Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

На мiнулым тыднi на нарадзе ў Савеце мiнiстраў Лукашэнка забаранiў бугалтэрыям дзяржаўных прадпрыемстваў спаганяць ўнёскi прафэсійных зьвязаў. Але дагэтуль невядома: гэта канчатковае рашэньне цi пробны шар…

На нарадзе ў Савеце мiнiстраў кiраўнiк дзяржаны заявiў: "Спынiць усе зборы на вытворчасьцi праз бугалтэрыi. Прафэсійныя зьвязы пракручваюць грошы ў сваiх банках, а потым фiнансуюць свае зборышчы за кошт рабочых, якiя нiчога ня ведаюць".

Лукашэнка патлумачыў, што прафэсійныя зьвязы зьяўляюцца грамадзкiмi арганiзацыямi, i рабочыя, якiя жадаюць быць сябрамi прафэсійнага зьвязу, мусяць самастойна й добрахвотна плацiць ўнёскi ў касу прафэсійнага зьвязу.

Старшыня Фэдэрацыi прафэсійных зьвязаў Уладзiмер Ганчарык адразу ж адрэагаваў на гэтае рашэньне, сказаўшы, што яно прывядзе да зьмяншэньня й зараз невысокага ўзроўню сацыяльнай абароны працоўных i выклiча рэзкую палiтызацыю прафэсійных зьвязаў.

Але на гэтым тыднi высьвятлiлася, што рэагаваць пакуль нiбыто няма на што. Нягледзячы на усе высiлкi супрацоўнiкаў Фэдэрацыi прафэсійных зьвязаў, яны ня здолелi атрымаць нарматыўны акт, у якiм былi б замацаваныя пагрозы Лукашэнкi.

Марнымi былi й мае высiлкi: у прэсавай службе кiраўнiка дзяржавы мне адмовiлiся адказаць на пытаньне, якiм распараджэньнем, указам цi дэкрэтам устаноўлена адпаведная забарона. Не знайшлося падцьверджаньня й на ўзроўнi прадпрыемстваў: заробкi на прадпрыемствах ужо выплачаныя, а час выплаты авансу – дзён празь дзесяць.

Ня выключана, што пагрозы, якiя прагучалi на мiнулым тыднi, былi ня больш, як пробным шарам, спробаю Лукашэнкi схiлiць афiцыйныя прафэсійныя зьвязы да пакорлiвасьцi i ляяльнасьцi.

Як заўважыў намесьнiк дырэктара Незалежнага iнстытуту сацыяльна-эканамiчных i палiтычных дасьледваньняў, былы мiнiстар працы Аляксандар Сасноў, Лукашэнка й раней неаднаразова шантажаваў афiцыйныя прафэсійныя зьвязы пагрозаю пазбавiць iх магчымасьцi зьбiраць унёскi праз бугалтэрыi прадпрыемстваў.

Спадар Сасноў падкрэсьлiў, што зьдзяйсьненьне гэтае пагрозы можа прывесьцi да вялiкiх стратаў у шэрагах Фэдэрацыi. Адная справа, – кажа ён, – калi ў цябе адлiчылi ўнёсак з заробку ў бугалтэрыi, i ты яго нават не заўважыў, i зусiм iншая справа – дастаць грошы з уласнай кiшэнi i аддаць камусьцi. На думку экс-мiнiстра працы, адпаведнае рашэньне цi пагроза стала адказам улады на акцыi пратэсту, зарганiзаваныя прафэсійнымі зьвязамі.

Аляксандар Сасноў мяркуе, што гэта пашырае магчымасьцi свабодных прафэсійных зьвязаў, для iх падобнае рашэньне ня будзе надта цяжкiм ударам.

Дарэчы, як паведамiлi мне ў офiсе Свабоднага прафэсійнага зьвязу Беларусi ў Менску, Свабодныя прафэсійныя зьвязы таксама карысталiся паслугамi бугалтэрыяў прадпрыемстваў, але адсотак заробку пераводзiўся на рахунак прафсаюза паводле асабiстай заявы працаўнiка – сябры Свабоднага прафэсійнага зьвязу.

Былы мiнiстар працы Сасноў лiчыць, што развал нават канфармiсцкiх афiцыйных прафэсійных зьвязаў, якiмi кiруе Ганчарык, наўрад цi пойдзе на карысьць працаўнiкам: так ёсьць дрэнны абаронца, ня будзе нiякага.

Кiраўнiк Свабоднага прафэсійнага зьвязу Генадзь Быкаў бачыць у гэтым пэўны пазытыўны момант. У iнтэрвію "Белорусской газете" ён заявiў, што калi з 4,5 мiльёнаў сяброў ФПБ застанецца паўмiльены, якiя самi будуць плацiць унёскi – гэта будзе вялiзарная перамога дэмакратыi на Беларусi.

Лiдэр Свабоднага прафэсійнага зьвязу прагназуе, што прафзьвязовыя функцыянэры пачнуць зыходзiць у прэзыдэнцкiя структуры, а рабочыя – вылучаць са сваiх шэрагаў моцных сапраўдных лiдэраў.

XS
SM
MD
LG