Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Праект дамовы аб утварэньні беларуска-расейскае хаўруснае дзяржавы, заклікі да абмеркаваньня якой гучаць у Маскве й Менску, ня ўтрымлівае палажэньня пра роўныя эканамічныя ўмовы для суб'ектаў гаспадараньня дзьвюх краінаў. Між тым, сярод інтэграцыйных ініцыятываў беларускага боку гэтае палажэньне ў апошні час мела прыярытэтнае гучаньне.

Адсутнасьць у эканамічнай частцы праекту беларуска-расейскае хаўруснае дамовы згадкі пра стварэньне роўных умоваў гаспадараньня выклікала неўразуменьне ў асяродзьдзі некаторых айчынных аналітыкаў і гаспадарнікаў. Гаворыць дырэктар Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі ў пытаньнях эканомікі Юры Шманенка.

(Шманенка: ) "Я ня сумняваўся, што гэты пункт патрапіць, таму што ў прынцыпе пра гэта ўжо гаварылася. Калі ствараецца хаўрусная дзяржава, у якой прадпрыемствы Беларусі й Расеі маюць розныя ўмовы, то што гэта за "Саюз"? Прамысловасьць, у прыватнасці, павінна працаваць па адных і тых жа правілах, каб ня было перавагаў пераліваньня капіталаў з аднае краіны ў другую".

Паводле агучанага варыянту дамовы, мэтаю эканамічнай інтэграцыі Беларусі й Расеі ў межах хаўруснае дзяржавы будзе стварэньне адзінай эканамічнай прасторы. У артыкуле 20 сьцьвярджаецца, што, каб стварыць гэтую прастору, дзяржавы-ўдзельніцы прымаюць узгодненыя захады па выраўнаньні макраэканамічных паказьнікаў і праводзяць адзіную структурную палітыку.

Апроч таго, у якасьці базавых прынцыпаў фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы праектам дамовы прадугледжана ажыцьцяўленьне адзінае палітыкі ў сфэры цэнаўтварэньня і ўкараненьне адзіных мэханізмаў у справе падаткаабкладаньня.

На думку незалежных аналітыкаў, эканамічная частка дакумэнту стваралася пад дыктоўку расейскага боку. Масква, як яны лічаць, уважліва прааналізавала, што такое "роўныя ўмовы" гаспадараньня ў разуменьні партнэра па інтэграцыі.

Не сакрэт, што гэтае разуменьне беларускага боку ў тым, каб атрымліваць з Расеі энэрганосьбіты па таннай цане, а таксама, каб карыстацца на расейскай тэрыторыі таннымі транспартнымі паслугамі. Уся астатняя эканамічная палітыка ў дачыненьні да суб'ектаў гаспадараньня, паводле меркаваньня беларускага кіраўніцтва, можа й не супадаць з расейскаю. Так бы мовіць, хаўрус дзьвюх эканамічных сыстэмаў.

Летась Аляксандру Лукашэнку такое разуменьне эканамічнай інтэграцыі ўдалося замацаваць на самым высокім узроўні. Нагадаю, 25 снежня з Барысам Ельцыным яны падпісалі адпаведнае міждзяржаўнае пагадненьне. Але яго практычная рэалізацыя, як стала бачна пазней, зайшла ў тупік. Масква ў хуткім часе пачала тарпэдаваць пагадненьне.

Асабліва рашучым магільшчыкам гэтых плянаў выступіў Уладзімер Пуцін. 8 верасьня ў Менску на паседжаньні Выканаўчага камітэту Беларусі й Расеі расейскі прэм'ер адмовіўся падпісваць праект дамоўленасьцяў у гэтым пытаньні.

Як вынікала зь ягоных тлумачэньняў, гэта заўчасная ідэя, якой маюць папярэднічаць іншыя інтэграцыйныя крокі ў эканамічнай сфэры.

Зьмест цяперашняе дамовы сьведчыць, што тут пазыцыя Пуціна аказалася вырашальнай. І гэта яшчэ адно тлумачэньне прычынаў халоднага стаўленьня Лукашэнкі да такога праекту будаўніцтва Беларусяй і Расеяй хаўруснае дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG