Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

Між тым Летува не наважваецца выразна вызначыць сваю пазыцыю ў дачыненьні да сёньняшняе Беларусі. Гэтай краіне ня проста вырашыць дылему: ці адчуць сябе Эўропай і ў беларускім пытаньні, альбо захоўваць асьцярожную пазыцыю.

Нечакана распачаты прыездам у Вільню Сямёна Шарэцкага беларускі трылер у Летуве раскручваецца новымі эпізодамі.

У мінулую пятніцу ў дэпутацкай залі Віленскае гарадзкое ўправы адбылася неардынарная падзея – там правёў сваё паседжаньне прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня. На гэтым звычайным рабочым паседжаньні не было прынята ніякіх сенсацыйных пастановаў. Выступаючы перад журналістамі, Сямён Шарэцкі супакоіў іх тым, што пытаньне аб стварэньні ўраду Беларусі ў выгнаньні на сустрэчы не абмяркоўвалася. Пакуль.

Кульмінацыяй пятнічнага паседжаньня стаў візыт у залю паседжаньня высокага прадстаўніка заканадаўчае ўлады Летувы – Старшыні Камісіі Сойму ў пытаньнях нацыянальных мяншыняў і правоў чалавека Эмануэліса Зінгярыса. Ён прывітаў прадстаўнікоў законнага беларускага парлямэнту, пацьвердзіў прызнаньне іх з боку летувіскіх калегаў, адным словам, выказаў больш выразна пазыцыю летувіскага Сойму ў беларускім пытаньні. Пры гэтым Эмануэліс Зінгярыс падкрэсьліў, што гаворыць і ад свайго імя, і ад імя ўзначальванае ім Камісіі, і ад імя ўсяго Сойму.

Гэты дэмарш летувіскага парлямэнтара зноў дадаў напружаньня тутэйшаму беларускаму сюжэту. Адна зь першых рэакцыяў зьявілася ў сёньняшнім нумары правакансэрватыўнай газэты "Lietuvos Aidas". Значны фрагмэнт камэнтару быў прысьвечаны Беларусі.

Ад першых гадоў незалежнасьці Летува і Беларусь, нягледзячы на адрозьненьні ў палітычным разьвіцьці, лучаць прагматычныя добрасуседзкія сувязі, - пішацца ў кмэнтары газэты "Lietuvos Aidas". Не зьмяніліся гэтыя сувязі і пасьля таго, як прэзыдэнт Лукашэнка разагнаў Вярхоўны Савет, а 20 ліпеня сёлета перастаў быць законным кіраўніком дзяржавы.

Апрача канстатацыі факту на міжнароднай арэне больш не пачулася суворых галасоў. Абмеркаваньнем сытуацыі ў Беларусі абмежавалася і Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы, не зрабіўшы ніякіх заяваў, – цьвердзіць аўтар рэдакцыйнага камэнтару ў сёньняшнім нумары газэты "Lietuvos Aidas".

Таму цалкам нармальна, што нічым ня вызначылася і Летува, якую разглядаюць як своеасаблівы мост паміж Беларусьсю і дэмакратычнымі дзяржавамі. Калі ў Вільні пасяліўся Старшыня разагнанага Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі, які неўзабаве заявіў аб прыняцьці паўнамоцтваў прэзыдэнта, сытуацыя ўскладнілася.

Аднак і ў гэтіым становішчы Летуве больш пасуе стрыманасьць, нясьпешнае вызначэньне хто ёсьць хто (гэта добра разумее й Захад), а не дэмаршы, якіх чакае ахвочая да скандалаў частка журналістаў. Іхнія закіды прэзыдэнту і міністэрству замежных справаў Летувы наконт, нібыта, пасыўнасьці, зусім неабгрунтаваныя ні з гледзішча дзяржавы, ні з гледзішча дачыненьняў з суседзямі. Ужо сам факт, што Шарэцкі ў Вільні і можа тут спакойна працаваць, паказвае пазыцыю летувіскага ўраду. І хоць публічных заяваў няма, гэта ня значыць, што нічога ня робіцца.

Выкрывальнымі заявамі нічога не палепшыш, аднак неўзабаве можа настаць час, калі больш выразная пазыцыя Летувы спраўды будзе жаданаю і неабходнаю, бо палітычнае жыцьцё суседняй дзяржавы, трэба думаць, ня будзе стаяць на месцы. Апрача таго, – піша аўтар рэдакцыйнага камэнтару ў газэце "Lietuvos Aidas", – мы ніколі не павінны забывацца, якую даўгую мяжу Летува мае з Беларусьсю, за колькі кілямэтраў яна праходзіць ад Вільні, і як некаторыя беларускія гісторыкі трактуюць гістарычную мінуўшчыну.

Гэтак пракамэнтавала сёньня беларускую сытуацыю правакансэрватыўная летувіская газэта "Lietuvos Aidas". Між тым, у кулюарах пятнічнае сустрэчы пад час візыту Зінгярыса ў залю паседжаньня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі, абмяркоўвалася няяснага паходжаньня інфармацыя, што ў самым блізкім часе з аналягічным удакладненьнем сваёй пазыцыі да Беларусі зьбіраецца выступіць міністэрства замежных справаў і, нават, адміністрацыя прэзыдэнта Летувы.

XS
SM
MD
LG