Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда накіравала лісты Старшыні АБСЭ сп. Волебэку і Гэнэральнаму сакратару АБСЭ сп. Кубішэ, а таксама Вярхоўнаму Камісару ААН у правох чалавека Мэры Робінсан. У гэтых лістох яна абвінаваціла кіраўніцтва маніторынгава-кансультатыўнай групы АБСЭ ў Менску ў спрыяньні зьнікненьню Віктара Ганчара. Разам з тым, афіцыйнае сьледства ў дасьледваньні абставінаў зьнікненьня 16 верасьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага не пасунулася.

Зьвярнуцца ва ўплывовыя міжнародныя арганізацыі Зінаіду Ганчар прымусіла адсутнасьць якіх-кольвек вынікаў афіцыйнага сьледзтва, а таксама нулявая рэкцыя на зьнікненьне Віктара Ганчара з боку тых установаў, куды яна зьвярталася раней (маніторынгава-кансультатыўная група АБСЭ у Менску, прэзыдэнтура Барыса Ельцына і г.д.). Адсутнасьць прагрэсу ў справе дасьледваньня зьнікненьня Ганчара і Красоўскага пацьвердзіў нашаму радыё і сьледчы гарадской пракуратуры Сяргей Новікаў.

У лісьце, накіраваным Вярхоўнаму Камісару ААН у правох чалавека Мэры Робінсан, Зінаіда Ганчар сьцьвярджае, што "беларускія спэцслужбы адкрыта вялі за Віктарам Ганчаром бесьперапыннае вонкавае назіраньне, і яны проста ня могуць ня ведаць, што зь ім здарылася". Зінаіда Ганчар паведаміла, што ніякай рэакцыі на тры звароты да старшыні КГБ Беларусі Уладзімера Мацкевіча дагэтуль няма. Наадаварот, спадарыня Ганчар заяўляе, што адчувае на сабе ціск з боку ўладаў і падкантрольных ім спэцслужбаў, які стала ўзмацняецца. "За намі ня толькі сочаць, – паведамляе спадарыня Ганчар, – але і ўжываюць самыя разнастайныя прыёмы псыхалягічнага ціску". А таму яна просіць спадарыню Мэры Робінсан "ужыць увесь свой уплыў, каб дапамагчы спыніць палітычны тэрор у Беларусі і вярнуць Віктара Ганчара".

Значная частка звароту Зінаіды Ганчар прысьвечаная дзейнасьці групы АБСЭ ў Менску пад кіраўніцтвам Ганса-Гэорга Віка. "Паралельна з уладамі, – гаворыцца ў звароце, – кампанію цкаваньня і абразаў супроць мяне разьвязаў кіраўнік групы АБСЭ ў Менску сп. Вік, які, на мой погляд, нясе значную частку адказнасьці за палітычны тэрор і свавольствы, якія цяпер творацца ў Беларусі. Маўчаньне і адкрытае спрыяньне парушэньням правоў чалавека ў Беларусі з боку місыі АБСЭ ў Менску спрыялі ўзмацненьню палітычных рэпрэсіяў, бо рэжым адчуў поўную бепакаранасьць. Вынік працы місыі АБСЭ ў Менску навідавоку—сёньня лідараў дэмакратычнай апазыцыі ўжо ня кідаюць у вязьніцу, яны проста зьнікаюць на вуліцах беларускай сталіцы. А кіраўнікі менскай групы АБСЭ – сп.сп. Вік і Кляйнэр – упарта рапартуюць ва ўсе міжнародныя арганізацыі аб так званым "прагрэсе дэмакратыі ў Беларусі", – гаворыцца ў звароце Зінаіды Ганчар на імя Вярхоўнага камісара ААН у правох чалавека. Звароты аналягічнага зьместу накіраваныя старшын АБСЭ сп. Волебэку і Гэнэральнаму сакратару АБСЭ сп. Кубішэ. Заўважу, што канкрэтных абвінавачаньняў Зінаіда Ганчар не высоўвае, у яе лісьце не ўтрымліваюцца канкрэтныя факты.

Рэакцыі кіраўніцтва манітырынгава-кансультатыўнае групы АБСЭ ў Менску на абвінавачаньні пакуль няма. Нашаму радыё патлумачылі, што Ганс-Гэорг-Вік вельмі заняты.

XS
SM
MD
LG