Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Расейскія ваенныя прызналі, што колькасьць ахвяраў новае чачэнскае вайны значна большая, чым паведамлялася раней. На сёняшні дзень расейскія войскі страцілі 125 чалавек загіблымі й каля 400 параненымі. Якая ж стратэгія расейскай апэрацыі ў Чачні і ці мае яна шанцы на посьпех?

Пакуль плян расейскага кіраўніцтва не прадугледжвае франтальнага наступу на Грозны. Федэральныя войскі выйшлі на бераг ракі Церак і атрымалі каманду замацавацца там. У паўночнай частцы Чачні мяркуецца стварыць нешта накшталт узорнай рэспублікі, якая хаця б на такой урэзанай тэрыторыі вернецца да нармальнага жыцьця. Тут Масква хоча наладзіць магчымасьць лячыцца і вучыць дзяцей, забясьпечыць людзей працай, аднавіць расейскія законы. Для гэтага знойдзеныя ўжо і адпаведныя выканаўцы.

Старшыня альтэрнатыўнае Дзяржаўнае Рады Чачні Малік Сайдулаеў, абраны гэтак званым парлямантам 96-га году, рэкамендаваны гэтым ворганамм на пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта Расеі ў Чачні. Сёньня на прэсавай канферэнцыі ён заявіў, хто вельмі хутка накіруецца на тэрыторыю Чачні, праўда, не сказаў, куды канкрэтна.

Прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін ужо прапанаваў пераехаць на занятую расейскімі войскамі тэрыторыю паўночнае Чачні 150 тысячам уцекачам, якія зараз пакінулі сваё жытло. Але, да прыкладу, газэта "The Washington Post" расцаніла гэтую прапанову як "аддаленае рэха сталінскага перасяленьня чачэнцаў 55 гадоў таму".

Сапраўды, цяжка ўявіць, як добраахвотна атабарацца на новым мейсцы вясковыя людзі, патрыярхальна прывязаныя да сваіх дамоў і паселішчаў. Да таго ж, ніхто не патлумачыў, чым будуць займацца горныя чачэнцы на раўнінай мяйсцовасьці левабярэжнага Цераку.

Акрамя таго, экспэрты выказваюць сумневы, ці здолее сучасная расейская армія строга вытрымліваць буфэрную зону паміж занятай імі тэрыторыяй паўночнай Чачні. Брытанская "The Independent" нагадвае, што ў паўднёвым Ліване навучаныя і добра дысцыплінаваныя ізраільскія войскі ня здолелі спыніць спусташальныя тэрарыстычныя рэйды групоўкі "Хэзбалах", якая налічвае ўсяго 600 чалавек.

Чачэнцы ж, паводле некаторых дадзеных могуць мабілізаваць каля 50 тысячаў чалавек. Ускосным падцьверджаньнем марнасьці расейскае стратэгіі могуць служыць сёньняшнія паведамленьні аб жорсткіх баях. Чачэнцы атакавалі расейскія пазыцыі каля вёскі Ічэрская, і потым вярнуліся на правы бераг Цераку.

Тым часам новая чачэнская вайна сустракае ўсё большае непрыняцьце як у самой Расейскае Фэдэрацыі, так і за мяжою. Прэзыдэнт Башкартастану заклікае неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні ў Чачні і пачаць дыялёг з канструктыўнымі сіламі рэспублікі.

Рахімаў лічыць, што прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў нясе адказнасьць за тое, што ня здолеў нэйтралізаваць тэрарыстаў. Рахімаў кажа, аднак, што аб'яўленьне Масхадавым ваеннага становішча й заклік да газавату – памылка ня толькі прэзыдэнта Чачні, але й вынік непрадуманае рэгіянальнае палітыкі Масквы.

ЭўраЗьвяз учора выказаў глыбокую заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту, становішчам уцекачоў і прапанаваў Маскве пачаць перамовы з памяркоўнымі лідэрамі Чачні.

На гэта адразу ж адрэагаваў міністар замежных справаў Ігар Іваноў, які заявіў, што Расея выступае супраць міжнароднага пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні канфлікту ў Чачні. Паводле Іванова, Масква хоча знайсьці палітычнае разьвязаньне канфлікту, але мае намер працягваць ваенныя апэрацыі супраць экстрэмістаў.

XS
SM
MD
LG