Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў выступіў із сэрыяй мірных прапановаў, якія закліканыя пакласьці канец вайне ў Чачні. Аднак расейскае кіраўніцтва адмовілася разглядаць высунуты Масхадавым плян і заявіла пра працяг ваеннай апэрацыі.

У сваёй заяве Аслан Масхадаў асуджае тэрарызм, выказвае гатоўнасьць выдаць завадатараў бандытаў, запрашае назіральнікаў для кантролю над тэрыторыяй Чачні. "Чачэнская рэспубліка катэгарычна адкідае далучанасьць да тэрарыстычных актаў, як зьявы чужой для чачэнскага народу, і бярэ на сябе абавязальніцтвы ўзаемадзейнічаць з усімі краінамі сьвету, у тым ліку і з Расеяй, у барацьбе з тэрарызмам улічваючы сусьветную практыку", – заяўляе прэзыдэнт Чачні.

Іншы намер Масхадава – "не дапускаць стварэньня на тэрыторыі Ічкерыі любых незаконных узброеных фармаваньняў, навучальных цэнтраў, ваенных базаў" – бадай, невыканальны, паколькі на сёньня прэзыдэнт Чачні не мае рэальнай улады над тэрыторыяй рэспублікі. Але галоўная прапанова Масхадава ўтрымлівае непрымальную для Масквы ўмову – адвод расейскіх войскаў за тэрыторыю Чачні.

Як бы тое ні было, расейцы адказалі на прапанову Масхадава даволі недвухсэнсоўна. Учора ўрад Расеі правёў нараду, на якой міністр унутраных справаў Уладзімір Рушайла заявіў, што вайсковая апэрацыя вызваленьня Чачні ад тэрарыстаў будзе працягвацца. На просьбу пракамэнтаваць ініцыятывы прэзыдэнта Масхадава, Рушайла адказаў, што незнаёмы з гэтай ініцыятывай. Адмовіўся камэнтаваць прапанаваны Масхадавым плян і міністр абароны Расеі Ігар Сяргеяў. Больш таго, Сяргеяў заявіў наступнае: "Калі чачэнскі народ папросіць, мы вызвалім Грозны ад бандытаў". Прэм'ер Уладзімір Пуцін заявіў, што першай умовай пачатку перамоваў павінна стаць выдача Шаміля Басаева ды іншых міжнародных тэрарыстаў. "Масхадаў сам сябе заганяе ў кут, усталёўваючы афіцыйныя адносіны з людзьмі, якіх лічаць міжнароднымі тэрарыстамі," – сказаў Пуцін. Па ўсім відаць, Расея адмовілася надалей падтрымліваць Масхадава, якога апошнія гады лічыла ці не адзіным апірышчам Масквы ў Чачні.

У захопленай расейскімі войскамі паўночнай частцы Чачні мяркуецца стварыць нешта накшталт узорнай рэспублікі, дзе Масква хоча наладзіць магчымасьць лячыцца і вучыць дзяцей, забясьпечыць людзей працай, аднавіць расейскія законы. Для гэтага знойдзеныя ўжо і адпаведныя выканаўцы. Старшыня альтэрнатыўнай Дзяржаўнай Рады Чачні Малік Сайдулаеў, абраны гэтак званым парлямантам 96-га году, рэкамэндаваны гэтым ворганам на пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі ў Чачні. Паведамляецца таксама, што Масква актыўна прапрацоўвае ідэю прызначэньня генерал-губэрнатара Чачні са статусам федэральнага віцэ-прэм'ера.

Тым часам агульная колькасьць вымушаных перасяленцаў, нават паводле расейскіх дадзеных, склала звыш 155 тысячаў чалавек.

Камандаваньне расейскіх войскаў пакуль не пацьвердзіла і не абвергла заяву камандуючага 58 арміяў гэнэрала Уладзімера Шаманава, што лідар іслямскіх экстрэмістаў у Чачні Шаміль Басаеў блякаваны ў паселішчы Горагорск. У раёне гэтага паселішча ў панядзелак ішлі жорсткія баі. Учора расейскія войскі ўзялі пад свой кантроль Надтэрачны раён Чачні на правым беразе Цераку.

"The Washington Post" сёньня публікае рэпартаж свайго карэспандэнта з паселішча Элістанжы. Калі расейскія бамбавікі ў канцы мінулага тыдня пачалі наносіць удары па вёсцы, яе жыхары адчулі поўную бедапаможнасць, не разумеючы, чаму яны сталі мішэнямі для атакаў. 40 чалавек, мужчыны, жанчыны і дзеці, былі забітыя, дамы ператварыліся ў сьмецьце, а машыны і трактары ў ламачча. Элістанжы знаходзіцца на ўсходзе Чачні, каля мяжы з Дагестанам. Масква кажа, што зьнішчае базы тэрарыстаў, якія ўварваліся на тэрыторыю Дагестану, піша "The Washington Post". Але ахвяры расейскіх удараў зусім не падобныя на баявікоў. У аднаго з іх уся грудзь пакрытая ордэнамі і мэдалямі за ўдзел у Другой сусьветнай вайне. "Вось бандыты, якіх, як кажа Расея, яна перасьледуе" – гаворыць пляменьнік забітага вэтэрана Ахмад Апазаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG