Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Забарона рэгістрацыі юрыдычных адрэсаў грамадзкіх арганізацыяў у памяшканьнях жылога фонду, якая дзейнічае з 14 верасьня, моцна ўдарыла па мажлівасьці першасных суполак Таварыства Беларускае Мовы арганізоўваць свае імпрэзы легальным чынам. Гэты крок улады Рэспубліканская Рада ТБМ, якая адбылася ў Менску 10 кастрычніка, расцаніла як новую спробу наступу на актыўнасьць прыхільнікаў беларушчыны.

У рэгіёнах вельмі шмат якія суполкі Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны былі зарэгістраваныя па хатніх адрэсах, аднак з сярэдзіны мінулага месяца гэта забаронена. Дазволу на рэгістрацыю ТБМаўцам не даюць бібліятэкі, дамы культуры, іншыя мяйсцовыя ўстановы культуры, – зразумела, у адпаведнасьці з распараджэньнямі чыноўнікаў "вэртыкалі".

Гэтае, так бы мовіць, "новаўвядзеньне" супала з пэрыядам, калі пасьля атрыманьня 6 верасьня рэспубліканскай Радаю пасьведчаньня міністэрства юстыцыі пра перарэгістрацыю, на працягу месяца першасныя суполкі мусілі атрымаць Статут арганізацыі ды пачаць сваю рэгістрацыю на мейсцах.

Аднак згаданае абмежаваньне прывяло да таго, што, да прыкладу, з дзевяцёх радаў Магілеўшчыны пакуль пацьвердзілі сваё існаваньне толькі дзьве.

Удача напаткала пакуль што й такую ж колькасьць радаў Берасьцешчыны. На Гомельшчыне здолелі ўпарадкаваць свае адносіны з уладамі тры рады зь пяці дзейных. І толькі віцебскія ды гарадзенскія ТБМаўцы прайшлі чыноўнае сіта поўным складам.

Намаганьні актывістаў астатніх рэгіёнаў у справе легалізацыі будуць працявацца да канца году, хаця ўпэўненасьці ў іхным посьпеху няма, паколькі ў многіх рэгіёнах (да прыкладу, у Касьцюковічах, што на Магілеўшчыне) беларушчыну ўлада адназначна атаясамлівае з апазыцыйнасьцю.

Шмат увагі сябры рэспубліканскае Рады таварыства ўдзялілі пытаньню стварэньня ў краіне Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту. Апрача мэтаў элітнае нацыянальнае вышэйшае навучальнае ўстановы клясычнага тыпу, выкладаць у якой усе дысцыпліны будуць толькі па-беларуску, за выняткам дзьвюх абавязковых замежных моваў ды лаціны, быў названы, нарэшце, і склад ініцыятыўна-арганізацыйнае групы. Яе супольна ўтварылі ТБМ ды Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны.

У ліку іншых у групу ўвайшлі дактары навук прафэсары Анатоль Грыцкевіч, Адам Мальдзіс, Леанід Лыч, Вячаслаў Рагойша, вядомыя арганізатары нацыянальнае сыстэмы адукацыі Вольга Кузьміч, Іван Саверчанка, Леанід Дзягілеў, Алесь Анціпенка, Уладзімер Колас.

У выпадку адмовы дзяржавы ад гэтай ініцыятывы – а ад цяперашняе ўлады іншае рэакцыі чакаць наўрад ці выпадае – будуць рабіцца неабходныя захады ў пошуках варыянтаў недзяржаўнага статусу гэтае ўстановы. Пра што заявіў на Радзе старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Намаганьні ў адкрыцьці ў Беларусі Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту не адмяняюць патрабаваньняў ТБМаўцаў пераводу выкладаньня на мову тытульнае нацыі ў існуючых у краіне 42-х ВНУ.

Рэспубліканская Рада ТБМ выказала свае адносіны да зьліквідаваньня ўладамі незалежнае дэмакратычнае газэты "Навіны", прыняўшы адмысловую заяву. У ёй зазначаецца, што закрыцьцё "Навінаў" наносіць вялікую шкоду беларушчыне, паколькі на старонках газэты рэгулярна зьмяшчалася інфармацыя пра дзейнасьць ТБМ, перасьлед уладамі носьбітаў беларускае мовы, зьнішчэньне беларускага школьніцтва й беларускае культуры. Рада ТБМ патрабуе перагляду судовае справы, у выніку якой "Навіны" спынілі свой выхад.

Рада прыняла таксама заяву пра працяг перасьледу актывістаў таварыства, – у прыватнасьці, старшыні Віленскае рады Юрыя Гіля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG