Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Некалькі дзён таму мы паведамлялі ўжо пра ліст 8 магілёўскіх будаўнікоў да мітрапаліта Філарэта з просьбаю кананізаваць Аляксандра Лукашэнку. На гэты неардынарны факт зьвярнуў сваю увагу ўплывовы часопіс "Economist". "Аўтакратычны, самаўтрапёны, паранаідальны, грубы й нестабільны – гэта толькі некаторыя са словаў, якімі часам апісваюць Аляксандра Лукашэнку, – піша "Economist". – Але сьвяты???"

Брытанскае выданьне прыводзіць вытрымкі з пасланьня будаўнікоў мітрапаліту: "Паколькі з апошніх выступаў Лукашэнкі вынікае, што ў краіне ўсе сталі нядобрымі людзьмі, то ў Беларусі застаецца толькі адзін бязгрэшны, прыстойны й сумленны чалавек – гэта грамадзянін Аляксандар Лукашэнка".

Схаваўшы фігу ў кішэні, рабочыя працягваюць: "Просiм, каб па заканчэньнi жыцьцёвага шляху раба Божага Аляксандра мошчы яго былi пахаваныя на мяжы Расеi i Беларусi з усталяваньнем чыгуннага праваслаўнага крыжа там, дзе былыя прэзыдэнт i старшыня ўраду Расеi Чарнамырдзiн прыбiралi памежны слуп".

Лукашэнка на ліст пакуль аніяк не рэагаваў. Але ўлічаючы лёс найбольш сур'ёзных крытыкаў кіраўніка дзяржавы, для 8 жартаўнікоў было б лепш пазьбягаць самотных шпацыраў у цёмны час сутак, – піша "Economist", узгадваючы пра зьнікненьне Ганчара, Віньнікавай і Захаранкі.

Часопіс піша таксама пра закрыцьцё газэты "Навіны" і канфіскацыю кампутараў у офісе "Вясны-96". "Але ўсё гэта было ледзь заўважана за межамі Беларусі. Расейскія журналісты, якія яшчэ сочаць за беднай Беларусьсю, мусіць, былі занятыя чымсьці іншым", – адзначае "Economist".

XS
SM
MD
LG