Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Галіна Айзэнштадт, Менск

Праект дамовы аб стварэньні хаўруснае дзяржавы ня выклікаў вялікае цікавасьці ў грамадзтве. Так што нават улады (як расейскія, так і беларускія) ня робяць выгляду, быццам ідзе шырокае абмеркаваньне гэтага дакумэнту.

Зьбіраць заўвагі й прапановы, а таксама абагульняць іх стваральнікі хаўруснае дзяржавы даручылі выканаўчаму камітэту "Саюзу" Беларусі й Расеі. У афіцыйных СМІ былі пададзены адрасы й нумары тэлефонаў прадстаўніцтваў выканаўчага камітэту ў Менску й Маскве. Расейцы, як высьвятляецца, паставіліся да гэтага безадказна: адзін з паданых нумароў аказаўся тэлефонам Цэнтарвыбаркаму.

Калі я дазванілася ў Маскву па, так бы мовіць, "правільным" тэлефоне, дык высьветлілася, што амаль за тыдзень у выканаўчы камітэт паступілі ўсяго чатыры прапановы. Праўда, у Маскве чакаюць, што, акрамя тэлефонных прапановаў, будуць яшчэ й пісьмовыя.

Зразумела, што расейцам зараз не да праекту дамовы: вайна ў Чачні й блізкія парлямэнцкія выбары адсунулі інтэграцыйныя працэсы на другі плян.

Аднак не відаць шырокага абмеркаваньня праекту і ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, так званае ўсенароднае абмеркаваньне будзе ўскладзена на ўладныя структуры. У прадстаўніцтве выканаўчага камітэту ў Менску мне паведамілі, што ў іх ёсьць плян арганізацыйных захадаў, падпісаны Пуціным, але яны нібыта ня маюць права пра гэта гаварыць.

Кансультант прадстаўніцтва Валянціна Салоднікава зазначыла, што кожную пятніцу да іх будуць паступаць зьвесткі з аблвыканкамаў. Потым у абагуленым выглядзе іх накіруюць у рабочую групу, якую ўзначальвае кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхал Мясьніковіч.

На маю заўвагу – "Якое ж гэта ўсенароднае абмеркаваньне?" – Валянціна адказала, што ёсьць шмат тэлефонных званкоў (колькі канкрэтна, яна ня ведае, – маўляў, не падагульнялі яшчэ), у прыватнасьці, з Магілева, Гомеля й нават Калінкавічаў.

Паводле словаў Салоднікавай, некаторыя жыхары Менска й самі прыходзяць у прадстаўніцтва. Нейкі чалавек па прозьвішчу Маёраў прынёс аж дванаццаць прапановаў!

Але, колькі б прапаноў ні паступіла, галоўнае тое, хто іх будзе абагульняць і ўлічваць. А тут улада ня мае перад грамадзтвам аніякіх абавязкаў: можа ўлічваць толькі тое, што ёй самой выгодна.

XS
SM
MD
LG