Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

У эўрапейцаў – добрае жыцьцё. Дасягаецца яно на Старым кантынэнце меншымі выдаткамі ў параўнаньні з Амэрыкай. Амэрыканцы папросту ня маюць столькі часу для сябе. Агенцтва "Associated Press" падрыхтавала своеасаблівы параўнальны аналіз выдаткаў часу і сілаў на працу эўрапейцамі і амэрыканцамі.

Італіец Віторыя Джуліні кіруе трыма фабрыкамі па выпуску адзеньня, кантралюе штат з 300 чалавек і зьяўляецца лідарам ў нацыянальнай вытворчасьці моднае прадукцыі. Амэрыканскі адміністратар з падобнымі абавязкамі мусіць працаваць 60 гадзінаў на тыдзень плюс, часта, па ўік-эндах.

Але не Джуліні зь Міланскай фірмы "Ліола". Ён прыбывае ў свой офіс у цывілізаваны час – а 9.30. і заканчвае работу не пазьней як а палове на сёмую. Джуліні абмяжоўвае сваю працу пяцьцю днямі на тыдзень."Сыбота й нядзеля?" – пытанецца ён недаверліва – "Ніколі".

Вельмі няшмат амэрыканцаў адмаўляюцца папрацаваць звышнормы, калі за гэта больш заплацяць. І тыя амэрыканцы, хто стараецца будаваць больш камфортнае жыцьцё, ахвотна адпрацоўваюць лішак гадзінаў і пагаджаюцца на кароткія вакацыі.

Аднак мільёны эўрапейцаў падзяляюць непрыхільнае стаўленьне італійца Джуліні што да страты вольнага часу. Нават, калі гэта азначае абмінуць эканамічны бум, які зрабіў багатымі так шмат амэрыканцаў у гэтым дзесяцігодзьдзі.

Штодзённы эўрапейскі абед у коле сям"і і месяц адпачынку на Міжземным моры кожнае лета – складнікі стылю жыцьця, якія для амэрыканцаў зьяўляюцца занадта дарагімі, каб ахвяраваць разнастайнымі заробкамі.

"Я ня думаю, што прамысловасьць ад гэтага церпіць. У рэшце рэшт, вы атрымоўваеце людзей, якія задаволеныя жыцьцём, шчасьлівыя і ў такіх людзей адпаведны падыход да працы," – гаворыць гаворыць Раксана Суратгар, спэцыяліст па маркетынгу італійскай кампаніі па вытворчасьці нафтапрадуктаў "Снампрагецці."

Паводле дадзеных Сусьветнага банку, Злучаныя Штаты у 1997 годзе ў сярэднім мелі наступную лічбу валавага прадукту на душу насельніцтва – 29 тысячаў 80 даляраў. Найбагацейшаю з эірапейскіх эканомікаў была Францыя з сярэднім паказьнікам валавага прадукту на душу наслеьніцтва ў далярах – 22 210. Далей зь меншымі паказьнікамі йдуць Нямеччына, Вялікая Брытанія ды Італія.

Апошнія дасьледваньні наводзяць на думку, як бы там ні было, што, такі высокі ўзровень даходаў амэрыканцаў дасягаецца больш інтэнсыўнай і працяглай працай у параўнаньні з эўрапейцамі.
У сярэднім, амэрыканцы на працы праводзяць 1 тысячу 966 гадзінаў ў год. Так падлічыла Міжнародная арганізацыя працы.

Аказалася, што амэрыканцы працуюць на 235 гадзінаў болей за самых старанных эўрапейцаў – брытанцаў і на 310 гадзінаў – а гэта амаль 39 працоўных дзён – больш чым французы. Больш за тое, Эўропа набліжаецца да Амэрыкі па прадукцыйнасьці працы і траціць на гэта менш часу. У Францыі бізнэсоўцы спрабуюць абмежаваць працоўны тыдзень да 35 гадзінаў.

Амэрыканец Кэры Брус, дырэктар PR-кампаніі "Артымэдыя", якая спэцыялізуецца на мадэляваньні віртуальнай раэльнасьці, мае іншае назіраньне: "Ідэя, што эўрапейцы лёгка пакуюць рэчы й вяртаюцца дадому – больш міт, чым рэальнасьць. Так, гэта здараецца тут, але і ў Амэрыцы таксама".

Вынікае , што амэрыканцы маюць больш аўтамабіляў і вілаў, але менш часу ўсім гэтым карыстаюцца. Такім чынам, хто больш багаты? Памянёны італійскі вытворца моднага адзеньня Віторыя Джуліні ня мае сумневу – Эўропа. "Жыцьцё больш якаснае, гаворыць ён, – але гэта не таму, што мы лепшыя за амэрыканцаў, але таму, што мы маем 1000 гадовую культуру. І гэта бясцэнна."

XS
SM
MD
LG