Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

(эфір 8 кастрычніка)
Сёньня ў "Советской Белоруссии" надрукаваны праект домовы аб хаўруснай дзяржаве Беларусi й Расеi, а таксама праграма захадаў у выкананьнi палажэньняў дамовы. Эканамiчную частку гэтых дакумэнтаў пракамэнтавалi для "Радыё Свабода" эканамiчныя аглядальнiкi бiзнэс-выданьняў: "Белорусской деловой газеты" Андрэй Махоўскi i "Белорусского рынка" Тацяна Калiноўская.

На думку Андрэя Махоўскага палажэньнi дамовы, якiя тычацца эканамiчнай iнтэграцыi, не зьяўляюцца кардынальна новымi: падобныя дэклярацыi i падыходы рабiлiся i ў 1997, i ў 1996 гадох, і нават яшчэ ў кебiчаўскiя часы.

Найбольш iстотным момантам аглядальнiку "Белорусской деловой газеты" падаюцца пункты аб увядзеньнi адзiнай валюты. Праграма захадаў у рэалiзацыi палажэньняў дамовы сьцьвярджае, што аб'яднаньне грошай адбудзецца ў 2005 годзе. Андрэй Махоўскi лiчыць, што ў абодвух iнтэграцыйных дакумэнтах не прапiсаныя мэханiзмы гэтага аб'яднаньня. Мой суразмоўца зьвярнуў увагу на тое, што яшчэ на пачатку гэтага тыдню кiраўнiк Нацыянальнага банку Беларусi Пятро Пракаповiч канстатаваў наяўнасьць сур'ёзных супярэчнасьцяў памiж Менскам і Масквою менавiта ў пытаньнi аб'яднаньня грошай. Спадар Махоўскi прыгадаў, што ў канцы мiнулага году Лукашэнка абяцаў, што 2000 год Беларусь i Расея сустрэнуць з адзiным рублём. А Кебiч абяцаў тое ж самае яшчэ ў 1994 годзе.

На думку спадара Махоўскага беларуская i расейская эканомiкi вельмi розныя па тыпу: расейская – сыравiнная, беларуская вытварае канчатковы прадукт. Таму, лiчыць эканамiчны аглядальнiк "БДГ", ёсьць толькi два варыянты: цi беларуская эканомiка робiцца часткаю расейскай, яе "зборкавым цэхам", як то было ў СССР, цi яны функцыянуюць незалежна адна ад адной. Усе спробы стварыць нешта сярэдняе сканчаюцца нiчым.

На мiнулым тыднi Лукашэнка казаў, што згодны падпiсаць нават гэтую дамову, якую ён назваў сьмяхоцьцем, але пры ўмове, што Расея выканае свае абавязкi перад Беларусьсю, у прыватнасьцi, забясьпечыць роўныя ўмовы гаспадараньня. Але ў праграме захадаў па рэалiзацыi палажэньняў дамовы стварэньне роўных умоваў аднесена на 2001 год.

Андрэй Махоўскi лiчыць, што гэтыя роўныя ўмовы бакi разумеюць па-рознаму: Лукашэнка разумее гэта , як роўныя цэны на энэрганосьбiты, расейцы – як роўныя стаўкi мыты й магчамасьцi для расейскiх капiталiстаў купляць беларускую маёмасьць гэтак жа, як яны купляюць расейскую.

Тацяна Калiноўская, аглядальнiца "Белорусского рынка", зьвярнула ўвагу на тое, што ў прапануемых iнтэграцыйных дакумэнтах даволi жорстка дэкляруецца стварэньне адзiнае мытнае прасторы, увядзеньне адзiных умоваў гандлю з трэцiмi краiнамi. Спадарыня Калiноўская заўважыла, што ў гэтым кiрунку было шмат зроблена й да гэтай дамовы. Расейцам ня вельмi даспадобы тое, што за кошт розьнiцы мытных ставак расейскi бюджэт губляе вялiкiя грошы. Нездарма Рыгор Яўлiнскi назваў Беларусь "чорнай дзiркаю". Таму Масква цiсьне на Менск, каб Беларусь уводзiла правiлы гандлю, iдэнтычная расейскiм. "Але расейскiя мыты ў цэлым нявыгодныя Беларусi", – лiчыць аглядальнiца "Белорусского рынка". Прычына тая ж: Расея – краiна з сыравiннаю арыентацыяй, Беларусь з'арыентавана на вытворчасьць канчатковага прадукту.

XS
SM
MD
LG