Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 1999 г.


Сёньня лідар беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч падаў скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на дзеяньні пракуратуры.

Кіраўнік "Народнай Грамады" Мікола Статкевіч не пагаджаецца з пракурорскім пратэстам на рашэньне Савецкага суда па адміністрацыйнай справе, узбуджанай супраць яго за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця, што адбылося ў Менску ў Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня.

Тады Мікола Статкевіч быў асуджаны Савецкім судом паводле артыкулу 167 адміністрацыйнага кодэксу (парушэньні падчас правядзеньня масавых акцыяў) на дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. Калі яго трымалі пад вартай у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна, стала вядома, што ў сьледчым аддзеле Цэнтральнага РАУС супраць яго узбуджаная яшчэ і крымінальная справа за тое ж парушэньне.

Пасьля выхаду з разьмеркавальніка Статкевіч адмовіўся даваць паказаньні сьледчаму і прытрымлівацца падпіскі аб нявыязьдзе, спасылаючыся на тое, што крымінальная справа была ўзбуджаная незаконна. Бо, паводле дзеючага заканадаўства, за адно і тое ж парушэньне нельга прыцягваць да адказнасьці двойчы.

Амаль два месяцы не праводзілася ніякіх сьледчых дзеяньняў. Але потым Менскі гарадзкі суд задаволіў пратэст пракуратуры на спыненьне адміністрацыйнае справы. Такім чынам, пракуратура зрабіла манэўр: паколькі адміністрацыйная справа спыненая, дык крымінальная становіцца законнай. Цікава, што ў сваім пратэсьце пракуратура фактычна прызнала арышт Статкевіча незаконным.

Сёньня ў сваёй скарзе, накіраванай у Вярхоўны Суд, лідар "Народнай Грамады" не пагаджаецца з пратэстам пракуратуры. Учора сьледчы Цэнтральнага РАУС паведаміў, што на гэтым тыдні сьледзтва па крымінальнай справе, узбуджанай супраць Статкевіча, будзе скончана. Справу можна перадаваць у суд.

Цікава, якім чынам можа быць скончанае сьледзтва, калі не праводзіліся допыты і сьледчыя дзеяньні? Незразумела таксама, чаму пракуратура цягнула з вынясеньнем пратэсту амаль два месяцы. Магчыма, адказ на гэтыя пытаньні можа быць зьвязаны з тым, што Мікола Статкевіч зьяўляецца адным з арганізатараў Маршу Свабоды 17 кастрычніка. У выпадку, калі ў гэты дзень адбудуцца нейкія эксцэсы, на Статкевіча можна будзе заводзіць яшчэ адну крымінальную справу. І тады яго, у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, будзе можна адразу ўзяць пад варту.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG