Эўропе на працягу апошняга стагодзьзя і, у яшчэ большай ступені, зьяўленьне радыё і тэлебачаньня, значна абмежавалі гэтыя магчымасьці вайсковых стратэгаў і палітыкаў. Зьяўленьне ж Інтэрнэту зьвяло іх да мінімуму.

Калі Масква зьнішчае адзін чачэнскі сайт, дык на працягу гадзінаў, калі не хвілінаў, ўзьнікае іншы. Калі хакер, які спачувае афіцыйнай пазыцыі Масквы, атакуе чачэнскую вэб-старонку, можна чакаць, што чачэнцы ў адказ зьнішчаць нейкую расейскую.

І сапраўды, існуе меркаваньне, што менавіта чачэнцы альбо тыя, хто ім спачувае, сьцёрлі пэрсанальны вэб-сайт маскоўскага мэра Юрыя Лужкова ў адказ на ягоныя заявы супраць Чачні і намаганьні выштурхнуць чачэнцаў з расейскага бізнэсу.

Гэткім чынам, Інтэрнэт і гіпэр-прастора пераўтвараюцца ў своеасаблівы "другі фронт" змаганьня ў сучаснай вайне, але такі фронт, на якім ніводны бок ня ў стане атрымаць канчатковую перамогу.

Гэтая новая віртуальная прастора стварае іншую рэальнасьць, у якой тыя, хто спрабуе рэгуляваць плыні навінаў, пацерпяць болей, чым тыя, хто вызнае прынцып свабоды інфармацыі, – лічыць Пол Гобл . А перамога апошніх у гіпер-прасторы, магчыма, ператворыцца і ў іншыя перамогі.

XS
SM
MD
LG