Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Сёньня ў Вільні ў Цэнтры Таварыства беларускае культуры ў Летуве адбылася сустрэча паміж Старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёнам Шарэцкім і амбасадарам ЗША ў Менску Дэніэлам Спэкхардам. Сустрэча доўжылася амаль паўтары гадзіны. Пра зьмест размовы Сямён Шарэцкі распавёў нашаму віленскаму карэспандэнту Ёнасу Лаўрынавічусу.

Мяркуючы па словах Сямёна Шарэцкага сустрэча насіла кансультацыйны характар і датычылася ўсяго кола праблемаў, зьвязаных з Беларусьсю. Пасол ЗША ў Беларусі паведаміў пра заклапочанасьць Амэрыкі становішчам у Беларусі, як палітычным, гэтак і з правамі чалавека, падзякаваў спадару Шарэцкаму за ўсебаковую інфармацыю, якую атрымаў ад яго і паабяцаў перадаць яе ў Вашынгтон. Паводле ягоных словаў, пазыцыя Злучаных Штатаў супадае ў ацэнцы падзеяў з пазыцыяй Эўрапейскага Саюза і Рады Эўропы. У эксклюзыўным інтэрвію Радыё Свабода Сямён Шарэцкі так схарактарызаваў толькі што прайшоўшыя кансультацыі.

(Шарэцкі: ) "Самае галоўнае, аб чым мы вялі тут размовы, гэта тое, каб была захаваная незалежнасьць Рэспублікі Беларусь як дзяржавы.

Больш за тое, гаварылі аб тым (у прыватнасьці, я аб гэтым гаварыў), што сёньняшні ўрад ужо не легітымны. І першым нелегітымным чалавекам зьяўляецца Лукашэнка. І вось з гэтага ўсяго і трэба сыходзіць".

(Лаўрынавічус: ) "Вярхоўны Савет Беларусі і апазыцыя неаднойчы гаварылі пра тое, што ўплываць на сытуацыю ў Беларусі можна ўплываючы на Расею. Ці ўздымалася гэтае пытаньне сёньня і якая была рэакцыя?"

(Шарэцкі: ) "Так, гэтае пытаньне ўздымалася. Я, у прыватнасьці, гаварыў пра тое, што Парыскі клюб ня так даўно падараваў Расеі 4,5 мільярды даляраў. І адразу ж, праз некалькі тыдняў, у Беларусь прыехаў Пуцін, вёў перамовы, дарэчы, з чалавекам, які ўжо страціў па Канстытуцыі сваю ўладу і, больш за тое, на падтрымку гэтага рэжыму даў 300 мільёнаў даляраў. Выходзіць тады, Захад, даючы Расеі тую ці іншую суму даляраў, ускосна падтрымоўвае і рэжым Лукашэнкі".

Сустрэча Сямёна Шарэцкага з паслом Злучаных Штатаў Амэрыкі зьявілася нібыта працягам той сустрэчы, якую ён правёў у першай палове дня ў Камітэце Сойму Летувы па правах чалавека, грамадзяніна і нацыянальных меншасьцяў. Па сутнасьці, тая ж праблематыка, тыя ж пытаньні, якія ўздымаліся і, фактычна, тая ж рэакцыя ад эўрапейскай краіны – Летувы, як і ад Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Сёньня чарговы раз у Сойме прагучала, што Сямён Шарэцкі трактуецца не як лідэр беларускай апазыцыі, але як законны кіраўнік законнага парляманту Беларусі – Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

XS
SM
MD
LG