Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Сёньня апоўдні Лёнданскі Суд нарэшце прыняў доўгачаканую пастанову ў справе былога чылійскага дыктатара Піначэта. Пасьля двух тыдняў слуханьняў Суд вырашыў, што былы кіраўнік дзяржавы, гэнэрал і пажыцьцёвы сэнатар можа быць перададзены Гішпаніі, якая абвінаваціла яго ў гэнацыдзе сваіх грамадзянаў. Дараднік Піначэта Фэрнанда Барас заявіў, што адвакаты гэнэрала неадкладна пададуць апэляцыю і працэс можа працягвацца нават гадамі. Аднак сёньняшняе рашэньне Суду само ў сабе стварыла важны прэцэдэнт у міжнародным праве…

Пастанову Суду аб экстрадыцыі Піначэта мусіць яшчэ ўхваліць міністар нутраных справаў Джэк Строў. У адмысловай заяве адвакат гэнэрала Кліф Нікальс сьцьвердзіў, што ў сьвятле фактаў ягоны кліент ўсё роўна не вінаваты ў кампаніі тэрору супраць палітычных апанэнтаў.

Аднак праваабаронцы ў Лёндане, Гішпаніі ды Чылі ўжо сьвяткуюць перамогу справядлівасьці. Менавіта прэцэдэнтам ў пытаньні абароны правоў чалавека на наступнае тысячагодзьдзе пафасна назвала рашэньне Суду прадстаўнік "Amnesty International" Вірджынія Шопі.

Апошнімі днямі, шырака паведамляючы пра разьвіцьцё падзеяў у справе Піначэта, мы таксама былі пераканаыя, што гэта – незвычайная справа.

Вэрдыкту Суду з асаблівым хваляваньнем чакалі і прыхільнікі, і праціўнікі Піначэта, якія падзяліліся амаль напалоў. Ягоныя прыхільнікі, у тым ліку былы прэм'ер Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр эмацыйна даводзілі, што Піначэт нікога не катаваў і не даваў такіх загадаў, што яму нельга нічога даводзіць – ён абараніў краіну перад камунізмам і хаосам, аднавіў парадак, падняў эканоміку, вярнуў Чылі на шлях разьвіцьця й прагрэсу. Судзіць яго можа толькі ўласны народ і ніхто іншы. Затрыманьне былога кіраўніка краіны й сэнатара, які карыстаецца імунітэтам – гэта зьнявага для сувэрэнітэту краіны. Урэшце рэшт –гэта 83-гадовы, хворы чалавек, які павінен дажываць свае дні на Радзіме. Прыблізна такія аргуманты ўжывалі адвакаты й прыхільнікі Піначэта.

Аднак ня менш пераканўча даводзілі свой пункт погляду праціўнікі гэнэрала. Яны зьвярталі ўвагу на акалічнасьць, што з часу Нюрэнбэрскага працэсу над нацыстамі амаль ўсе краіны сьвету прынялі канвэнцыі ў справе гэнацыду.

Шэраг краінаў падпісалі таксама канвэнцыю ў справе катаваньня людзей і ўсе ўхвалялі прынцып, згодна якому нормы міжнароднага права маюць вяршынства над дзяржаўнымі межамі й сувэрэнітэтам краінаў.

Ніхто, у тым ліку кіраўнік дзяржавы не можа бязпакарана зьнішчаць сваіх грамадзянаў і захінацца законамі сваёй краіны, якія неаднойчы сам ухваліў. Піначэт – не палітычны вязень і не ахвяра нейкае змовы левых сілаў – даводзілі ягоныя праціўнікі. – Ён быў зарыштаваны не за свае палітычныя погляды і не за тое, што ён некага асабіста забіў або катаваў.

Асабіста не рабілі гэтага а ні Ленін, а ні Гітлер, а ні Сталін і нават не Пол Пот. Кроў на руках-гэта мэтафара, якая разумеецца "кроў на сумленьні". Піначэт быў усеўладным кіраўніком дзяржавы ў часе, калі загінулі 17 тысячаў чалавек, сапраўдных і ўяўных апанэнтаў рэжыму.

Піначэт мусіў ухваляць тыя мэтоды расправы над іншадумцамі, якія ўжывалі ягоныя руплівыя службы. Ён мог не даваць загаду цкаваць вязьняў сабакамі або паралізаваць электрычнасьцю, мог не загадваць выкрадаць чалавека, але ня мог ня ведаць, што робіцца ў краіне. Усе жудасьці, якія цяпер яму закідваюцца, адбывалася пры ім, а гэта значыць, што ён нясе за гэта адказнасьць.

Як гаварылася ў самым пачатку, не падлягае сумневу, што гэта яшчэ не канец справы Піначэта. Судовая цяганіна можа працягвацца бясконца, і старому чалавеку можа не хапіць жыцьця, каб дачакацца канчатковага прысуду.

Ніхто ня ведае, які будзе гэты канчатковы прысуд, але нешта надзвычай важнае ўжо здарылася. Міжнародная супольнасьць перастала абмяжоўвацца рэзалюцыямі, але дзейна выступіла ў абарону правоў чалавека ў Руандзе, Югаславіі, Іраку, Усходнім Тыморы.

Тромстам высокім чыноўнікам белградзкага рэжыму забаронены ўезд у краіны Эўрапейскага Зьвязу. Такімі ж пракажонымі міжнародная супольнасьць лічыць Аляксандра Лукашэнку і ягоную хэўру.

Прэзыдэнт Югаславіі Мілошэвіч, былыя афрыканскія дыктатары Ідзі Амін і Мэнгісту Марыям, кубінскі дыктатар Фідэль Кастра, як дарэчы й гэнэрал Піначэт дагэтуль свабодна падарожнічалі па сьвеце і ніхто не асьмеліўся затрымаць іх.

Зараз сытуацыя зьмянілася. Усе былыя і цяперашнія дыктатары, тыраны й ваенныя злачынцы ня мусяць быць арыштаваныя адразу. Яны могуць у сваіх краінах дажыць нават да канца сваіх дзён без суду, але бясьпекі й спакойнага сну ўжо ня могуць быць пэўныя.

XS
SM
MD
LG