Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 11 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Эўрапейскі Зьвяз заклікаў Расею да стрыманасьці й дыялёгу з чачэнскімі лідэрамі і выказаў намер зарганізаваць гуманітарную дапамогу тысячам уцекачоў, якія хлынулі ў суседнюю Інгушэцію.

Расейскі бок аднак відавочна робіць стаўку на сілавое разьвязаньне канфлікту. Масква спадзяецца, што пасьля паразы й прыніжэньня тры гады таму зараз возьме рэванш, што аднак некаторыя заходнія аглядальнікі лічаць сумніўным…

Прэм'ер Расеі Ўладзімір Пуцін лічыць, што ваенная апэрацыя ў Чачні праходзіць пасьпяхова. Паводле ягоных словаў, мэта расейскіх сілаў – заняць паўночную частку Чачні па раку Церак або нават далей, стварыць там буфэрную зону, а таксама зьнішчыць тэрарыстаў ды іхныя базы.

Міністар абароны Сяргееў дадаў, што, магчыма, расейскія сілы спрабуюць захапіць таксама Грозны.

Між тым дырэктар "Аб'яднанай энэргэтычнай сыстэмы Расеі" Анатоль Чубайс заявіў, што ў адпаведнасьці з загадам прэм'ера Масква прыпыняе пастаўкі электрычнасьці ў Чачню. Раней, у пачатку кастрычніка "Газпрам" спыніў таксама пастаўкі газу. Чубайс паведаміў, што Грозны вінаваты Маскве за ранейшыя пастаўкі 27 мільёнаў даляраў.

Згодна расейскаму МЗС, што неўзабаве накіруе ў ісьлямскія краіны сваіх пасланцоў, якія патлумачаць пазыцыю Расеі ў пытаньні Чачні.

Прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў са свайго боку чарговы раз заклікаў Маскву да перамоваў і ўзамен за адвод расейскіх сілаў ён абяцаў расправіцца са збунтаванымі палявымі камандзірамі. Аднак бальшыня расейскіх палітыкаў і шырокія колы грамадзтва рашуча супраць усякага дыялёгу з Грозным.

Канцэлярыя прэзыдэнта Ельцына адрэзала тэлефанічную сувязь з офісам Масхадава. Масква адкідае таксама пасярэдніцтва Грузіі, Азэрбайджану і ЭўраЗьвязу.

"Прэм'ер заявіў, што ён гатовы да перамоваў з Масхадавым толькі тады, калі ён выдасьць Расеі "тэрарыстаў". Пасьля сэрыі тэрактаў у расейскіх гарадох, бальшыня расейцаў разумее і падтрымоўвае урад, які рыхтуецца да вайны супраць Чачні", – заявіў рэдактар "Правды" Ліньнік. Ён перакананы, што той, хто зьнішчыць бандытаў, будзе нацыянальным героям, і зараз вялікія шанцы стаць ім мае прэм'ер Пуцін. Прадстаўнік Рады вонкавай і абарончай палітыкі Андрэй Фёдараў лічыць, што Пуцін патрабуе хуткай перамогі ў Чачні, паколькі ў выпадку любой затрымкі або правалу за ўсё абвінавацяць яго.

Незважаючы на самаўпэўненыя заявы Масквы, на самой справе ўжо бачна, што выканаць пастаўленыя перад расейскімі сіламі задачы будзе надзвычай цяжка.

Паводле амэрыканскае газэты "The New York Times", жорсткія баі за вёску Чарвлёная паказваюць, што расейскія сілы могуць сутыкнуцца яшчэ з больш заяўзятым супрацівам, чым у 94-м годзе. Тады яны падыйшлі на адлегласьць 15-ці кілямэтраў ад Грознага амаль бяз бою, а зараз чачэнцы абаранялі амаль кожную вёску на поўнач ад ракі Церак. Паводле аднаго з палявых камандзіраў Гаібава, баі за вёску Чарвлёная, якую пакінулі амаль усе жыхары, былі выключна цяжкія, і расейцы панесьлі там вялікія страты. "Нашае заданьне – выціснуць расейцаў з усёй занятай імі тэрыторыі назад да мяжы", – адзначыў ён.

Міністар дзяржаўнае бясьпекі Чачні Атгэрыеў заявіў, што з часу ўваходу расейскіх сілаў яны страцілі каля дзьвюхсот вайскоўцаў. Адзін з чачэнскіх камандзіраў, Шаміль Басаеў, паведаміў, што за апошнія тры тыдні загінулі таксама 45 чачэнскіх баевікоў. "Гэта нават яшчэ не пачатак. Там хутка будзе мора крыві, і я спадзяюся, што не нашай", – адзначыў іншы палявы камандзір Ізмаілаў.

Многія з чачэнскіх баевікоў маюць дасьведчаньне з ранейшай вайны, у іх высокі баявы дух і яны ўжываюць мэтоды партызанскае вайны. Яны дзейнічаюць у невялікіх групах, хутка зьбіраюцца, удараюць і затым хутка перамяшчаюцца. Пасьля суботняй атакі на Чарвлёную адзін з баевікоў пахваліўся, што ў атацы бралі ўдзел толькі 11 чалавек і ўсе яны бясьпечна вярнуліся.

Іншая амэрыканская газэта "Chicago Tribune", першыя посьпехі Расеі ў чачэнскай апэрацыі могуць засланіць ейныя вочы на небясьпеку пашырэньня канфлікту на ўвесь Каўкаскі рэгіён. Хаця расейскія камандзіры заяўляюць, што зрабілі высновы з вайны чатыры гады таму і апэрацыі NATO супраць Югаславіі, аднак на самой справе яны могуць паўтарыць тую самую памылку.

"Chicago Tribune" лічыць, што зараз расейскія сілы ня лепш падрыхтаваны да апэрацыі чым 4 гады таму. У іх нізкі баявы дух, карупцыя і недысцыплінаванасьць.

"Уся зброя, уключна з ручнымі ракетамі, набытая ў Расеі", – прызнаў дараднік прэзыдэнта Масхадава Юсупаў. Ён паведаміў, што зброя была захоплена ў часе апошняе вайны або проста купленая ў расейскіх вайскоўцаў. Юсупаў заявіў, што за пляшку ў расейскіх вайскоўцаў можна купіць 10-15 гранатаў.

Газэты кампаніі "Night Readers" таксама адзначаюць, што шанцы Расеі на хуткую перамогу ў Чачні невялікія. Некалькі тыдняў паветраных удараў толькі дадалі ваяўнічасьці і ўзмоцнілі волю барацьбы ў чачэнцаў. "Яны называюць нас тэрарыстамі, але тыя, што бамбуюць нас – горшыя тэрарысты", – заявіў жыхар вёскі, на якую расейскія самалёты скінулі 25 бомбаў. Паводле "Night Readers Newspapers", прэзыдэнт Масхадаў не перабольшвае кажучы, што "гэтым разам супраціў будзе яшчэ большы чым мінулым разам".

XS
SM
MD
LG