Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 12 кастрычніка)
Старшыня Дзяржкамдруку Міхал Падгайны сьцьвярджае, што прычынаю скасавання рэгістрацыйных пасьведчаньняў шэрагу недзяржаўных выданьняў сталі недарэчна й супярэчліва аформленыя ў ягоным ведамстве службовыя інструкцыі й памяткі. Падгайны паабяцаў, што пацярпелыя газэты будуць зноў зарэгістраваныя адразу ж пасьля таго, як атрымаюць адпаведныя дазволы ад мяйсцовых адміністрацыяў.

Спадар Падгайны сабраў сёньня прэсавую канфэрэнцыю з нагоды паездкі беларускае дэлегацыі ў Маскву, дзе ў хуткім часе адбудзецца міжнародная выстава "Прэса-2000". Аднак прысутных журналістаў больш цікавіла становішча незалежнае прэсы ў нутры краіны, чым пэрспэктывы выхаду беларускіх дзяржаўных газэтаў на расейскую інфармацыйную прастору. Ня так даўно Дзяржкамдрук скасаваў выдавецкія ліцэнзыі некалькім незалежным газэтам і часопісам з-за таго, што яны не атрымалі дазволу ад мяйсцовай "вертыкалі" на разьмяшчэньне рэдакцыяў на тэрыторыях адпаведных раёнаў. Раней ведамства Міхала Падгайнага такіх патрабаваньняў рэдакцыям новых выданьняў не прад'яўляла.

Вось як патлумачыў дзеяньні Дзяржкамдруку сам Міхал Падгайны:

(Падгайны: ) "Тут сапраўды была, напэўна, зроблена нейкая недарэчнасьць яшчэ маімі папярэднікамі. Таму што ў адпаведнасьці з законам кожнае выданьне мусіць прадставіць адпаведны пакет дакумэнтаў. У памятцы – ня ў нейкай інструкцыі, ня ў нейкім нарматыўным акце, а ў памятцы – было запісана, што "акрамя гораду Менску"… І калі мне прывялі гэты прыклад, шчыра кажучы, я пачырванеў да вушэй – я закон ведаю "ад коркі да коркі". І першае, што я змог зрабіць – гэта даць пэўны тэрмін для тых газэтаў і часапісаў, што выходзіць на сёньняшні дзень. Мы адмянілі рэгістрацыйныя пасьведчаньні толькі для тых, хто не выходзіў. Мы накіравалі зараз лісты ўсім іншым, якія выходзяць, далі ім пэўны тэрмін, каб яны прывялі ў адпаведнасьць усе сваі дакумэнты. Як толькі будзе прыведзена ў адпаведнасьць з законам тыя даведкі, адразу ж гэты загад будзе адменены".

Аднак праблема скасаваных ліцэнзыяў выглядае ня так проста, як яе падае шэф Дзяржкамдруку. Так, многія раённыя адміністрацыі робяць выгляд, што навогул не разумеюць, якія дазволы яны павінны выдаваць рэдакцыям і які характар павінны насіць гэтыя дакумэнты – дазваляльны ці паведамляльны. Адказу на гэтае пытаньне ня ведае і сам Падгайны.

Паводле словаў шэфа Дзяржкамдруку, у самым блізкім часе юрысты вызначацца наконт характару дазволаў. Міхал Падгайны таксама ня ведае, на якой падставе падатковыя ворганы праводзяць праверкі фірмаў, што разьмяшчалі рэкляму ў незалежных выданьнях. Ён мяркуе, што праверка можа быць зьвязаная зь дзейнасьцю аднае камэрцыйнае структуры, якая быццам бы падтрымлівала адну зь недзяржаўных газэтаў і паралельна была завязаная з махінацыямі на Бабруйскім гідролізным заводзе.

А навогул, паводле словаў спадара Падгайнага, сытуацыя са свабодай прэсы ў Беларусі нармальная, і таму, маўляў, ня варта міжнародным арганізацыям кшталту "Артыкулу-19" накіроўваць лісты пратэсту на адрас беларускіх уладаў і абурацца ўціскам журналістаў. Шэф Дзяржкамдруку лічыць , што 15-мільярдны штраф "Навінам" ды іншыя падобныя пакараньні незалежных газэтаў зьяўляюцца справаю абсалютна нармальнай і дэмакратычнай. "Калі б мяне газэты абразілі гэтак жа, як Шэймана, я таксама падаў бы на іх у суд і прад'явіў шматмільярдны зыск", – заявіў сёньня Міхал Падгайны.

XS
SM
MD
LG