Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Польшча актыўна адсочвае палітычныя працэсы ў нашай краіне. Палітычныя прыярытэты Польшчы ў дачыненьнях зь Беларусяй – незалежнасьць і дэмакратыя апошняй. Пляны магчымага аб'яднаньня Беларусі і Расеі камэнтаруе экспэрт аддзелу справаў Расейскае Фэдэрацыі Цэнтру палітычных досьледаў Варшаўскага Ўнівэрсытэту Вітальд Радкевіч.

(Радкевіч: ) "Я лічу, што апублікаваны праект ня ўносіць шмат новага ў дачыненьні паміж Беларусяй і Расеяй. Фактычна інтэграцыя пры сыстэмах Лукашэнкі і Ельцына ня мае вялікага шанцу. Таму сытуацыя зьмянілася толькі ў тым, што ўзмацнілася пазыцыя Лукашэнкі ў самой Беларусі і аддаляе пэрспэктывы хоць на якую дэмакратызацыю вашае краіны.

Натуральна, што з пункту гледжаньня Польшчы сытуацыя была б лепшай, калі б на ўсходняй мяжы была незалежная і дэмакратычная Беларусь.

Я думаю, што Польшча мае абмежаваныя магчымасьці ўплыву на тое, што робіцца ў Беларусі, і на тое, што адбываецца паміж Расеяй і Беларусяй.

Я думаю, што адзіны шанец для ўплыву – уласным прыкладам. Падаваць прыклад Аналягічная сытуацыя была ў нас у 70-х–80-х гадох, калі прыклад нутраной палітыкі, здаровай эканомікі, дэмакратыі ў заходніх краінах аказаўся вельмі значным для разьвіцьця дэмакратычных рэформаў у Польшчы і ва Ўсходняй Эўропе наагул.

Я думаю, што Польшча намагалася й намагаецца выкарыстоўваць сваю палітыку ў эўрапейскіх структурах. Невядома, якой будзе палітыка Польшчы ў дачыненьні да Беларусі, але нічога іншага Польшча рабіць ня будзе, як тое самае, што робяць эўрапейскія структуры.

Што да маёй асабістай думкі – тое, што праца місіі АБСЭ ў Менску ня была адпаведнай тым задачам, якія на яе былі ўскладненыя і дэкляраваным мэтам – падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі й дэмакратызацыі грамадзтва".

Працэс беларуска-расейскай інтэграцыі аналізаваў экспэрт аддзелу справаў Расейскае Фэдэрацыі Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Варшаўскага Ўнівэрсытэту Вітальд Радкевіч.

Спадар Радкевіч падкрэсьліў, што ў кантэксьце апошняга абвастрэньня канфліктаў на Каўказе, нацыянальная палітыка Расеі ў дачыненьні да Чачні й наступкі гэтае палітыкі выклікаюць вялікую трывогу ў Польшчы, што яшчэ больш актуалізуе захады ў падтрымцы Беларусі як краіны незалежнай і дэмакратычнай.

XS
SM
MD
LG