Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Яшчэ адну ступень рынкавай свабоды страціў прадпрыймальніцкі сэктар Беларусі. З сёньняшняга дня ў краіне дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі уведзенае дзяржаўнае рэгуляваньне заробкаў прадпрыймальнікаў.

Як вынікае са зьместу згаданага дэкрэту, ініцыятыва Лукашэнкі абумоўленая клопатам пра заробкі працаўнікоў недзяржаўнай сфэры нацыянальнае эканомікі. Камэнтуючы сутнасьць новага дакумэнту, начальнік аддзелу рэгуляваньня заробкаў Міністэрства працы Аляксандар Чарнабрывец у гутарцы са мной патлумачыў яго зьяўленьне неабходнасьцю забясьпечыць сацыяльную справядлівасьць ў гэтай сфэры. Маўляў, парадкі, што існавалі тут дагэтуль, выклікалі шмат нараканьняў з боку працаўнікоў недзяржаўных фірмаў. Паводле ягоных словаў, кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў вельмі часта парушалі дамоўленасьці з працаўнікамі і выплочвалі нізкія заробкі.

Цяпер жа, як зазначыў адказны супрацоўнік міністэрства, камэрцыйныя арганізацыі ды індывідуальныя прадпрыймальнікі аплату працы мусяць у абавязковым парадку ажыцьцяўляць на падставе сыстэмы, уласьцівай дзяржаўнаму сэктару. А менавіта: кіравацца рэспубліканскай сеткай тарыфаў, выконваць прадпісаньні даведніка работ і прафэсіяў і даведніку пасадаў кіраўнікоў, спецыялістаў і служачых.

Прадстаўнікі прадпрыймальніцкага сэктару адрэагавалі на зьяўленьне Дэкрэту №39 болей, чымсьці стрымана. У прыватнасьці, выканаўчы дырэктар Беларускага саюзу прадпрыймальнікаў і арандатараў Вольга Бякасава ў інтэрв'ю нашаму радыё выказала такое меркаваньне:
"Раней было некалькі ступеняў свабоды, а зараз атрымліваецца, што мае ўжывацца толькі тая сыстэма аплаты працы, якую прапанавала дзяржава. Пасьля ўвядзеньня дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў, цяперашняя ідэя дзяржаўнага рэгуляваньня й заработнае платы мяне асабіста не зьдзівіла. Пакуль складана прагназаваць, як гэты дэкрэт адаб'ецца на працы недзяржаўных суб'ектаў гаспадараньня. Ня выключана, што будуць і непрыемныя наступствы".

Выканаўчы дырэктар Беларускага саюзу прадпрыймальнікаў і арандатараў паведаміла таксама, што прыняцьцё Лукашэнкам дэкрэту №39 мела і яшчэ адну мэту: "Дзяржаву займае клопат легалізацыі даходаў грамадзянаў. Гэта для яе – дадатковыя падаткі".

Чарговым крокам у антырынкавай палітыцы назваў згаданы дэкрэт і віцэ-прэзыдэнт Беларускага Саюзу прадпрыймальнікаў Аляксандар Патупа. Паводле ягонага меркаваньня, увядзеньне дзяржаўнага рэгуляваньня заробкаў і штатнага раскладу ў недзяржаўным сэктары азначае рэстаўрацыю парадкаў савецкай эпохі.

У асяродзьдзі індывідуальных прадпрыймальнікаў, якіх таксама тычыцца Дэкрэт, новыя парадкі ў сфэры заработнай платы ня выклікалі энтузіязму з прычыны мяркуемага ўскладненьня справаздачна-фінансавай дзейнасьці. Як вядома, згаданая дзейнасьць і дагэтуль была прадметам шматлікіх канфліктаў прадстаўнікоў дробнага бізнэсу з уладамі.

Віктар Вяржбіцкі, прафсаюзны лідэр прыватных прадпрыймальнікаў Менску й Менскае вобласьці лічыць, што ўкараненьне тут дзяржаўнае сыстэмы аплаты працы запатрабуе адкрыцьця банкаўскіх разьліковых рахункаў, узьнікне таксама патрэба ў новых бухгальтарскіх паслугах. Між тым, на ягоную думку, айчынны дробны бізнэс зараз знаходзіцца ў фінансавым заняпадзе і таму ня мае сілы, каб ўзваліць на свае плечы дадатковаую ношу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG