Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Уладзiмер Глод, Менск

(эфір 12 кастрычніка)
12 кастрычнiка пакупнiкi, якiя прыйшлi ў крамы па хлеб, былi надзвычай узрушаныя. Напярэдаднi Камiтэт цэнаў Мiнiстэрства эканомiкi Беларусi вырашыў узняць цэны на хлеб масавых гатункаў на 30 адсоткаў, на батоны – на 20.

I да гэтага часу шмат людзей, асаблiва пэнсiянеры, у асноўным трымалiся на хлебе ды малацэ. Прыгадваецца размова дзьвюх бабулек, сьведкам якой я стаў на трамвайным прыпынку. Адна скардзiлася другой: сёньня мела на сьняданьне шклянку кефiру, дадала лыжку цукру, хацела ўзяць батон, але грошай не хапiла, таму пiла кефiр з хлебам…

Цяпер такiм людзям будзе яшчэ цяжэй. Бальшыні старых у кастрычнiку дадалi да пэнсii па 300-400 тысячаў рублёў. Гэтых грошай хопiць на тры-чатыры боханы добрага хлеба. А да наступнай пэнсii чакаць месяц.

У камiтэце па цэнах падвышэньне патлумачылi наступным чынам: павялiчылiся цэны на сыравiну і энэргарэсурсы, узрос таксама мiнiмальны заробак. Звычайны камэнтар, якi суправаджае кожны рост цэнаў. Але, дарэчы, першыя выплаты новага заробку пачнуцца толькi праз тыдзень.

Адзiнае, што адрозьнiвае чарговы рост цэнаў ад папярэднiх, гэта тое, што цяпер хлебапякарням даводзяцца аб'ёмы выпуску iхнае прадукцыi так званых масавых гатункаў. У прыватнасьцi, што датычыць хлеба, то такi паказьнік павiнен складаць ня менш як 30 адсоткаў ад агульнага аб'ёму яго вытворчасьцi, а па батонах – ня менш як 20 адсоткаў. Іншымі словамі, больш танны хлеб мусіць складаць трэцюю частку ад усёй колькасьцi, а больш танныя батоны – 20 адсоткаў. Але ж добра вядома, што менавiта такiя гатункі расхопліваюць у першую чаргу.

Я вырашыў даведацца, якая прапорцыя iснуе цяпер у блiжэйшай да маёй кватэры краме па вулiцы Камунiстычнай. Высьветлiлася, што тут ужо ня хапае танных гатункаў. I гэта пры тым, што сюды завозяць таннага хлеба на 10 адсоткаў болей, чым прапануе Камiтэт па цэнах.Такое становiшча ў цэнтры Менска. Што тады казаць пра маленькiя гарады ды вёскi…

Паводле Генадзя Усюкевiча, якi адказвае за аграрны сэктар у Нацыянальным выканаўчым камiтэце – ценявым урадзе, цэны на хлеб у Беларусi будуць расьцi, як нiколi да гэтага – часта й значна. I прычына тут ня толькi ў дрэнным надвор'i, у сьпякоце. Уся справа у iншым – у калгасна-саўгаснае сыстэме, якая, на думку спадара Ўсюкевiча, сябе зжыла. У гэтай сувязi ён прывёў наступныя лiчбы. Беларусь сабрала, паводле афiцыйных дадзеных, 3,7 мiльёна тонаў збожжа. А суседняя Летува, дзе надвор'е было ня менш сьпякотным – 2,5 мiльёны тонаў. Але на плошчы ў тры разы меншай, чым у Беларусi. Такiм чынам, каб зраўняцца з суседзямi, беларускiм земляробам трэба было б атрымаць 7,5 мiльёнаў тонаў. Фактычна ж сабрана ў два разы менш. Вось такая сумная матэматыка.

Невядома, дзе Беларусь будзе набываць неабходныя 2 мiльёны тон збожжа. У Расеi? Але ж ёй самой ня хапае. Ва Ўкраiне? Але там прэзыдэнт Кучма забаранiў продаж зерня за мяжу. Летува? Але зь ёй яшчэ ня разьлiчылiся за электраэнэргiю. Можа, Польшча? Вядома, што беларускiя ўлады зьвярталiся с такой просьбаю, што падцьвердзiў намесьнiк мiнiстра эканомiкi Польшчы Бернард Блашчык 7 кастрычнiка, калi ён выступаў з дакладам перад прадстаўнiкамi беларускiх i польскiх дзелавых колаў на сэмiнары «Добрасуседзтва-99».

Але валюты ў Беларусi няма, а попыт на трактары, грузавыя аўтамабiлi й шэраг iншых тавараў традыцыйнага беларускага экспарту ў Польшчы значна скарацiўся пасьля лiбэралiзацыi гандлю з краiнамi ЭўраЗьвязу. Да таго ж, як высьветлiлася, Беларусь просiць у Польшчы 1 мiльён тонаў збожжа ў… крэдыт, пад ураджай будучага году.

Палякi, як добра вядома, народ з гонарам. I таму можна зразумець майго польскага калегу, якi працуе ў Менску. Ён кажа так: «Вашая тэлевізія ўсё лета распавядала, як дрэнна жывецца польскаму селянiну. А цяпер у нас жа просяць збожжа. Калi б ўсё залежала ад мяне, асабiста я адмовiў бы…».

XS
SM
MD
LG